Ігар Васілевіч Лапцінскі нарадзіўся ў Магілёве. Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1951) працаваў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Выконваў характарныя ролі маладых герояў, сярод якіх Аляксей («У добры час!» В. Розава), Гаўрыла («Макар Дубрава» А. Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К. Губарэвіча), Гільём («Салавей» З. Бядулі). Лепшай роляй у тэатры прызнаны вострахарактарны вобраз пана Пэру ў спектаклі «Пані міністэрша» Б. Нушыча. На кінастудыі «Беларусфільм» зняўся ў некалькіх эпізадычных ролях у кінафільмах «Міколка-паравоз» (1956), «Рагаты бастыён» (1964), «Я, Францыск Скарына» (1969).
З 1963 г. І. В. Лапцінскі працаваў рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, у 1975–1980 гг. – яго галоўным рэжысёрам. У 1994 г. перайшоў у студыю літаратурна-драматычных праграм Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод пастаўленых ім на радыё спектакляў мастацкай завершанасцю вылучаюцца «Спартак» паводле Р. Джаваньёлі, «Палескія рабінзоны» паводле Я. Маўра, «Лясная крэпасць» М. Гамолкі, «Адзін дзень з жыцця Роберта Джордана» паводле Э. Хэмінгуэя, «Мой генерал» А. Ліханава, «Лёс паэта» В. Шымука, «Дарога на дваіх», «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» паводле М. Калошкі, «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А. Сыскаўца, «Лівень» паводле А. Жука, «Час дыназаўра» паводле Л. Шчэрбача.
За працу над радыёспектаклем «Палескія вандроўнікі» паводле Г. Пашкова ў 1998 г. І. В. Лапцінскі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.
Выступаў Ігар Васілевіч як чытальнік і акцёр у праграмах радыё, літаратурна-драматычных кампазіцыях і спектаклях.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.