Вядомы педагог-метадыст, адзін з заснавальнікаў беларускай школы па дыдактыцы матэматыкі, Абрам Аронавіч Столяр нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Таруціна Адэскай вобласці (Украіна). Пасля заканчэння матэматычнага аддзялення мужчынскага ліцэя ў г. Чатаця-Алба (сучасны Белгарад-Днястроўскі) працягваў адукацыю ў вышэйшай політэхнічнай школе ў Бухарэсце. У 1941 г., калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям'я эвакуіравалася ў Сярэднюю Азію, дзе А.А. Столяр працаваў выкладчыкам матэматыкі ў сярэдняй школе і вучыўся на завочным аддзяленні Бухарскага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1947 г. З 1948 г. чытаў курс логікі ў Саратаўскім ваенна-марскім падрыхтоўчым вучылішчы.
У 1950 г. А.А. Столяр пераехаў у Беларусь. Працаваў настаўнікам агульнаадукацыйнай школы ў Магілёве, з 1951 г. выкладаў у Магілёўскім педагагічным інстытуце, дзе працягваў даследаванні, звязаныя з роллю логікі ў абучэнні матэматыцы, якімі займаўся ў саратаўскім вучылішчы. Іх вынікам стала кандыдацкая дысертацыя на тэму «Воспитание логического мышления у учащихся на уроках математики» (1951). У 1970 г. А.А. Столяр абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Логические проблемы преподавания математики». У 1973–1986 гг. ён быў прарэктарам па навуковай рабоце, адначасова ў 1953–1989 гг. з'яўляўся загадчыкам кафедры методыкі выкладання матэматыкі ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. У 1977 г. стаў заслужаным работнікам вышэйшай школы БССР.
Спектр навуковых інтарэсаў і даследаванняў А.А. Столяра вельмі шырокі. Ён распрацаваў тэорыю дзейнага падыходу да абучэння матэматыцы (ад дашкольнага перыяду да вышэйшай школы), прапанаваў канцэпцыю развіццёвага навучання, на падставе якой разам з іншымі навукоўцамі распрацаваў навучальна-метадычны комплекс па матэматыцы для пачатковай і 4-5-га класаў сярэдняй школы. Вучоны з'яўляецца аўтарам наступных кніг: «Элементы математической логики» (1964), «Логические проблемы преподавания математики» і «Элементарное введение в математическую логику» (1965), «Логическое введение в математику» (1971), «Педагогика математики» (3-е выд.,1986) і інш. Ён актыўна ўдзельнічаў у рабоце шматлікіх калектываў, якія працавалі над стварэннем дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы. З'яўляецца адным з аўтараў кніг «Основы современной школьной математики» (1975), «Современные основы школьного курса математики» (1980), «Методы обучения математике: некоторые вопросы теории и практики» (1981), «Математика 0» (1982), «Методика преподавания математики в средней школе: общая методика» (1985), «Методика начального обучения математике» (1978), «Что такое алгоритм? : беседы со старшеклассниками» (1989), «Давайте поиграем» (1991) і інш. У 1992 г. А.А. Столяр пераехаў у Маскву. Да апошніх дзён жыцця працаваў у Маскоўскім педагагічным інстытуце.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.