Валянціна Георгіеўна Рагоўская нарадзілася 15 студзеня 1935 г. у вёсцы Новакузнечная Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Бацька дзяўчынкі быў дырэктарам мясцовай школы, маці працавала ў калгасе. Дзяцінства Валянціны прыйшлося на цяжкія гады вайны: разам з мамай і малодшай сястрой жыла ў партызанскім атрадзе, зведала голад і холад пасляваенных гадоў.
У 1961 г. Валянціна Рагоўская скончыла Маскоўскі бібліятэчны інстытут (цяпер Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў) і на працягу 25 гадоў працавала загадчыкам аддзелаў культуры Лоеўскага, Рэчыцкага і Буда-Кашалёўскага райвыканкамаў, Гомельскага гарвыканкама.
З юнацкіх гадоў любіла тэатр: старалася не прапусціць ніводнай прэм'еры Гомельскага драмтэатра, наведвала тэатры падчас камандзіровак. У 1987 г. Валянціна Георгіеўна ўзначаліла Гомельскі абласны драматычны тэатр. Стыль кіраўніцтва новага дырэктара адзначаўся высокай годнасцю і спагадлівасцю. Яна тонка адчувала індывідуальнасць акцёраў, шмат увагі надавала ўздыму творчага ўзроўню акцёрскага майстэрства, прыцягненню ў тэатр гледача.
Пад кіраўніцтвам В.Г. Рагоўскай і пры падтрымцы Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (цяпер Беларускі саюз тэатральных дзеячаў) была створана маладзёжная студыя тэатра. Сёння пры тэатры дзейнічае вочна-завочны курс, на якім маладыя акцёры, якія завочна вучацца ў Беларускай акадэміі мастацтваў, вывучаюць сваю прафесію на тэатральных падмостках. Прызнаннем высокага прафесіяналізму калектыву стала прысуджэнне яму ў 1999 г. ганаровага звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Тэатр з’яўляецца вядучым сярод абласных тэатраў Беларусі.
В.Г. Рагоўская – адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Міжнароднага фестывалю «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (праводзіцца з 1989 г.). Фестываль вырас з садружнасці вядучых тэатраў Гомельшчыны, Браншчыны, Чарнігаўшчыны. Сёння «Славянскія тэатральныя сустрэчы» – гэта аўтарытэтны тэатральны форум славянскіх дзяржаў, удзельнікамі якога з'яўляюцца вядучыя тэатры Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Малдовы, Літвы, Абхазіі. На працягу многіх гадоў праграму фестывалю ўпрыгожваюць дзесяткі прэм'ер, тут выяўляюцца маладыя таленавітыя акцёры, рэжысёры, сцэнографы. Дзякуючы руплівай працы Валянціны Георгіеўны фестываль заўсёды адзначаецца цёплай, сяброўскай, творчай атмасферай і высакакласнай арганізацыяй.
У 1997 г. В.Г. Рагоўскай прысуджана ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь», у 1999 г. – спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яна выдатнік культуры СССР (1965, 1967), кавалер ордэна Ламаносава Нацыянальнага камітэта грамадскіх узнагарод Расійскай Федэрацыі (2005). За асаблівы ўклад у справу ўмацавання духоўна-маральных традыцый у грамадстве Руская праваслаўная царква ўзнагародзіла яе ордэнам Святой раўнаапостальнай княгіні Вольгі (2000), ордэнам прападобнай Ефрасінні, вялікай княгіні Маскоўскай (2009). У снежні 2009 г. Валянціна Георгіеўна за шматгадовую працу і актыўны ўдзел у развіцці культурнай спадчыны Беларусі ўзнагароджана Ганаровым знакам Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.
З 2008 г. В.Г Рагоўская кіруе ідэалагічнай работай у любімым тэатры, які стаў для яе сапраўднай вялікай тэатральнай сям'ёй.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.