Беларускі вучоны ў галіне фармакалогіі Аляксандр Сцяпанавіч Захарэўскі нарадзіўся ў в. Колкі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і служачага. Скончыў сярэднюю школу ў 1948 г., Віцебскі медыцынскі інстытут у 1955 г. Працаваў інфекцыяністам Ваўкавыскай раённай бальніцы (1955–1956), загадчыкам фізіятэрапеўтычнага аддзялення Ваўкавыскага ваеннага шпіталя (1956–1958). У 1958–1961 гг. быў аспірантам кафедры фармакалогіі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, потым асістэнтам кафедры (1961–1962). У 1963 г. А. С. Захарэўскі абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Влияние некоторых производных индола на нервную систему» і яму прысуджана вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук. Да 1970 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам ЦНДЛ Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, кіраваў фармака-фізіялагічнай лабараторыяй. У 1970–1983 гг. загадваў ЦНДЛ Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. У 1975 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Изыскание противогипоксических средств среди производных n-хлорфеноксиуксусной кислоты и других классов химических соединений». Яму прысуджана вучоная ступень доктара медыцынскіх навук. У 1983 г. прысвоена вучонае званне прафесара. Да 1995 г. загадваў кафедрай фармакалогіі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Адначасова з'яўляўся навуковым кіраўніком лабараторыі ЦНДЛ (да 1983 г.). З 1995 па 2012 г. быў прафесарам кафедры фармакалогіі.
Вучоны працаваў над праблемамі аднаўлення жыццяздольнасці арганізма ва ўмовах фібрыляцыі сэрца, фармакалагічнай прафілактыкі і лячэння гіпаксічных станаў. Выявіў шэраг біялагічна актыўных рэчываў з антыгіпаксічным, супрацьсутаргавым, супрацьалергічным дзеяннямі. Прымаў удзел у распрацоўцы, даклінічных і клінічных выпрабаваннях многіх медыцынскіх прэпаратаў. Працаваў над праблемай антыаксідантнай аховы арганізма. З'яўляўся навуковым кіраўніком групы ЦНДЛ па вывучэнні нейратропных і кардыятропных сродкаў.
Аляксандр Сцяпанавіч Захарэўскі – аўтар больш за 130 навуковых прац, у тым ліку артыкулаў у «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» (у 5 т., Т. 5., 1986 г.), «Энциклопедии молодой семьи» (1988). Вучоны мае 18 вынаходстваў, 4 патэнты, рацыяналізатарскія прапановы. Пад яго кіраўніцтвам выканана 23 кандыдацкія дысертацыі. Таксама працаваў над падрыхтоўкай і правядзеннем рэспубліканскіх навуковых з'ездаў і канферэнцый. З'яўляўся старшынёй Беларускага навуковага таварыства фармаколагаў і таксіколагаў, членам праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства фармаколагаў і таксіколагаў, намеснікам старшыні Фармакапейнага камітэта Рэспублікі Беларусь, членам Вучонага медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя БССР, спецыялізаванага савета, вучоных саветаў Смаленскага і Мінскага медыцынскіх інстытутаў.
Аляксандр Сцяпанавіч Захарэўскі ўзнагароджаны медалямі, ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, значкамі «Выдатнік аховы здароўя» і «Выдатнік санітарнай абароны СССР». У 1995 г. яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча вышэйшай школы Рэспублікі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.