Краткая справка:
вучоны ў галіне сельскагаспадарчага машынабудавання, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік адукацыі Беларусі, кавалер ордэна Пашаны (2008), Францыска Скарыны (2014)
Имена на других языках:
Шаршунов Вячеслав Алексеевич (русский);
3128 символов
Справка
Выдатны вучоны ў галіне сельскагаспадарчага машынабудавання Вячаслаў Аляксеевіч Шаршуноў нарадзіўся 4 мая 1949 г. у вёсцы Круглоўка Руднянскага раёна Смаленскай вобласці (Расійская Федэрацыя). У 1971 г. скончыў факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі, Магілёўская вобласць). Пасля заканчэння вучобы працаваў інжынерам-кантралёрам Руднянскага раённага аддзялення Смаленскага абласнога вытворчага аб’яднання “Рассельгастэхніка”, потым майстрам участка механічнага цэха № 1 завода “Гомсельмаш”.
У 1973 г. В. А. Шаршуноў вярнуўся ў сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў асістэнтам, старэйшым выкладчыкам, дацэнтам, загадчыкам кафедры механізацыі жывёлагадоўлі і электрыфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. З 1992 г. прызначаны рэктарам акадэміі.
У час працы ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі В. А. Шаршуноў актыўна займаўся навуковай дзейнасцю ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Распрацоўваў навуковыя асновы ўкаранення ў сельскагаспадарчую вытворчасць шэрагу новых энерга- і рэсурсазберагальных безадходных тэхналогій і камплектаў машын для ўборкі, перапрацоўкі і выкарыстання ўраджаю сельскагаспадарчых культур на насенне і корм жывёлам. Удзельнічаў у распрацоўцы новых тэхналогій і абсталявання для даення і пярвічнай апрацоўкі малака. В. А. Шаршуноў з’яўляецца аўтарам больш за 400 навуковых і навукова-метадычных прац, мае 69 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Пад яго навуковым кіраўніцтвам абаронены 13 кандыдацкіх і 1 доктарская дысертацыя.
У 1990 г. В. А. Шаршунову было прысуджана званне доктара тэхнічных навук, у 1991 г. – званне прафесара. У 1992 г. вучоны быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі аграрных навук Беларусі, у 2003 г. – членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1995 г. В. А. Шаршуноў з’яўляўся начальнікам Галоўнага ўпраўлення кадраў і аграрнай адукацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, у 1997–1998 гг. – віцэ-прэзідэнтам Акадэміі аграрных навук Беларусі. У 2003 г. В. А. Шаршуноў прызначаны на пасаду рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.
Разам з пладатворнай навуковай дзейнасцю В. А. Шаршуноў прымае актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Беларусі. Вучоны выбіраўся дэпутатам у Вярхоўны Савет і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Працаваў намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу, намеснікам старшыні Дзяржаўнага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь. З 2007 г. В. А. Шаршуноў з’яўляецца старшынёй Прэзідыума Магілёўскага абласнога грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
Значны ўклад В. А. Шаршунова ў развіццё сельскагаспадарчага машынабудавання быў высока ацэнены дзяржавай. Вучоны ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь” (1998), узнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1999) і Ордэнам Пашаны (2008).