Вучоны-біёлаг, журналіст, кнігавыдавец Яўген Васільевіч Малашэвіч нарадзіўся ў в. Блізная Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і. У час вучобы ў Ружанскай сярэдняй школе быў пазаштатным селькорам ружанскай раённай газеты «Запаветы Леніна». У 1960 г. паступіў на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў у 1965 г. Затым вучыўся ў аспірантуры Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі. Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сиаловые кислоты как показатель радиационных и нейроэндокринных нарушений в организме» (1970), быў пераведзены на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута фізіялогіі. У 1974 г. перайшоў на працу ў выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (загадчык рэдакцыі, з 1979 г. адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара, з 1995 г. выконваў абавязкі галоўнага рэдактара). У гэты перыяд пры супрацоўніцтве з галоўнымі рэдактарамі, навукоўцамі, спецыялістамі народнай адукацыі, культуры і гаспадаркі Беларусі Я.В. Малашэвіч удзельнічаў ў распрацоўцы навукова-метадычных канцэпцый і выданняў беларускіх універсальных і галіновых энцыклапедый, даведнікаў і слоўнікаў: «Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя» (у 5 т., 1978–1981), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (у 5 т., 1984–1987), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (у 5 т., 1983–1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989) і інш. Па ініцыятыве Я.В. Малашэвіча і пры яго непасрэдным удзеле былі выдадзены шматтыражныя навукова-папулярныя і вытворча-практычныя выданні энцыклапедычнага і даведачнага характару «Раслінны свет Беларусі» (1978), «Энциклопедия молодой семьи» (5-е выд., 1991), «Культура питания» (1991), «Бульба» (1994), «Продукты питания и кухня» (1996) і інш. За перыяд працы ў выдавецтве надрукаваў больш за 500 навуковых артыкулаў, выдаў аўтарскі «Краткий словарь-справочник по охране природы» (1987). У 1993–1995 гг. Я.В. Малашэвіч удзельнічаў у навуковай абгрунтоўцы і падрыхтоўцы да выхаду новай універсальнай 18-томнай «Беларускай энцыклапедыі».
У 1996–1997 гг. Я.В. Малашэвіч займаў пасаду начальніка інфармацыйна-выдавецкага аддзела ЗАТ «Мінскі першы інстытут нерухомасці», у 1997–1998 гг. быў галоўным рэдактарам газеты «Нерухомасць Беларусі», у 1998–2002 гг. узначальваў выдавецтва «Ураджай», а пасля яго рэарганізацыі у 2002–2004 гг. – выдавецтва «Беларусь». З 2004 па красавік 2013 г. Я.В. Малашэвіч працаваў галоўным рэдактарам Мінскай фабрыкі каляровага друку. Ён прымаў удзел ў падрыхтоўцы і выпуску фундаментальных альбомаў і кніг па духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыне краіны: «Хрысцiянскiя храмы Беларусi на фотаздымках Яна Балзункевiча, пачатак XX стагоддзя» (2000), «Мінск незнаёмы, 1920–1940» (2002), «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : дзень за днём» (2004). Таксама з'яўляецца аўтарам «Минск. Книга жизни : 4500 событий и фактов из истории города» (2007), «Духовное наследие. Минские храмы» (2013) і інш.
Яўген Васільевіч Малашэвіч – член Саюза журналістаў Беларусі (1971), заслужаны работнік культуры Беларусі (1987), выдатнік друку Беларусі (2003). Ён узнагароджаны залатым медалём і ганаровымі дыпломамі ВДНГ СССР, Дзяржкамдруку, НАН Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.