Камал Гамза аглы Гаджыеў (псеўданім Каміль Камал) нарадзіўся ў азербайджанскай сям’і ў в. Касумлы Марнеульскага раёна (Грузія). У 1977–1981 гг. вучыўся ў Бакінскім мастацкім вучылішчы імя Азім-задэ, прайшоў два курсы навучання на факультэце жывапісу ў майстэрні Я. Маісеенкі ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна (1981–1983). З 1984 г. мастак у Беларусі. У 1984–1990 гг. вучыўся на аддзяленні жывапісу (педагог П. Крохалеў), манументальна-дэкаратыўным аддзяленні (пад кіраўніцтвам Г. Вашчанкі) у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З 1991 г. выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, з 2011 г. – у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка.
Як мастак Каміль Камал працуе ў манументальным і станковым жывапісе, графіцы, скульптуры. З 1986 г., яшчэ да ўступлення ў Беларускі саюз мастакоў (1991), прымае ўдзел у выстаўках. З 1992 г. яго персанальныя выстаўкі экспанаваліся не толькі ў Беларусі, але і ў Турцыі (1993, 1994), Азербайджане (1995), Германіі (1996), Аўстрыі (2001) і іншых краінах.
Сярод манументальных твораў Камала яго дыпломная праца – шматфігурны роспіс “Покліч мары” (1990) у агульнаадукацыйнай школе № 181 Мінска, роспісы ў магазіне “Медкніга” (1992) і ў кафэ “Лабірынт” (1993), роспіс “Беларускі арнамент” у Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2013), вітражы для рэстарана “Астара” (1997, усе ў Мінску), сграфіта “Сям’я” у Доме шлюбаў (1999, г. Масты).
У канцы 1990-х гг. эканамічная сітуацыя ў Беларусі не спрыяла развіццю манументальнага мастацтва. Скарачаліся выдаткі на мастацкія праекты, адсутнічалі заказы і многія мастакі-манументалісты перайшлі ў шэраг станковых жывапісцаў. Сярод іх быў і Каміль Камал. Яго карціны казачныя, фантазійныя, напоўненыя філасофскім гучаннем (“Прыгажуня” (1990), “Маленькая фея” (1991), “Казкі майго дзяцінства”, “Лёс любімага горада” (абедзве 1992), “Гульні на краі Зямлі” (1994), “Над калыскай вечнасці” (1995), “Падзенне ў гарах” (1997), “Старажытны храм”, “Мае казкі” (абедзве 1998), серыя “Усход” (1992–1998), “Жыццё і вечнасць (2001), “Анёлы”(2002), “Песня” (2006), “Мая Радзіма” (2007), “Вечнасць” (2009), “Пярліна” і “Горад продкаў” (2014) і інш.
“Загадкавасць і прыцягальнасць” – асаблівасці творчага таленту К. Камала, – так лічаць мастацтвазнаўцы Н. Шаранговіч, Г. Фатыхава і іншыя творчыя асобы, якія добра знаёмы з яго творамі, з самім мастаком. Цімур Зульфікараў, аўтар сцэнарыя к дакументальнаму фільму С. Лук’янчыка “Блукаючы паўлін” пра Каміля Камала, так апісаў свайго героя: “Посреди Минска, на белорусской земле появился, поднялся во всем своем павлиньем великолепии и многоцветности цветок Востока, букет древних культур. Я говорю про живопись, графику, керамику, витражи Камиля Камала. Причудливые люди, звери, растения, воды, горы переплелись в его работах в каком-то тяжелом полете, желании бытия, желании бессмертия, любви и рая”.*
Каміль Камал з’яўляецца аўтарам скульптурнай кампазіцыі “Дрэва жыцця”(2004, фантан перад Мінскім трактарным заводам), помнікаў героям – вызваліцелям Беларусі: А. Візіраву (Магілёў), А. Асланаву (Вілейка, абодва 2009), “Далёка ад Радзімы” (2013) і інш.
Цудоўна праявіў сябе мастак і ў графіцы. Літаграфія – адзін з любімых жанраў. Сярод работ гэтага жанру выдзяляюцца серыі “Усход” і “Гульні на краі Зямлі”. Ён аформіў кнігі вершаў: “Шамдзін” (1998), “Камни печали” (1999), “Чаргаві” (2001), “Мелодия разлуки” (2006) Г. Чарказяна; “Книга смерти Амира Тимура” і “Исповедь Ивана Грозного” (1998) Ц. Зульфікарава; краязнаўчы нарыс “Літаратурная карта Пухаўшчыны” А. Карлюкевіча (1999) і інш.
У кастрычніку 2014 г. у залах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі твораў Каміля Камала пад назвай “Гульні на краі Зямлі”, на якой былі прадстаўлены творы жывапісу, графікі і скульптуры, створаныя майстрам за апошнія 30 гадоў.
Творы Каміля Камала знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондах Беларускага саюза мастакоў, у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, у шматлікіх пасольствах, акрэдытаваных у Мінску, у прыватных калекцыях у Аўстрыі, Азербайджане, Англіі, Германіі, Галандыі, Ізраілі, Італіі, Кітаі, Расіі, ЗША. Францыі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.
* Гобустан. – 2008. – № 1. – С. 76.