Краткая справка:
графіня Эрыванская, княгіня Варшаўская, жонка Ф.І. Паскевіча – уладальніка Гомеля, якая большую частку жыцця правяла ў Гомелі і славілася дабрачыннымі справамі, аўтар першага перакладу рамана Л.М. Талстога "Вайна і мір" на французскую мову
Фамилия в девичестве:
Варанцова-Дашкава
Варианты имени:
Варанцова-Дашкава Ірына Іванаўна; Паскевіч-Эрыванская Ірына Іванаўна
Имена на других языках:
Воронцова-Дашкова Ирина Ивановна (русский); Паскевич Ирина Ивановна (русский); Паскевич-Эриванская Ирина Ивановна (русский);
5977 символов
Справка
Жыццё і дзейнасць Ірыны Іванаўны Паскевіч, графіні Эрыванскай, Святлейшай княгіні Варшаўскай непарыўна звязаны з гісторыяй Гомеля. Менавіта гэта жанчына, якую і сёння называюць апошняй гомельскай княгіняй, унесла вялікі ўклад у развіццё прамысловасці, аховы здароўя, народнай асветы і культуры горада.
Яна нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і графа Івана Іларыёнавіча Варанцова-Дашкава. Маці, Аляксандра Кірылаўна, паходзіла са старажытнага дваранскага роду Нарышкіных. Ірына атрымала выдатную хатнюю адукацыю, ведала некалькі замежных моў, добра малявала, рабіла цудоўныя вышыўкі. У 1852 г. стала жонкай князя Фёдара Іванавіча Паскевіча, сына выдатнага расійскага палкаводца Івана Фёдаравіча Паскевіча-Эрыванскага. Маладыя пасяліліся ў асабняку на Англійскай набярэжнай у Санкт-Пецярбургу. Дом Паскевічаў наведвалі сваякі, сябры, пісьменнікі і паэты. Асаблівай папулярнасцю ў гасцей карысталіся тэатральныя вечары, дзе ставіліся аматарскія спектаклі, у якіх прымала ўдзел і гаспадыня.
У 1856 г. памерлі бацькі Ф.І. Паскевіча. Фёдар Іванавіч атрымаў у спадчыну каля сотні маёнткаў, фальваркаў, сядзіб і хутароў у Гомельскім павеце, а таксама палову Гомеля. У 1866 г. князь Паскевіч выйшаў у адстаўку і разам з жонкай пасяліўся ў Гомелі. Князь Паскевіч з’яўляўся ганаровым міравым суддзёй Магілёўскай губерні і шмат часу прысвячаў сваім абавязкам. У 1870 г. у Добрушы, які таксама належаў Паскевічам, пачало дзейнічаць прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны. У хуткім часе тут сталі вырабляць паперу. Дзякуючы намаганням выбітнага інжынера А.І. Стульгінскага фабрыка мела самае лепшае абсталяванне і ў 1882 і 1898 гг. яе прадукцыя прызнавалася найлепшай ва ўсёй Расійскай Імперыі. У 1895 г. на прадпрыемстве быў уведзены васьмігадзінны працоўны дзень. Работнікі фабрыкі забяспечваліся жыллём, на тэрыторыі прадпрыемства размяшчаўся прадуктовы склад, дзейнічалі бальніца, аптэка, двухкласнае фабрычнае вучылішча. Дзякуючы намаганням княгіні Паскевіч рабочыя фабрыкі і жыхары вакольных вёсак атрымлівалі бясплатную медыцынскую дапамогу, а іх дзеці – адукацыю.
Свой вольны час І. Паскевіч прысвячала літаратурнай дзейнасці: напісала некалькі апавяданняў і навел, займалася перакладамі. У 1873 г. у Францыі пад псеўданімам “Unе russе” (“Адна руская”) быў надрукаваны раман Л. Талстога “Вайна і мір”. Аўтарам перакладу з’яўлялася І. Паскевіч. У 1877 г. у яе перакладзе на французскую мову пабачыў свет раман Л. Талстога “Сямейнае шчасце” (надрукаваны пад назвай “Маша”). У 1879 г. раман “Вайна і мір” у перакладзе І. Паскевіч быў выдадзены другі раз. Гэту працу высока ацаніў рускі пісьменнік І. Тургенеў. Літаратуразнаўцы лічаць, што менавіта праца княгіні Паскевіч была выкарыстана для перакладаў рамана на англійскую, венгерскую, галандскую, польскую і турэцкую мовы.
