Краткая справка:
вучоны ў галіне юрыдычных навук, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат прэміі БДУ імя У.І. Пічэты, Вышэйшай юрыдычнай прэміі "Феміда", удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І і ІІ ст., медалямі
Варианты имени:
Дулаў Андрэй Васілевіч; Дулаў Атэіст Васілевіч
Имена на других языках:
Дулов Андрей Васильевич (русский);
3380 символов
Справка
Андрэй Васільевіч Дулаў ‒ адзін з самых аўтарытэтных спецыялістаў у галіне крыміналістычнай навукі Беларусі. Навуковая дзейнасць вучонага вылучалася інавацыйным падыходам і яе вынікі знайшлі шырокае прымяненне ў шматлікіх дзяржаўных установах, якія займаюцца расследаваннем злачыннасці.
Нарадзіўся будучы юрыст у Ленінградзе. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пайшоў добраахвотнікам на фронт. Прымаў удзел у абароне Ленінграда, быў камандзірам кулямётнага аддзялення. У канцы 1941 г. атрымаў цяжкае раненне. Пасля дэмабілізацыі эвакуіраваўся ў Яраслаўль, дзе скончыў юрыдычную школу. У 1944 г. вярнуўся ў Ленінград і пачаў працаваць следчым пракуратуры. Затым быў следчым групы Генеральнай пракуратуры СССР. Работу сумяшчаў з вучобай ва Усесаюзным юрыдычным завочным інстытуце. У 1952 г. паступіў у аспірантуру Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1955 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Экспертиза на предварительном следствии в советском уголовном процессе», у 1964 г. ‒ доктарскую дысертацыю на тэму «Процессуальные проблемы судебной экспертизы». У 1958 г. пераехаў у Мінск. Далейшы навуковы і працоўны шлях А.В. Дулава звязаны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам (БДУ), дзе ён працаваў дацэнтам кафедры крымінальнага права. У 1966 г. стаў прафесарам. У 1972 г. па ініцыятыве вучонага створана кафедра крыміналістыкі БДУ, якую ён ўзначальваў на працягу 18 гадоў. Дзякуючы А.В. Дулаву на кафедры навуковыя традыцыі арганічна спалучаліся з наватарскімі ідэямі, атрымалі развіццё сучасныя кірункі крыміналістыкі. Былі распрацаваны новыя вучэбныя курсы, паспяхова стала выкладацца дысцыпліна «Судовая псіхалогія».
Андрэй Васільевіч ‒ аўтар больш за 600 навуковых прац, прысвечаных тэорыі судовых доказаў і метадалогіі крыміналістыкі, судовых экспертыз, судовай псіхалогіі, навуковай арганізацыі дзейнасці следчых органаў. Сярод іх ‒ «Вопросы теории судебной экспертизы в советском уголовном процессе» (1959), «Права и обязанности участников судебной экспертизы» (1962), «Тактика следственных действий» (1971, у суаўтарстве), «Основы психологического анализа на предварительном следствии» (1973), «Тактические операции при расследовании преступлений» (1979), «Основы расследования преступлений, совершенных должностными лицами» (1985), «Основы формирования криминалистической теории доказывания» (2004, у суаўтарстве) і інш. Ён развіў сістэмна-структурны падыход у навуковых даследаваннях у галіне барацьбы са злачыннасцю. Дзякуючы гэтаму была сфарміравана тэорыя крыміналістычнага вывучэння злачынстваў, распрацавана канцэпцыя пра неабходнасць даследавання ў крыміналістыцы матэрыяльнай структуры злачынства. На аснове сістэмнага падыходу абгрунтавана прымяненне самастойнага тактычнага сродку расследавання злачынстваў для кожнага следчага дзеяння, што дазволіла ўдасканаліць працэс папярэдняга расследавання. Прафесар дапоўніў крыміналістычную навуку новым раздзелам, які атрымаў назву «крыміналістычная стратэгія». Вучоны таксама разглядаў праблему крыміналістычнай прафілактыкі. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 60 кандыдацкіх і 10 доктарскіх дысертацый.
У 2004 г. А.В. Дулаў удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь. Вучоны з’яўляецца лаўрэатам прэміі БДУ імя У.І. Пічэты, Вышэйшай юрыдычнай прэміі «Феміда». Ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I і II ступеней, медалямі і граматамі.