Сучасны беларускі мастак Андрэй Мікалаевіч Смаляк нарадзіўся ў в. Малая Сляпянка (цяпер у межах Мінска). Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.А. Ахрэмчыка. У 1973 г. паступіў на аддзяленне станковага жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Яго настаўнікамі былі П. Крохалеў і М. Данцыг. Інстытут скончыў у 1980 г. і быў размеркаваны мастаком на кінастудыю «Беларусьфільм». З 1987 г. А. Смаляк пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках. У 1990 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў. Вядомасць і прызнанне майстэрства мастака адбыліся ў другой палавіне 1990-х гг. Ён – дыпламант II Міжнароднага Шагалаўскага пленэру (1997, Віцебск), ганаровы акадэмік Еўрапейскай акадэміі мастацтваў (1998, Парыж), уладальнік сярэбранага медаля Еўрапарламента за ўклад у еўрапейскае мастацтва (1999, Брусель).
Мастак працуе ў станковым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта. У творчасці А. Смаляка злучаюцца традыцыйнасць і навізна. Глыбокія веды ў галіне сусветнай літаратуры і цікавасць да філасофіі даюць магчымасць мастаку канструктыўна аргументаваць свае тэарэтычныя погляды. У яго палотнах прысутнічаюць разважанні пра жыццё лагічнае і рацыянальнае, без страт вобразнасці мыслення. Пластычная каляровая гама, экспрэсіўныя лініі, рассыпанае па паверхні святло, праз што і ствараецца эфект пульсацыі, мігцення – усё гэта, паклаўшыся на палатно, стала характэрнымі рысамі жывапіснай манеры А. Смаляка. У пейзажных творах мастак сцвярджае сваю пазіцыю, свой погляд на навакольную прыроду і знаходзіць ім адпаведнае мастацкае рашэнне («Сіні пейзаж» (1995), «Восень», «Сакавік» (абодва 1999), «Зімародак» (2003), «Туман» (2004) і інш.). А. Смаляк – аўтар серыі аўтапартрэтаў, у якіх ён пераўвасабляўся ў Далі, Веласкеса, Рэмбранта, Пікасо («Аўтапартрэт на палітры» (1996), «Катрыпціх. Аўтапартрэты» (1999), «Аўтапартрэт» (2006) і інш.). Кожны яго аўтапартрэт – псіхалагічнае самадаследаванне, адкрыццё пэўнага эмацыйнага стану. Асобную групу складаюць жаночыя партрэты. Першае месца ў іх належыць жонцы Вользе («Дыптых. Вольга», «Вольга» (абодва ў 1993), «Вольга» (2004), «Успаміны. Вольга» (2006) і інш.). Мастак таксама напісаў партрэты папы Яна Паўла II, прынцэсы Бельгіі Астрыд, А. Агурбаш, Э. Ханка, Я. Крыжаноўскага, Ф. Кіркорава і інш. Вялікая колькасць палотнаў прысвечана тэатру і цырку. Блазны, балерыны, музыкі, цыркачы, якіх ужо шмат стагоддзяў малююць еўрапейскія мастакі, знайшлі сваё месца ў творчасці А. Смаляка («Арлекін» (1993), «Пасля балю» (1995), «Прэм'ера» (1996), «Шэсць пальцаў», «Эквілібрыст», «Белы папугай» (усе 1997), «Бенгальскі агонь» (2000), «Цырк» (2001), «Мой тыдзень» (2004), «Ружовы слон» (2005) і інш.). Часам майстар адыходзіць ад традыцыйных станковых форм і пераходзіць на невялікія фарматы карцін, да стараннай прапрацоўкі жывапіснай паверхні палатна, што тлумачыцца жаданнем падаць твор як ювелірную каштоўнасць («Рафаэль» (1978), «Пара-1» (2002), «Танга» (2003), «Дзяўчынка, што запальвае свечку» (2006) і інш.).
Мастак удзельнічаў у міжнародных выстаўках. Творы знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), у прыватных калекцыях Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Кітая, Італіі, ЗША, Карэі, Расіі. Мастацтва артыстычнага, экстравагантнага і эпатажнага па натуры А. Смаляка нагадвае аб прыгажосці ў навакольным свеце. Сваімі знаходкамі, усім багаццем уражанняў майстар шчодра дзеліцца са сваімі прыхільнікамі і гледачамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.