Краткая справка:
вучоны ў галіне гісторыі архітэктуры, даследчык сакральнай архітэктуры перыяду феадалізму
Имена на других языках:
Габрусь Тамара Викторовна (русский);
3609 символов
Справка
Мінулыя стагоддзі пакінулі шмат помнікаў на тэрыторыі нашай краіны. Яны, маўклівыя сведкі гісторыі, захоўваюць памяць аб гарадах, замках, храмах, палацах, сядзібах. Працяглы час даследаваннем старажытнага манументальнага дойлідства Беларусі займаецца Тамара Віктараўна Габрусь, доктар мастацтвазнаўства, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі архітэктуры.
Яна нарадзілася ў Мінску. У 1968 г. Т. В. Габрусь скончыла архітэктурнае аддзяленне будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута. Яе выкладчыкамі былі вядомыя архітэктары Вараксін У. М., Волчак В. М., Макляцова Н. М., Боўт І. І. Працоўную дзейнасць пачала ў інстытуце “Белпрампраект”. У 1970 г. Т. В. Габрусь паступіла ў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Пасля заканчэння працавала архітэктарам-рэстаўратарам у Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрнях Міністэрства культуры БССР. З 1974 па 1979 г. была навуковым рэдактарам па архітэктуры ў выдавецтве “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”, выконвала абавязкі загадчыка рэдакцыі культуры і мастацтва (1979–1980). З 1980 г. Т. В. Габрусь – старшы навуковы супрацоўнік, з 2003 г. вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі), дзе даследавала мастацтвазнаўчыя праблемы беларускага дойлідства эпохі феадалізму, мураваную сакральную архітэктуру і манументальнае мастацтва беларускага барока. З 2012 г. працуе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. У 1974 г. Т. В. Габрусь стала членам Саюза архітэктараў СССР, у 1999 г. была прынята ў Беларускі саюз мастакоў.
Яна выканала праекты шэрага інжынерных карпусоў прамысловых прадпрыемстваў у Мінску, Навагрудку, Брэсце (у аўтарскім калектыве, 1968–1970); праекты кансервацыі палаца ў Ружанах і рэстаўрацыі музея-запаведніка “Радзіма Якуба Коласа” (у аўтарскім калектыве, 1973–1974). З’яўляецца аўтарам каля 600 артыкулаў і раздзелаў па гісторыі беларускага дойлідства, якія апублікаваны ў энцыклапедыях, айчынных і замежных зборніках, часопісах. Работы Т. В. Габрусь друкаваліся ў Італіі, Германіі, Польшчы, Літве, Расіі, Украіне. Даследчыца прымала ўдзел у падрыхтоўцы калектыўных навуковых выданняў “Гісторыя беларускага мастацтва” (т. 1–6, 1987–1994), “Помнікі старажытнабеларускай культуры: новыя адкрыцці” (1984), “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” (т. 1–7, 1984–1988), “Помнікі культуры: новыя адкрыцці” (1985), “Помнікі мастацкай культуры Беларусі: новыя даследаванні” (1989), энцыклапедычнага даведніка “Архітэктура Беларусі” (1993). Яна з’яўляецца адным з аўтараў кніг “Скарына і яго эпоха” (1990), “Барока ў беларускай культуры і мастацтве” (1998, 2001, 2005), “Страчаная спадчына” (1998, 2003), “Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце” (т. 1–4, кн. 1; 2005–2008). Шырокую папулярнасць набылі манаграфіі “Помнікі манументальнага дойлідства Міншчыны” (1991), “Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока” (2001), “Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі” (2007). У апошнія гады выйшлі кнігі “Паэзія архітэктуры” (2012) і “Сакральнае дойлідства Беларусі: 1000-гадовая спадчына” (2014). Здольнасці і прыхільнасці Т. В. Габрусь выявіліся ў розных кірунках. Яна займаецца аховай і папулярызацыяй айчыннай архітэктурнай спадчыны, піша мастацка-публіцыстычныя творы, сцэнарыі да відэафільмаў, выдала зборнікі паэзіі ”Каб было вам шчасця-долі” (1998), “Дар чалавечы” (2003, 2007).