Дата рождения:
26.01.1954 Станькава, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
16.01.2012
Краткая справка:
скульптар, майстар гарадской скульптуры, аўтар шэрага вядомых кампазіцый у гарадах Беларусі
Имена на других языках:
Zhbanau Uladzimir Ivanavitch (английский); Жбанов Владимир Иванович (русский);
2849 символов
Справка
Так склалася гістарычна, што гарадская і паркавая скульптура Мінска да нядаўняга часу была вельмі аднастайнай. Беларускай сталіцы не хапала яркіх, запамінальных, непаўторных пластычных акцэнтаў, якія не толькі ўпрыгожваюць горад, але і ствараюць у ім своеасаблівую атмасферу. Скульптуры Уладзіміра Іванавіча Жбанава выдатна ўпісаліся ў сучасную панараму сталіцы.
Дзякуючы выкладчыкам А. Анікейчыку, Г. Мурамцаву і З. Азгуру студэнт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута У. Жбанаў захапіўся жанравай скульптурай. Пасля заканчэння вучобы малады мастак быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу і ў складзе адной з паветрана-дэсантных дывізій апынуўся ў Афганістане. Гэты адрэзак часу паўплываў на яго творчасць: У. Жбанаў стварыў помнік віцебскім воінам-інтэрнацыяналістам, жыхарам вёскі Урыцкае на Гомельшчыне, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і інш. Сярод асноўных прац гэтага перыяду – манументальныя і станкавыя скульптуры, дробная пластыка: “Вяснянка”, “Мы наш, мы новы…”, “Партрэт брата”, “Ясенін”.
Сапраўдны поспех скульптару прынёс удзел у Міжнароднай выстаўцы “Тыдзень высокіх тэхналогій” (Санкт-Пецярбург, 2001 г.). Яго кампазіцыя “Дама на лаўцы” стала лепшай у конкурсе “Свет металу ў мастацтве”. Сёння гэта скульптура знаходзіцца ў Міхайлаўскім скверы сталіцы і ўвасабляе жаночы вобраз, што злучыў мінулае і будучыню, адлюстраваў змяшэнне эпох і стыляў. У тым жа скверы ўладкаваўся бронзавы чалавек з хітрай усмешкай. У жэсце мужчыны, які просіць закурыць, угадваюцца прыкмета і напамін аб мінулым, калі цыгарэта магла стаць прычынай для размовы пра жыццё. У 2000 г. кампазіцыю Міхайлаўскага сквера папоўніла яшчэ адна праца У. Жбанава – “Дзяўчынка з парасонам”. У ёй аўтар увасобіў тэму безабароннасці дзяцінства.
Хутка ў сталіцы з’явіўся яшчэ адзін куточак, упрыгожаны скульптурамі У. Жбанава: плошча перад Камароўскім рынкам. Бліжэй да вуліцы Веры Харужай уладкаваўся вулічны фатограф пачатку XX ст. Побач размясцілася далікатная паненка з сабачкам, насупраць пасвіцца прыгожы конік, а каля фантана важна прагульваюцца бронзавыя гусі. У 2004 г. каля Мінскай гарадской ратушы з’явілася новая скульптура У. Жбанава: бронзавы губернатарскі экіпаж. Да 55-гадовага юбілею Мінскага сувораўскага вучылішча скульптар прыгатаваў незвычайны падарунак: скульптуру “Маленькі генерал”. Адной з апошніх работ мастака стала скульптурная кампазіцыя “Сям’я”, размешчаная каля сталічнага ЦУМа ў 2011 г. Ёсць нешта жывое ў дзіўных, застылых у бронзе, жбанаўскіх скульптурах – новых “жыхарах” сталіцы, якія выпадкова апынуліся ў нашым часе і назаўсёды засталіся з намі.
Нястомны выдумшчык і вялікі працаўнік Уладзімір Жбанаў меў шмат творчых задум і планаў. На жаль, выдатны мастак заўчасна пайшоў з жыцця. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.