Дата рождения:
17.03.1925 Малыя Навасёлкі, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
22.12.2004
Краткая справка:
рэжысёр, акцёр, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986)
Имена на других языках:
Ермолович Валентин Иванович (русский);
3244 символа
Справка
Рэжысёр народнага тэатра – прафесія рэдкая, нават унікальная. Стварыць калектыў з самадзейных акцёраў, падабраць рэпертуар, паставіць спектакль, захапіць гледача – задача вельмі складаная. На працягу многіх гадоў яе бліскуча вырашаў Валянцін Іванавіч Ермаловіч, якога называюць бацькам народнага тэатральнага мастацтва Магілёўшчыны.
Ён нарадзіўся ў в. Малыя Навасёлкі (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Са школьных гадоў захапіўся тэатрам, чытаў са сцэны вершы беларускіх паэтаў. Вучобу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Як толькі нямецкія захопнікі акупіравалі Міншчыну, В. Ермаловіч стаў сувязным партызанскага атрада, пасля вызвалення – салдатам. Яго, цяжка параненага пад Беластокам, палічылі забітым і змясцілі ў спіс тых, хто не вярнуўся з вайны. Валянцін Іванавіч Ермаловіч выжыў, вярнуўся ў строй і Перамогу сустрэў на Эльбе (Германія).
Пасля вайны працягваў вучобу ў Дзяржынскай сярэдняй школе, потым паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1950 г. Чатыры гады працаваў акцёрам Пінскага абласнога драматычнага тэатра, дзе сыграў Нелькіна («Вяселле Крачынскага» А. Сухаво-Кабыліна), Пятра («Апошнія» М. Горкага), Астапа («Алазанская даліна» К. Губарэвіча і І. Дорскага) і інш. З 1954 г. В. Ермаловіч працаваў у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Сярод сцэнічных работ гэтага перыяду вылучаюцца ролі Андрэя («У добры час!» В. Розава), Севы («Іван Рыбакоў» В. Гусева), Купрэйчыка («Лёс таварыша» М. Бярозкі, С. Сплашнова) і інш.
У Магілёўскае культурна-асветнае вучылішча В. Ермаловіч прыйшоў у 1956 г. (выкладаў рэжысуру), адначасова кіраваў Магілёўскім народным тэатрам Палаца культуры завода штучнага валакна, дзе паставіў спектаклі «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы, «На крутым павароце» К. Губарэвіча, «Мурын бор» і «Лясная фея» І. Ісачанкі, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А. Махнача, «Купалінка» (паводле «Паўлінкі» і «Прымакоў» Я. Купалы) і інш. З 1971 па 1977 г. В. Ермаловіч з'яўляўся рэжысёрам тэатральнага калектыву медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы.
Народны тэатр у гарадскім пасёлку Краснаполле (Магілёўская вобласць) В. Ермаловіч узначаліў у 1978 г. Пад яго кіраўніцтвам калектыў тэатра прымаў удзел у абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных аглядах-конкурсах, выступаў на тэлебачанні. П'есы, пастаўленыя ў гэты час: «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, «У новым доме» І. Мележа, «Людзі і д'яблы» К. Крапівы, «Таблетку пад язык» А. Макаёнка, «Вечар», «Парог», «Радавыя», «Злёт» А. Дударава і іншыя карысталіся нязменным поспехам у гледачоў. Краснапольскі народны тэатр стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола БССР і Магілёўшчыны, а яго кіраўнік – Валянцін Іванавіч Ермаловіч – атрымаў званне заслужанага работніка культуры.
У 1990-я гг. В. Ермаловіч працаваў рэжысёрам Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача і адначасова кіраваў Магілёўскім народным тэатрам Цэнтра культуры і вольнага часу. Да свайго 80-годдзя планаваў падрыхтаваць і выдаць кнігу «Запіскі рэжысёра народнага тэатра», аднак яму, апантанаму, шчыраму, цікаваму чалавеку, для гэтага не хапіла часу: 22 снежня 2004 г. ён памёр.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2013 г.