Тэатральны мастак, лаўрэат шматлікіх тэатральных прэмій Зіновій Эмануілавіч Марголін нарадзіўся ў Мінску. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1982). Творчую дзейнасць пачаў у 1985 г. афармленнем спектакля «Жудасныя бацькі» Ж. Както ў Беларускім акадэмічным тэатры імя Я. Купалы (Малая сцэна).
У 1988–1998 гг. працаваў галоўным мастаком Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Беларусі, дзе аформіў спектаклі «Лёс сабора» паводле В. Гюго, «Чырвоны куток» М. Разоўскага, «Зоркі на ранішнім небе» А. Галіна, «Неверагодны ілюзіён Эрні» А. Эйкбарна (усе 1988), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле У. Караткевіча (1990), «Вільгельм Тэль» Ф. Шылера (1991), «Пры зачыненых дзвярах» Ж. П. Сартра і «Ягоныя сны» («Тайнае жыццё Сальвадора Далі») паводле дзённікаў С. Далі (1993), «Хітрыкі Скапэна» Ж. Б. Мальера (1994).
Большасць работ у гэтым тэатры выканана ў жорсткай, амаль бесфарбавай, алегарычна-знакавай манеры з выкарыстаннем металічных канструкцый і натуральных матэрыялаў урбаністычнага свету. Для мастака характэрна імкненне да функцыянальнага выкарыстання сцэнічнай прасторы, замены ілюзорна-выяўленчых прадметаў абстрактнымі геаметрычнымі формамі.
Зіновій Марголін – адзін з нямногіх айчынных мастакоў-пастаноўшчыкаў, які не проста генерыраваў вострыя сцэнаграфічныя ідэі, але і актыўна ўплываў на змястоўны пласт кожнага спектакля.
Дызайнерскае вырашэнне «Ідыліі» В. Дуніна-Марцінкевіча (1993, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы) вызначыла новы этап у творчасці майстра і паклала пачатак плённаму супрацоўніцтву з рэжысёрам М. Пінігіным. Сцэнаграфія да спектакляў «Касцюмер» Р. Харвуда (1997, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), «Рэцэпт Макропуласа» К. Чапека (1995, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа), «Візіт дамы» С. Картэса (1995) і «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (2000, Нацыянальны тэатр оперы Беларусі), «Арт» Я. Рэзы (1998, Мінскі Малы тэатр), «Чаравікі на тоўстай падэшве» П. Гладзіліна (1999), «Стрыптыз» С. Мрожака, «Дакрананне» П. Марбера (2000), «Пізанская вежа» Н. Птушкінай (2001), «Вячэра з дурнем» Ф. Вебера (2002; усе ў «Нікола-тэатры») вызначаецца жывапіснасцю, выкарыстаннем мастацкіх цытат і іх калажным сумяшчэннем. Адзін з першых у Беларусі пачаў выкарыстоўваць камп'ютарныя тэхналогіі пры афармленні спектакляў.
Сярод іншых работ мастака: «Гуляем у прынца і жабрака» А. Журбіна (1986), «Пэпі» У. Дашкевіча (1987), «Прынцэса цырка» І. Кальмана (1989), «Калі заспявае певень» А. Чыркуна (1991) у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Беларусі; «Курыца» М. Каляды (1992) у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы; «Хрыстос і Антыхрыст» Дз. Меражкоўскага (1991) у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры імя М. Горкага; «Караль» і «Стрыптыз» С. Мрожака (1992) у Гродзенскім абласным тэатры лялек і інш.
Афармляў таксама спектаклі ў тэатрах Масквы і Санкт-Пецярбурга. У 1998–2000 гг. З. Э. Марголін працаваў галоўным мастаком тэатра «Санктъ-Петербургъ-Опера». Ажыццяўляў сцэнаграфічнае афармленне спектакляў у Маскоўскім Мастацкім тэатры (МХТ) імя А. П. Чэхава, Тэатры імя Я. Вахтангава, Тэатры Расійскай Арміі (Масква), Марыінскім тэатры, Тэатры балета Барыса Эйфмана, Вялікім Драматычным тэатры (Санкт-Пецярбург), Музычным тэатры (Растоў-на-Доне). Зрабіў сцэнаграфічнае афармленне мюзікла «Норд-Ост» (2002, Масква).
Зіновій Эмануілавіч Марголін узнагароджаны сярэбраным медалём міжнароднай выставы сцэнаграфіі «Пражскае квадрыенале-95». Мастак – лаўрэат вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга «Золотой Софит» у намінацыі «Лепшая сцэнаграфія» за спектакль «Нос» (2004, Марыінскі тэатр) і вышэйшай тэатральнай прэміі Масквы «Хрустальная Турандот» за лепшую сцэнаграфію тэатральнага сезона 2007/2008 гг. за спектакль «Канёк-Гарбунок» (МХТ імя А. П. Чэхава). З’яўляецца лаўрэатам вышэйшай тэатральнай прэміі Расіі «Золотая Маска» за спектаклі «Ледзі Макбет Мцэнскага павета» (2005, Музычны тэатр, г. Растоў-на-Доне), «Януфа» (2008, Марыінскі тэатр), «Шэрбурскія парасонікі» (2010, Музычны тэатр «Карамболь», г. Санкт-Пецярбург).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.