Сярод прадстаўнікоў беларускага мастацтва, якія воляю лёсу апынуліся за межамі Бацькаўшчыны, вылучаецца імя таленавітага музыканта, педагога, піяніста і кампазітара першай паловы XX ст. Яна (Івана Аляксеевіча) Тарасевіча, да апошняга часу малавядомае грамадскасці.
Нарадзіўся будучы кампазітар у г. Саколка (Падляскае ваяводства, Польшча). Яго бацька Аляксей Андрэевіч Тарасевіч, дваранін Мінскай губерні, быў храбрым афіцэрам, узнагароджваўся шматлікімі ордэнамі. Маці Марыя Іосіфаўна Кушаль – шляхцянка Гродзенскай губерні. Адукацыю хлопчык атрымаў спачатку хатнюю, якая ўключала на той час і музычную. Бацькі памерлі, калі Ян быў яшчэ маленькім, прычым памерлі амаль адначасова. Апекуны аддалі хлопчыка ў кадэты. У Полацкім кадэцкім корпусе, дзе вучыўся Я. Тарасевіч, прыхільна ставіліся да мастацкага выхавання. Ян працягваў займацца музыкай, дасягнуў значных поспехаў у ігры на фартэпіяна, выступаў у канцэртах, спрабаваў самастойна пісаць музыку. У семнаццаць год ён паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю на фартэпіянны факультэт, а пасля яго заканчэння ў 1912 г. – на кампазітарскае аддзяленне гэтай установы. У час вучобы ў кансерваторыі значна пашырылася кола знаёмых Я. Тарасевіча ў музычным асяроддзі. Яго талент бліскучага піяніста і кампазітара звярнуў на сябе ўвагу С. Рахманінава і Я. Сібеліуса. У 1915 г. Я. Тарасевіча прызвалі на вайсковую службу і адправілі на фронт. Ён быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Пасля рэвалюцыі вярнуўся дадому, у маёнтак Шындзель Сакольскага павета Гродзенскай губерні, які атрымаў у спадчыну ад апекуноў. У 1919 г. з-пад пяра кампазітара выйшлі дзевяць твораў на словы беларускіх паэтаў: рамансы на словы М. Багдановіча “Песня” (“Даўно ўжо целам я хварэю…”) і “Асенняя песня” (“Плакала лета, зямлю пакідаючы…”), харавыя творы на словы Я. Коласа і Ф. Багушэвіча. У 1920-я гады ён напісаў і адзін з першых сваіх фартэпіянных твораў “Беларускую фантазію”, арыентаваную на фальклор Сакольшчыны. Фартэпіянная музыка стала сапраўднай стыхіяй творчасці кампазітара.
У 1921 г. у выніку Рыжскага мірнага дагавора Я. Тарасевіч, не пакідаючы радзімы, апынуўся ў межах новай для сябе дзяржавы. Яго рамантычна-ўзнёслыя, поўныя задушэўнага лірызму і тонкіх музычных адценняў творы не адпавядалі запатрабаванням часу, арыентаванаму на песні-гімны і песні-змаганні. Піяніст, які мог зрабіць, як сведчылі яго сябры, выдатную кар’еру сусветнага маштабу, амаль цалкам спыніў канцэртную дзейнасць, зрэдку выступаў у дабрачынных канцэртах. Свае творы ён пачаў пісаць… у стол. У 1930-х г. па просьбе Беларускага таварыства ў Вільні Я. Тарасевіч ажыццявіў музычную фальклорную экспедыцыю, але зборнік, выдадзены па выніках гэтай вандроўкі, не захаваўся. Верагодна, матэрыялы экспедыцыі былі ўвасоблены ў творах кампазітара.
З 1945 г. Я. Тарасевіч жыў у Беластоку. Працаваў у музычнай школе. Сярод яго вучняў былі А. Чэрапіньскі, доктар мастацтвазнаўства ў галіне дойлідства, і Е. (Ю.) Максымюк, дырыжор з сусветным імем, піяніст і кампазітар. Менавіта А. Чэрапіньскі збярог рукапісы свайго настаўніка і перадаў іх згодна з яго воляй у Беларусь. Польскі перыяд творчасці Я. Тарасевіча-кампазітара быў плённы. Ён амаль не займаўся канцэртнай дзейнасцю, а больш пісаў. Захаваліся яго фартэпіянныя п’есы: дзіцячыя альбомы, дзве “Сюіты”, саната “Вялікі вальс”, цыклы прэлюдый, вальсаў, мазурак, эцюдаў, полькі, “Тарантэла”, рамансы і песні. Некалькі рамансаў і песень ён напісаў на ўласныя вершы. Але ніводны з гэтых твораў надрукаваны пры жыцці кампазітара не быў. Жанравы склад яго творчай спадчыны сведчыць аб прыхільнасці Я. Тарасевіча да музыкі заходнееўрапейскіх кампазітараў-рамантыкаў XIX ст., асабліва да творчасці Ф. Шапэна. Гэта перашкаджала яго творам канкурыраваць з прыярытэтнымі на той час авангарднымі пошукамі ў польскай музычнай культуры сярэдзіны XX ст. Даследчык жыцця і творчасці Я. Тарасевіча В. Скорабагатаў зазначыў: «Характарызуючы творчасць Яна Тарасевіча цалкам, можна канстатаваць, што хоць па мелодыцы, форме, гармоніі яго творы і знаходзяцца ў “старым рэчышчы”, рэчышчы рамантычнага веку, але па сваім духу яны імкнуцца да музыканцкай дасканаласці, да ўвасаблення ідэальных уяўленняў пра родную зямлю, прыроду, пра беларускі народ, часткай якога ён сябе лічыў. А гэтыя катэгорыі ніколі не перастануць быць сучаснымі, якому б часу яны не належалі»*.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.
* Скорабагатаў, В. Абышоўся без славы...: кампазітар Ян Тарасевіч / Віктар Скорабагатаў. Мінск, 2001. С. 49.