Дата рождения: 25.06.1940 Гомель, г.
Краткая справка: артыст оперы (лірычны тэнар), заслужаны артыст Беларусі
Имена на других языках: Стрельченя Виктор Александрович (русский);
Біяграфія вядомага опернага спевака, заслужанага артыста Беларусі, Віктара Аляксандравіча Стральчэні, звычайная для людзей яго часу. Ён нарадзіўся ў Гомелі ў 1940 г., яшчэ хлапчуком пачаў працаваць – у пасляваенныя гады жылося цяжка, а ў сям'і, акрамя Віктара, расло яшчэ трое хлапчукоў. Пасля заканчэння школы па камсамольскай пуцёўцы юнак паехаў у Магнітагорск, дзе пасля заканчэння прафесійна-тэхнічнага вучылішча атрымаў спецыяльнасць машыніста дарожна-будаўнічых работ.
Даведаўшыся аб тым, што пры Мінскім педагагічным інстытуце (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) адкрываецца літаратурна-музычны факультэт, В. Стральчэня вырашыў паспрабаваць свае сілы. Віктар актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх канцэртах, але аб прафесіі артыста ўсур'ёз не думаў. Дапамагло знаёмства з кампазітарам Ігарам Лучанком, які ў той час выкладаў у інстытуце. Кампазітар параіў заняцца вакалам, нават знайшоў добрага педагога.
Потым была служба ў Савецкай арміі, дзе Віктар з'яўляўся салістам ансамбля песні і танца Беларускай ваеннай акругі (цяпер Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь).
Толькі пасля заканчэння вайсковай службы В. Стральчэня пачаў па-сапраўднаму вучыцца спевам – паступіў у Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П.І. Чайкоўскага (закончыў у 1974 г). У той час выкладчыкам па класу вакала быў народны артыст СССР С. Лемешаў.
Упершыню на прафесійнай сцэне В. Стральчэня выступіў падчас вучобы ў кансерваторыі ў 1972 г.: выканаў арыі з опер «Князь Ігар» А. Барадзіна і «Турандот» Д. Пучыні на сцэне Малой залы Маскоўскай кансерваторыі.
З 1974 г. В. Стральчэня – саліст Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). Дзякуючы добраму валоданню паўнагучным голасам выразнага тэмбру з яркім верхнім рэгістрам спявак свабодна выконвае надзвычай высокія партыі: Звездачот («Залаты пеўнік» М. Рымскага-Корсакава), адзін з вядучых тэнараў у сцэнічнай кантаце «Карміна Бурана» К. Орфа і 9-й сімфоніі Л. Бетховена.
У аснове зместу оперы «Джардана Бруна» беларускага кампазітара С. Картэса (1977) – адна з трагічных старонак гісторыі чалавецтва, лёс «мяцежнага манаха», «бязбожніка» Джардана Бруна. Тэма оперы – пратэст супраць усяго, што перашкаджае прагрэсу, супраць гвалту над розумам, ісцінай і духам. У оперы артыст выконваў партыю Манаха. Роля Манаха акрэслена скупа, але рэльефна. За вельмі кароткі сцэнічны час, які адведзены персанажу, артысту ўдалося стварыць яркі, вострагратэскавы, закончаны і каларытны музычны вобраз, які падкупае гледача не толькі вакальным, але і сцэнічным майстэрствам.
У 1980 г. на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета адбылася прэм'ера оперы Г. Вагнера «Сцежкаю жыцця». Сюжэтнай асновай з'явілася аповесць Васіля Быкава «Воўчая зграя». Опера акрэсліла глыбокія праблемы, звязаныя з лёсам людзей і чалавецтва, вайны і міру. У творы Г. Вагнера ёсць шэраг невялікіх, але выразных вобразаў, напісаных ярка і лаканічна. Да іх адносіцца партызан Грыбаед, партыю якога выконвае В. Стральчэня. Вобраз Грыбаеда ахарактарызаваны вельмі своеасабліва: герой абмаляваны сродкамі беларускай народнай песні. Спявак падае гэты вобраз у гераічным ключы, дасягае паўнаты характарыстыкі і завершанасці ў стварэнні музычнага партрэта свайго героя.
У оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана псіхалагічна верагодная распрацоўка вобразаў характэрна не толькі для галоўных герояў, але і для другарадных, эпізадычных персанажаў. Яны паўстаюць перад гледачом як жывыя людзі, з іх болем і сумненнямі, надзеямі і намаганнямі. Асабліва цікавымі яны становяцца, калі артысту ўдаецца адчуць жывы «нерв» персанажа, як гэта адчуў В. Стральчэня ў выкананні партыі Бермана.
Летам 1983 г. артыст выканаў ролю Чэкалінскага ў пастаноўцы оперы П.І. Чайкоўскага «Пікавая дама». Крытыкі адзначылі ўменне спевака спалучыць цэласны вобраз героя з выяўленнем сваёй акцёрскай індывідуальнасці.
Падчас працы ў тэатры В. Стральчэнем створана галерэя каларытных лірычных і характарных вобразаў: Эрнэста («Дон Паскуале» Г. Даніцэці), Бепа – Арлекін («Паяцы» Р. Леанкавала), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж. Бізэ), Тэнар («Кавалер руж» Р. Штрауса), Берандзей, Лыкаў («Снягурачка», «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага), Зіновій Барысавіч («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз. Шастаковіча), Каіфа («Майстар і Маргарыта» Я. Глебава) і шэраг іншых.
Вялікае месца ў творчым жыцці артыста займае канцэртная дзейнасць: спявак аб'ездзіў усю Беларусь, выступаў для маракоў Паўночнага флоту, будаўнікоў БАМа і Заходне-Сібірскага нафтагазаноснага комплекса. У 1986 г. В. Стральчэня двойчы даваў канцэрты ў раёне Чарнобыльскай АЭС. У сярэдзіне 1980-х гг. артыст тройчы ў час свайго летняга адпачынку працаваў на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі цесляром, лесарубам, бетоншчыкам, а ў перапынках даваў канцэрты для сваіх сяброў-будаўнікоў.
У апошнія гады спявак гастралюе ў Аргенціне, Бразіліі, Германіі, ЗША, Польшчы. З трупай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета артыст быў на гастролях у Іспаніі, Тайландзе, Швейцарыі. Канцэртны рэпертуар В. Стральчэні вельмі разнастайны: рамансы, песні беларускіх кампазітараў, арыі з класічных опер.
У 1999 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В. Стральчэню было прысвоена званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.