Васіль Мікалаевіч Бяляўскі нарадзіўся ў в. Крашына Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1970). Вучыўся ў Ф. Гумена, І. Сталярова. У 1945–1981 гг. працаваў ва ўстановах культуры Віцебска і Віцебскай вобласці: дырэктарам раённага Дома культуры, настаўнікам сярэдняй школы ў г. п. Багушэўск Сенненскага раёна, дырэктарам кінатэатра, у мастацка-вытворчых майстэрнях Мастацкага фонду Беларусі ў Віцебску. Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1980 г. У 1988 г. ён стаў членам Беларускага саюза мастакоў.
Як мастак В. Бяляўскі працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Сярод яго работ маюцца тэматычныя кампазіцыі на тэмы Вялікай Айчыннай вайны “Агонь на сябе” (1974), “Месцы партызанскай славы” (1977), “Сустрэча воінаў Савецкай Арміі з партызанамі” (1980), “Курган партызанскай славы” (1981), “Раны зямлі” (1990) і іншыя; на тэмы сучаснасці – “Меліяратары” (1971), “Начная змена” (1976) і іншыя; пейзажы “Залатая восень” (1973), “Лучоса” (1976), “Майскі снег” (1978), “Вясенні пейзаж” (1979), “Рэчка Ціхая” (1982), “Раніца” (1983), “Перад захадам” (1984) і іншыя; партрэты “Партрэт брыгадзіра” (1970), “Партрэт Героя Сацыялістычнай Працы Г. Я. Рамчанкі (1971), “Медсястра” (1973); нацюрморты.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.