Краткая справка:
кінарэжысёр, сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1990), лаўрэат прэміі імя Ю. Тарыча (1987), прызёр усесаюзных, міжнародных і нацыянальных кінафестываляў
Имена на других языках:
Рыбарев Валерий Павлович (русский);
3508 символов
Справка
Яркай старонкай у гісторыі беларускага кінематографа стала творчасць Валерыя Паўлавіча Рыбарава.
Нарадзіўся ён у Саратаве. Пасля Вялікай Айчыннай вайны бацькі пераехалі ў Мінск, дзе В. Рыбараў скончыў сярэднюю школу і некаторы час працаваў на Мінскім заводзе аўтаматычных ліній. На працягу двух гадоў вучыўся на філасофскім факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, потым паступіў у Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, які скончыў у 1976 г. З 1959 па 2009 г. (з перапынкамі) працаваў на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». У 1992 г. стварыў і ўзначаліў студыю «АРД-фільм».
Тое, што В. Рыбараў – рэжысёр, які мае ўласную грамадзянскую і мастацкую пазіцыю, стала відавочна ўжо пасля першых яго работ – дакументальных фільмаў «Радуга ў свеце лазераў» (1973), «Чаканне» («Зімовая казка», 1975), «Тонежскія бабы» (1977), «Нямая скрыпка» (1977; дыплом Міжнароднага кінафестывалю, Оберхаўзен, ФРГ, 1978). У карцінах ярка праявіліся публіцыстычнасць, уменне рэжысёра тонка і дакладна перадаваць на экране падзеі рэальнага жыцця. У ігравым кіно В. Рыбараў дэбютаваў кароткаметражнай стужкай «Жывы зрэз» (1978, паводле апавядання В. Патаніна «Белыя яблыкі»; прыз II Усесаюзнага кінафестывалю маладых кінематаграфістаў, Масква, 1980). Гэты фільм лічыцца адной з лепшых работ экраннага ўвасаблення ваеннай тэмы. У кінакарціне гаворыцца аб тым, як вайна выпальвае ў чалавеку ўсё чалавечае. Галоўны герой не можа існаваць у рэальным жыцці, не прымае рэчаіснасці, у якой трэба любіць, разумець, а не ненавідзець. На думку рэжысёра, многія з тых, хто выжыў у акопах франтоў і акупацыі, былі душэўна надламаныя і цяжка адаптаваліся да мірнага жыцця. З вывучэння фатаграфій, якія зафіксавалі час, з пошуку мясцін для здымак пачалася работа над першай поўнаметражнай мастацкай стужкай «Чужая бацькаўшчына» (1982, паводле раманаў В. Адамчыка; прыз «Надежда» XVI Усесаюзнага кінафестывалю, Ленінград, 1983). Калі глядзіш гэты фільм, амаль фізічна адчуваеш сябе ў 1939 г. сярод вяскоўцаў Заходняй Беларусі. Яны існавалі ў нейкім няпэўным часе – жылі трывожнымі чуткамі пра вайну, займаліся пошукамі працы, чакалі перамен, што палепшаць жыццё. У 1985 г. на экранах з’явіўся найбольш значны фільм рэжысёра «Сведка» (галоўны прыз XII Усесаюзнага фестывалю тэлевізійных фільмаў, Мінск, 1987), дзе для дасягнення мастацкай выразнасці былі спалучаны ігравыя эпізоды з дакументальна-мастацкімі (стылізаванымі пад кінадакумент). Калі ў СССР пачаліся перабудовачныя працэсы, В. Рыбараў стварыў маладзёжны фільм-драму «Мяне завуць Арлекіна» (1988, паводле п’есы Ю. Шчакаціхіна «Пастка-44»), што стаў самым папулярным у кінапракаце за ўсю пасляваенную гісторыю беларускага кіно: карціну паглядзелі 41,9 млн гледачоў. Тэму ўнутранай трагедыі чалавека, які страціў ідэалы і духоўнасць, рэжысёр закрануў у фільме «Прыкаваны» (2002; галоўны прыз XI Міжнароднага кінафестывалю «Золотой Витязь», Разань, 2002; спецыяльны дыплом журы гледачоў Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», Мінск, 2002; прыз «Хрустальный аист» IV Нацыянальнага кінафестывалю, Брэст, 2003).
Фільмы В. Рыбарава, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1990) і прэміі імя Ю. Тарыча (1987), прызёра ўсесаюзных, міжнародных і нацыянальных кінафестываляў, вызначаюцца гістарычнай праўдзівасцю, мастацкім асэнсаваннем дакументальных фактаў, эпічным адлюстраваннем рэчаіснасці, выкарыстаннем экспрэсіўных мастацкіх сродкаў.