Спявак і кампазітар, таленавіты аранжыроўшчык Якаў Паўлавіч Навуменка быў адным з самых вядомых і запатрабаваных артыстаў беларускай эстрады. Ён валодаў непаўторным тэмбрам голаса і магутнай сцэнічнай харызмай.
Нарадзіўся Я. Навуменка ў Оршы. Скончыў музычную школу па классе акардэона. У 1976 г. паступіў у Севастопальскі прыборабудаўнічы інстытут. Праз год быў прызваны ў армію. Службу праходзіў у Севастопалі ў ваенна-марскім флоце. У 1984 г. скончыў Мінскае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі (клас харавога дырыжыравання), у 1992 г. Маскоўскі музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных (клас вакалу). Яго настаўнікамі былі І. Кабзон, Л. Лешчанка, Г. Веліканава, Н. Мяшко.
Канцэртную дзейнасць Я. Навуменка пачаў у 1984 г. артыстам ансамбля народнай музыкі «Свята», потым стаў салістам Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча. Ён з'яўляўся адным са стваральнікаў ансамбля народнай музыкі «Бяседа» і некалькі першых канцэртных сезонаў выступаў з гэтым калектывам. З 1986 г. Я. Навуменка вядучы артыст Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У 1988 г. стаў лаўрэатам конкурсу «Новыя імёны». З 1990 г. працаваў у Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь і адначасова ў ансамблі «Бяседа» (1992–1997). З 1993 г. ён саліст Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, з 2000 г. у Дзяржаўным маладзёжным тэатры эстрады, з 2004 г. мастацкі кіраўнік творчага аб'яднання «Белканцэрт» і аднасасова саліст. Апошнія гады артыстычнай кар’еры Я. Навуменкі былі звязаны з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі М. Казінца. У гэтым знакамітым калектыве спявак быў вядучым салістам. Разам з аркестрам праводзіў сольныя канцэрты, гастраляваў. Якаў Навуменка ўваходзіў таксама ў склад Нацыянальнага аркестра М. Фінберга, супрацоўнічаў з Прэзідэнцкім аркестрам пад кіраўніцтвам В. Бабарыкіна. У 1997 г. ён атрымаў званне заслужанага артыста Беларусі, у 2009 г. быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, у 2011 г. стаў народным артыстам Беларусі.
Песні ў выкананні Я. Навуменкі ведалі не толькі ў нашай краіне. Спявак выступаў у Расіі, Украіне, Польшчы, краінах Балтыі, дзе заўсёды яго сольныя канцэрты праходзілі з вялікім поспехам. Выкананне артыста вылучалася яскравай сцэнічнасцю, эмацыянальнай выразнасцю. У рэпертуары Я. Навуменкі гучалі эстрадныя песні беларускіх кампазітараў А. Елісеенкава, А. Молчана, Л. Захлеўнага, У. Будніка, В. Раінчыка на вершы М. Багдановіча, А. Лягчылава, Л. Дранько-Майсюка, А. Туравай і інш. Ён з'яўляецца аўтараў уласных песенных твораў. Сярод іх – «Іншапланецянка», «Колькі год Беларусі», «Ночка-чараўніца», «Арабінавы сум», «Не хадзіце, мае хлопчыкі», «Я вымалю цябе», «Мне ўсё верыцца», «Дзяўчына-красуня» і інш. У апошнія гады займаўся зборам і пераносам старых запісаў беларускіх песень 1970-х гг., якіх не было нават у фондах Беларускага радыё, на сучасныя носьбіты. У 2006 г. выйшаў музычны дыск «Карункі бэзу», у 2007 г. – «Залатыя песні», дзе былі запісаны папулярныя савецкія шлягеры 1970–1980 гг. у выкананні Л. Уцёсава, М. Магамаева, В. Абадзінскага, Я. Мартынава, У. Мігулі і інш.
У 2011 г. Я. Навуменка адзначыў дваццаціпяцігоддзе творчай дзейнасці. Праз год (26 жніўня 2012 г.) спявак трагічна загінуў у Севастопалі. Пахаваны ў Мінску.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.