Беларускі вучоны ў галіне гігіены і санітарыі Іван Браніслававіч Кардаш нарадзіўся ў в. Захарычы Мінскага раёна ў сялянскай сям'і. У 1936 г. паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, але вучобу не закончыў – пачалася Вялікая Айчынная вайна. Быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Восенню 1941 г. накіраваны ў Свярдлоўскі медыцынскі інстытут, які скончыў у 1942 г. З 1942 па 1943 г. І. Б. Кардаш узначальваў санітарную службу партызанскай брыгады імя М. І. Кутузава, якая дзейнічала ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Дзякуючы яго арганізатарскім здольнасцям, у кароткі тэрмін была сфарміравана медыцынская служба ў атрадах і пры штабе партызанскай брыгады. Вялася вялікая работа па аказанні медыцынскай дапамогі параненым і хворым партызанам, арганізацыі брыгаднага шпіталя, эвакуацыі цяжкапараненых у тыл, папярэджанні успышак інфекцыйных захворванняў, а таксама па аказанні дапамогі мясцоваму насельніцтву, якое пражывала ў партызанскай зоне. З'яўляючыся членам Гарадоцкага падпольнага РК ЛКСМ Беларусі, І. Б. Кардаш актыўна ўдзельнічаў у правядзенні палітычнай работы сярод насельніцтва. Пасля вызвалення першых раёнаў Віцебскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў прызначаны старшым дзяржаўным санітарным інспектарам Віцебскай вобласці. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1949 г. Гэта быў цяжкі перыяд, не хапала ўрачэбных сярэдніх медыцынскіх кадраў і І. Б. Кардашу давялося праводзіць вялікую работу па ліквідацыі наступстваў варожай акупацыі на тэрыторыі вобласці (барацьба з сыпным тыфам, малярыяй, дзіцячымі інфекцыйнымі захворваннямі і інш.). У чэрвені 1949 г. прызначаны намеснікам міністра аховы здароўя БССР па кадравых пытаннях (быў да 1974 г.). Пад яго кіраўніцтвам была праведзена работа па падрыхтоўцы, падборы ўрачоў і сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Адначасова з 1959 па 1964 г. займаў пасаду галоўнага дзяржаўнага санітарнага інспектара БССР. У 1964–1974 гг. І. Б. Кардаш быў галоўным дзяржаўным санітарным урачом БССР. У 1976–1980 гг. з'яўляўся кансультантам пры Міністэрстве аховы здароўя Алжыра, кіраўніком групы савецкіх спецыялістаў-эпідэміёлагаў.
Займаючы адказныя адміністрацыйныя пасады, І. Б. Кардаш займаўся навукова-педагагічнай дзейнасцю спачатку ў Віцебскім медыцынскім інстытуце, а потым у Беларускім навукова-даследчым інстытуце мікрабіялогіі і эпідэміялогіі. Навуковыя працы прысвечаны барацьбе з поліяміэлітам, распрацоўцы праграмы падтрымання эпідэміялагічнага добрага стану па поліяміэліце ў Беларусі, пытанням санітарна-эпідэміялагічнай службы, гігіены і арганізацыі аховы здароўя. Ім апублікавана больш за 60 работ, сярод іх – «Охрана здоровья учащихся» (у суаўтарстве, 1962), «Забота о здоровье школьника в семье» (1964), «Организация и методика санитарного контроля за содержанием нитратов в пищевых продуктах в условиях Белорусской ССР» (у суаўтарстве, 1986), «Иммунологические исследования в диагностике и профилактике инфекционных заболеваний» (у суаўтарстве, 1968) і інш. У 1968 г. І. Б. Кардаш абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Итоги применения живой полиомиелитной вакцины в БССР». У 1971 г. ён стаў дацэнтам кафедры гігіены Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў, а ў 1976 г. – прафесарам. З 1970 па 1991 г. загадваў гэтай кафедрай.
Вучоны таксама займаўся і грамадскай дзейнасцю. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў і членам Мінскага гаркама КП Беларусі. Іван Браніслававіч узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1944), Чырвонага Сцяга (1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1961, 1966), медалямі і ганаровымі граматамі. У 1964 г. яму прысвоена званне «Заслужаны ўрач БССР» (1964).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.