Беларускі вучоны ў галіне псіхіятрыі Аляксандр Андрэевіч Кірпічэнка нарадзіўся ў в. Чырына Віцебскага раёна ў сялянскай сям'і. Скончыўшы ў 1962 г. лячэбны факультэт Віцебскага медыцынскага інстытута (цяпер Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт), працаваў галоўным урачом бальніцы Магілёўскага раёна. Потым вучыўся ў аспірантуры пры кафедры псіхіятрыі і датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «К клинике и нейрофизиологии шизофрении» (1966). У 1965 г. А. А. Кірпічэнка стаў асістэнтам, праз тры гады дацэнтам кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі Віцебскага медыцынскага інстытута. У 1970 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Исследование нейрофизиологических нарушений у больных шизофренией». Праведзеныя клінічныя даследаванні садзейнічалі далейшаму вывучэнню нейрафізіялагічных працэсаў пры розных псіхатычных расстройствах. У 1972 г. ён стаў доктарам медыцынскіх навук, а праз год атрымаў званне прафесара. Больш за 30 гадоў вучоны паспяхова кіраваў кафедрай інстытута. Пры яго непасрэдным удзеле была створана школа па нейрафізіялагічных даследаваннях псіхічнай дзейнасці чалавека ў норме і паталогіі. Вучоны з'яўляецца аўтарам больш за 130 навуковых работ, у тым ліку 2 манаграфій. Сярод іх – «Пособие по психиатрии» (у суаўтарстве, 1976), «Нейрофизиологические аспекты шизофрении» (1978), «Нервные и психические болезни» (у суаўтарстве,1998), «Основы медицинской психологии» (у суаўтарстве, 2001), «Основы психосексуальных растройств» (у суаўтарстве, 2001), «Основы медицинской психологии и коммуникации» (у суаўтарстве, 2004) і інш. Яго падручнік «Психиатрия» вытрымаў чатыры перавыданні. Падрыхтаваныя А. А. Кірпічэнкам шэраг вучэбных дапаможнікаў і інструкцый па псіхіятрыі, медыцынскай псіхалогіі, наркалогіі сталі не толькі настольнымі кнігамі для студэнтаў медыцынскіх ВНУ і вучылішч, але і для урачоў розных спецыяльнасцей. Яму таксама належаць 2 вынаходніцтвы і больш за 20 рацыяналізатарскіх прапаноў.
Аляксандр Андрэевіч Кірпічэнка праявіў сябе не толькі як вучоны, але і як таленавіты педагог, які вёў вялікую работу па падрыхтоўцы спецыялістаў. Пад яго кіраўніцтвам былі выкананы доктарскія і кандыдацкія дысертацыі. Неаднаразова выступаў з навуковымі дакладамі на міжнародных з'ездах і сімпозіумах па пытаннях псіхіятрыі і наркалогіі (Фінляндыя, Балгарыя, Іспанія, Францыя, Польшча і інш.).
На працягу ўсяго перыяду работы ў навучальнай установе А. А. Кірпічэнка прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Ён з'яўляўся дэпутатам Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў, членам праўлення Усесаюзнага і Рэспубліканскага таварыстваў псіхіятраў, членам Вучонага савета ўніверсітэта, кіраваў абласным Саветам маладых вучоных, быў галоўным псіхіятрам абласнога аддзела аховы здароўя, узначальваў абласную асацыяцыю псіхіятраў і нарколагаў.
За вялікую навуковую, вучэбна-метадычную, выхаваўчую, лячэбна-кансультацыйную дзейнасць А. А. Кірпічэнка ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, значком «Выдатніку аховы здароўя». У 1984 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.