Беларускі вучоны ў галіне стаматалогіі Эдуард Міхайлавіч Мельнічэнка нарадзіўся ў Віцебску ў сям'і ваеннаслужачага. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў Брэсцкім медыцынскім вучылішчы, якое скончыў у 1958 г. У 1958–1961 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі паступіў на стаматалагічны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. Паспяхова скончыўшы інстытут у 1966 г., Э. М. Мельнічэнка працаваў урачом, з 1967 г. – галоўным урачом 6-й стаматалагічнай паліклінікі Мінска. З 1969 па 1972 г. ён вучыўся ў аспірантуры пры кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту Цэнтральнага інстытута ўдасканалення ўрачоў у Маскве. Потым працаваў асістэнтам кафедры тэрапеўтычнай стаматалогіі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (МДМІ). Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Состояние слизистой оболочки полости рта у детей при гриппе, парагриппе, аденовирусной инфекции и герпесе». У 1973 г. яму прысуджана вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук. У 1976–1979 гг. быў загадчыкам курса дзіцячай стаматалогіі ў інстытуце, адначасова з'яўляўся галоўным дзіцячым стаматолагам Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1979 г. Э. М. Мельнічэнка ўзначаліў упершыню арганізаваную кафедру стаматалогіі дзіцячага ўзросту МДМІ, на якой вялася падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў рэспубліцы. У 1987 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Рецидивирующий герпетический стоматит у детей», а праз год яму прысуджана вучоная ступень доктара медыцынскіх навук і прысвоена званне прафесара.
Круг навуковых інтарэсаў Э. М. Мельнічэнкі быў незвычайна шырокі і датычыўся розных пытанняў дзіцячай стаматалогіі. Вучоны даказаў этыялагічную ролю віруса простага герпесу пры стаматыце. Ён вызначыў дыягнастычныя прыкметы вострага афтознага і герпетычнага стаматыту ў дзяцей, якія сталі важнымі ў распрацоўцы раздзелаў тэарэтычнай і клінічнай стаматалогіі. На падставе даследаванняў было прапанавана комплекснае этыяпатагенетычнае лячэнне рэцыдыву герпетычнага стаматыту ў залежнасці ад формы яго цяжкасці і даказана неабходнасць і эфектыўнасць праграмы рэабілітацыйных мерапрыемстваў. Вучоны вывучаў саматычныя захворванні ў дзяцей пры розных станах (цукровы дыябет, гастрыт, захворванні нырак, востры лімфабластны лейкоз, парушэнне згусання сістэмы крыві, парушэнне развіцця інтэлекту, наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС і інш.). З'яўляючыся на працягу 27 гадоў галоўным дзіцячым стаматолагам Міністэрства аховы здароўя Беларусі, Э. М. Мельнічэнка шмат зрабіў для паляпшэння дзіцячай стаматалагічнай дапамогі і прафілактыкі стаматалагічных захворванняў. У 1988 г. у 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска было адкрыта стаматалагічнае аддзяленне, якое стала Рэспубліканскім цэнтрам па дзіцячай сківічна-тваравай хірургіі. З 1990 г. на Мазырскім солевыварочным камбінаце пачата прамысловая вытворчасць фтарыраванай солі – асноўнага сродку па прафілактыцы карыесу зубоў у жыхароў Беларусі. Вялікую ўвагу Э. М. Мельнічэнка надаваў укараненню новых тэхналогій у вучэбны працэс, а таксама ў дыягностыку, прафілактыку і лячэнне стаматалагічных захворванняў. Былі наладжаны цесныя кантакты з навукоўцамі-клініцыстамі Германіі, Канады, Францыі і інш. Вучоны з'яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых работ, 2 вынаходніцтваў і 10 рацыяналізатарскіх прапаноў. Глабальныя праблемы былі адлюстраваны ў такіх працах, як «Заболевания пародонта и слизистой оболочки полости рта у детей» (у суаўтарстве, 1983), «Вирус простого герпеса и его роль в патологии человека» (у суаўтарстве, 1986), «Стоматологические заболевания и пути их предупреждения» (1987), «Профилактика стоматологических заболеваний» (1990), «Диагностика и лечение стоматитов у детей, больных острым лимфобластным лейкозом» (у суаўтарстве, 1995), «Клинико-лабораторная диагностика состояния здоровья полости рта у детей, проживающих в районах радиоактивного загрязнения и организация профилактики стоматологических заболеваний» (у суаўтарстве, 1997), «Реставрация зубов у детей и подростков» (у суаўтарстве, 2000), «Пульпотерапия у детей и подростков: современные подходы» (у суаўтарстве, 2001) і інш.
Таксама Э. М. Мельнічэнка вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Ён быў вучоным сакратаром і намеснікам старшыні праўлення Рэспубліканскага навуковага таварыства стаматолагаў, членам праўлення і прэзідыума Усесаюзнага таварыства стаматолагаў , прэзідэнтам Беларускай асацыяцыі стаматолагаў, галоўным рэдактарам часопіса «Современная стоматология», членам Цэнтральнай вучэбна-метадычнай камісіі па вышэйшай медыцынскай адукацыі Міністэрства аховы здароўя СССР, членам Экспертнага Савета па ахове здароўя Дзяржаўнага камітэта па навуцы і новых тэхналогіях, членам спецыялізаванага Савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, членам Рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі ўрачоў-стаматолагаў Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Больш за 30 гадоў жыцця Э. М. Мельнічэнка прысвяціў медыцынскай, навуковай, педагагічнай і грамадскай дзейнасці. У 1997 г. ён атрымаў званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Вучоны быў узнагароджаны ганаровымі граматамі, значком «Выдатнік аховы здароўя СССР», медалём «Ветэран працы».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.