Ідэі Л. Талстога аб спагадзе, дабрыні і міласэрнасці знайшлі водгук у сэрцы княгіні Паскевіч. Першае ўпамінанне аб яе дабрачыннай дзейнасці адносіцца да 1867 г., калі І. Паскевіч пачала штомесяц выдаткоўваць па 10 рублёў серабром для бясплатнага жаночага вучылішча. З кожным годам ўсё больш часу княгіня прысвячала справам дабрачыннасці і міласэрнасці, клапацілася пра дзяцей, састарэлых, хворых і нямоглых. На ўласныя сродкі І. Паскевіч утрымлівала прытулкі для дзяўчынак-сірот, пажылых жанчын і беспрытульнікаў, адкрыла ў Гомелі мужчынскую класічную гімназію, салон па вывучэнні музыкі і спеваў. У вёсках Студзёная Гута, Прыбар, Давыдаўка і Заліп’е пабудавала і ўтрымлівала школы для дзяцей сялян, аказвала матэрыяльную дапамогу іншым навучальным установам Гомеля і Добруша, лепшым вучням давала магчымасць атрымаць прафесію. Пасля смерці мужа ў 1903 г. І. Паскевіч самастойна валодала ўсёй сямейнай маёмасцю, і спіс яе дабрачынных спраў значна пашырыўся. Яна фінансавала будаўніцтва лячэбніцы хвароб вачэй у Гомелі, ахвяравала грошы на ўтрыманне Гомельскага гарадскога прыёмнага пакоя, выдзеліла грошы на будаўніцтва уезднай земскай бальніцы, выдаткавала больш за 250 тыс. рублёў на будаўніцтва нейрахірургічнай клінікі імя М.І. Пірагова ў Санкт-Пецярбургу. Медыцынскую дапамогу насельніцтву Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерній аказвалі выдатныя дактары А.Я. Брук, Н.І. Аляксандраў, М.М. Старобінскі, І.І. Вольскі і інш.
Княгіня Паскевіч акзвала фінансавую дапамогу таленавітай моладзі: асігнавала 10 тыс. рублёў на стыпендыю імя А.І. Стульгінскага ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, штогод выдзяляла сродкі на ўтрыманне каля трох дзясяткаў лепшых навучэнцаў адукацыйных устаноў г. Гомеля. У 1907 г. на сродкі, атрыманыя ад І. Паскевіч, у горадзе былі пабудаваны водаправод, дзве пажарныя вышкі, каменны будынак для рамесных класаў мужчынскага прыходскага вучылішча. У 1912–1913 гг. на сродкі ўладальніцы Гомеля вялося будаўніцтва гінекалагічнай бальніцы і радзільнага дома (архітэктар С.Д. Шабунеўскі). У час Першай сусветнай вайны будынкі раддома, земскай бальніцы і лячэбніцы вачэй былі ператвораны ў ваенныя шпіталі. Усе выдаткі па іх утрыманні ўзяла на сябе І. Паскевіч. Словы ўдзячнасці ўладальніцы Гомеля за выдатную арганізацыю догляду за параненымі воінамі асабіста выказваў імператар Мікалай ІІ.
У лістападзе 1917 г. княгіня Паскевіч перадала ўсю сваю маёмасць і ўладанні “працоўнаму народу” і пасялілася ў невялікай кватэры непадалёк ад палаца. Да апошніх дзён ёй дапамагалі простыя людзі, якім у свой час дапамагала І. Паскевіч. У сучасным Гомелі назву "Ірынінская" носяць гімназія і адна з вуліц, у горадзе ўстаноўлены помнік І. Паскевіч (скульптар Д. Папоў). У ліпені 2003 г. па ініцыятыве Гомельскай епархіі ля сцен Петрапаўлаўскага сабора (на месцы верагоднага пахавання княгіні) быў адкрыты помнік-бюст (аўтар В. Далгоў). Партрэт І. Паскевіч, створаны вядомым мастаком У. Савічам, упрыгожвае залу ўрачыстых пасяджэнняў Гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў. У маі 2019 г. ля будынка палаца з’явіліся саджанцы бэзу сорта “Княгіня Ірына”, выведзенага селекцыянерамі Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.