Имена на других языках:
Марр Николай Яковлевич (русский);
3035 символов
Справка
Мікалай Якаўлевіч Мар нарадзіўся ў г. Кутаісі (Грузія). У 1884 г. скончыў гімназію і паступіў на факультэт усходніх моў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома (1890) застаўся на кафедры армянскай і грузінскай славеснасці для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. Яшчэ ў гады вучобы пачаў даследаваць рукапісныя зборы, прысвечаныя Грузіі. У 1891 г. стаў прыват-дацэнтам. У 1899 г. абараніў магістарскую дысертацыю на тэму «Сборники притч Вартана», у 1901 г. ‒ доктарскую дысертацыю на тэму «Ипполит, толкователь “Песни песней”, грузинский текст по рукописи Х века». У 1900‒1933 гг. быў прафесарам кафедры армянскай і грузінскай славеснасці. У 1909 г. выбраны ад’юнктам, у 1912 г. ‒ ардынарным членам Імператарскай акадэміі навук. У 1911 г. стаў дэканам факультэта ўсходніх моў. Адначасова ў 1918‒1934 гг. ‒ дырэктар Дзяржаўнай акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры, у 1921‒1934 гг. ‒ дырэктар Яфетычнага інстытута Расійскай акадэміі навук. Па ініцыятыве вучонага ў 1917 г. створаны Каўказскі гісторыка-археалагічны інстытут у Тыфлісе. У 1919‒1920 гг. працаваў у рэдкалегіі выдавецтва «Всемирная литература» і склаў каталог твораў літаратур народаў Каўказа, якія планаваліся да перакладу. Быў ініцыятарам стварэння на аснове Імператарскай Археалагічнай камісіі Дзяржаўнай акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры і стаў яе першым старшынёй. У 1922 г. заняў пасаду дырэктара Каўказскага гісторыка-археалагічнага інстытута Акадэміі навук СССР. З 1926 г. з’яўляўся старшынёй Камітэта па вывучэнні моў і этнічных культур народаў Усходу, з 1928 г. ‒ дырэктарам Навукова-даследчага інстытута этнічных і нацынальных культур народаў Усходу. У 1928 г. выбраны акадэмікам АН БССР, у 1930 г. ‒ віцэ-прэзідэнтам АН СССР. У 1924‒1930 г. быў дырэктарам Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі ў Ленінградзе. Дзякуючы вучонаму ў рабоце бібліятэкі адбыліся значныя змены: удасканалены падыходы да арганізацыі фондаў, наладжана камплектаванне замежнай літаратурай на ўсходніх мовах, асаблівая ўвага надавалася навукова-даследчай рабоце, падрыхтоўцы навуковых кадраў.
Мікалай Якаўлевіч ‒ аўтар больш за 500 навуковых прац, прысвечаных вывучэнню армяна-грузінскай філалогіі, гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Каўказа. Сярод іх ‒ «Крещение армян, грузин, абхазов и аланов святым Григорием: (арабская версия)» (1905), «История Грузии: (культурно-исторический набросок)» (1906), «К вопросу о положении абхазского языка среди яфетических» (1912), «Из лингвистической поездки в Абхазию: (к этнологическим вопросам)» (1913), «Кавказские племенные названия и местные параллели» (1922), «К семантической палеонтологии в языках не яфетических систем» (1931). Мовазнавец апублікаваў тэксты шэрага старажытна-грузінскіх і старажытна-армянскіх дакументных помнікаў. Даследчык таксама вывучаў мовы народаў СССР і ўнёс уклад у стварэнне пісьменнасці для бяспісьменных моў.
Вучоны ўзнагароджаны прэміяй імя У. І. Леніна (1928) і ордэнам Леніна (1933). У 1933 г. яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі РСФСР.