Краткая справка:
вучоны ў галіне нейрахірургіі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994), прэміі НАН Беларусі (2005, 2008), выдатнік аховы здароўя Беларусі і СССР, кавалер ордэна Айчыны ІІІ ступені (2014), ганаровы грамадзянін г. Мар'іна Горка і Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці
Имена на других языках:
Смеянович Арнольд Фёдорович (русский);
4235 символов
Справка
Вядомы вучоны, нейрахірург Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч нарадзіўся ў г. Бранск (Расія) у сям’і ваеннаслужачага. Пасля заканчэння Пухавіцкай сярэдняй школы паступіў на лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. З 1960 па 1963 г. быў урачом-хірургам Дрыбінскай участковай бальніцы (Горацкі раён Магілёўскай вобласці). У 1963 г. пераехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць урачом-нейрахірургам Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Пад кіраўніцтвам прафесара Э.І. Злотніка, заснавальніка беларускай нейрахірургічнай школы, А.Ф. Смеяновіч праводзіў спачатку простыя, потым больш складаныя аперацыі, адначасова займаўся навуковай дзейнасцю. У 1971 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сравнительная оценка методов определения коллатерального кровообращения в полушарии мозга при пальцевой окклюзии сонной артерии». З 1975 г. ён старшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Распрацоўваў методыку па выдаленні неўрыномы (дабраякаснай пухліны) слыхавога нерва. Сабраныя матэрыялы сталі асновай доктарскай дысертацыі «Микронейрохирургия неврином слухового нерва», якую вучоны абараніў у 1981 г. У 1989 г. А.Ф. Смеяновіч узначаліў нейрахірургічны аддзел, у 1998–2005 гг. быў дырэктарам інстытута (з 2005 г. Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь). У 1993 г. А.Ф. Смеяновіч стаў прафесарам. У 2004 г. быў выбраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, у 2009 г. атрымаў званне акадэміка.
Пад кіраўніцтвам А.Ф. Смеяновіча праводзілася вялікая практычная і навуковая работа: распрацоўваліся метады дыягностыкі і мікрахірургічнага лячэння грыж паяснічных міжпазванковых дыскаў і паяснічнага стэнозу, нервовай і мышачнай пластыкі для аднаўлення функцый верхняй канечнасці пры пашкоджанні плечавога спляцення, лячэння абсцэсаў галаўнога мозга і інш. За даследаванні па праблеме дыягностыкі і лячэння неўралагічных праяўленняў астэахандрозу пазваночніка калектыву вучоных нейрахірургічнага аддзела і яго кіраўніку была прысуджана ў 1994 г. Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь. За гады работы А.Ф. Смеяновіч падрыхтаваў шмат высокапрафесійных урачоў-нейрахірургаў, а таксама спецыялістаў у дыягностыцы нейрахірургічнай паталогіі. У 2000 г. арганізаваў і ўзначаліў курс нейрахірургіі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Сярод яго вучняў – прафесары Ю.Г. Шанько і Л.Р. Пятрова, доктар медыцынскіх навук Р.Р. Сідаровіч, дацэнт А.Л. Танін і інш. Вынікамі даследаванняў вучонага сталі шматлікія навуковыя працы, прысвечаныя пытанням пухлін галаўнога мозга, анеўрызмаў сасудаў галаўнога мозга, траўматычных пашкоджанняў перыферычных нерваў. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 400 работ, у тым ліку 5 манаграфій, 21 аўтарскага вынаходства і патэнта. У суаўтарстве напісаны працы «Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва» (1978), «Артериовенозные мальформации задней черепной ямки» (2000), «Диагностика и хирургическое лечение субтенториальных околостволовых менингиом» (2005), «Альдегиды в пластичной хирургии» (2012) і інш. Пад кіраўніцтвам А.Ф. Смеяновіча выдадзены шэсць выпускаў зборніка «Актуальные проблемы неврологии и нейрохирургии». За цыкл работ па распрацоўцы новых прынцыпаў і мікранейрахірургічных тэхналогій лячэння пухлін асновы чэрапа вучонаму была прысуджана прэмія НАН Беларусі (2005, 2008). Навуковая дзейнасць А.Ф. Смеяновіча вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Ён выступаў з дакладамі на з’ездах нейрахірургаў Расіі і Украіны, удзельнічаў у шматлікіх сусветных форумах і еўрапейскіх кангрэсах (Германія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Егіпет).
У 1998 г. А.Ф. Смеяновіч стаў заслужаным дзеячам навукі Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені (2014), знакамі «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» (1998) і «Отличнику здравоохранения СССР» (1984), Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і інш. У 2002 г. вучонаму прысвоена званне «Мінчанін года» (2002). Ён з’яўляецца ганаровым грамадзянінам г. Мар’іна Горка (2002) і Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці (2011).