Дата рождения: 01.01.1960 Мінск, г.
Краткая справка: артыстка балета, балетмайстар, заслужаная артыстка Беларусі, лаўрэат тэатральнай прэміі імя Л. Александроўскай (1996)
Имена на других языках: Шеметовец Татьяна Ромуальдовна (русский);
Таццяна Шаметавец – адна з самых яркіх зорак балетнай трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, бліскучая, характарная танцоўшчыца, непаўторная выканаўца многіх вядучых партый у класічных і сучасных балетах.
Яна нарадзілася 1 студзеня 1960 г. у Мінску. У 1979 г. скончыла Беларускае харэаграфічнае вучылішча (цяпер Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж). На выпускным канцэрце Таццяна выконвала сольную партыю ў кракавяку з оперы «Іван Сусанін» М. Глінкі (арыгінальная назва «Жыццё за цара»). У высакароднасці яе рухаў свяцілася тонкая манера польскага танца. Пра яе загаварылі і адразу прынялі ў Дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета БССР.
Ужо ў пачатку працы на мінскай сцэне Таццяну Шаметавец называлі адной з самых шматабяцаючых балерын тэатральнай трупы. Крытыка адзначала своеасаблівасць і яркасць індывідуальнасці артысткі. Педагогі-рэпетытары здолелі выявіць лепшае, што было закладзена ў танцоўшчыцы, навучылі кантраляваць постаць, рукі, кіраваць уласным тэмпераментам.
Неўзабаве пасля прэм'еры балета «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага (1982 г.) крытыкі назвалі харэаграфію персідскага танца, які Таццяна выконвала разам з партнёрам А. Талачко, маленькім шэдэўрам, у якім дзве фігуркі выканаўцаў свяшчэннадзейнічаюць на сцэне.
Танцоўшчыца шматграннай адоранасці, Таццяна Шаметавец аднолькава свабодна валодала тэхнікай класічнага і сучаснага танца, выконвала партыі характарнага плана. Асабліва ярка яе здольнасці раскрыліся ў пастаноўках В. Елізар'ева, дзе яскравасць харэаграфічнай мовы партыі і адметнае майстэрства Таццяны часта рабілі вобраз гераіні эмацыянальным і сэнсавым цэнтрам спектакля.
Артыстка аддана працавала над ролямі. Падчас падрыхтоўкі партыі Дзевы-выбранніцы ў балеце «Вясна свяшчэнная» вывучала матэрыялы, прысвечаныя І. Стравінскаму. Таццяне было цікава, як кампазітар пісаў гэту музыку, што ён быў за чалавек. Балерына «выбудоўвала» сваю будучую партыю літаральна па фрагментах. «Вясна свяшчэнная» – спектакль філасофскі, і яна імкнулася максімальна напоўніць сваю партыю эмоцыямі і думкамі, каб глядач надоўга запомніў тое, што ён убачыў на сцэне. Мастацтву патрэбны эмоцыі, патрэбна душэўнае і духоўнае напаўненне, і тады вобраз будзе жывым, лічыць Таццяна Шаметавец.
Роля Зарэмы («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф'ева) стала вынікам сур'ёзных разваг і вялікай працы маладой салісткі. Партыя Зарэмы выконвалася артысткай з поўнай творчай аддачай.
Крытыкамі было адзначана цудоўнае выкананне Таццянай Шаметавец партыі Кармэн у спектаклі «Кармэн-сюіта» (Ж. Бізэ – Р. Шчадрын). «Кармэн-сюіта» – балет, у якім можна бясконца імправізаваць, дзе няма мяжы акцёрскім магчымасцям. На жаль, актрысе мала давялося танцаваць Кармэн: пасля траўм было немагчыма выконваць складаныя скачковыя рухі.
Выкананне партыі Распусніцы ў вакальна-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на музыку К. Орфа можна смела аднесці да ліку найбольш цікавых і яркіх акцёрскіх работ балерыны. Распусніца – яе лепшая роля, дзе Таццяна Шаметавец з'яўляецца непераўзыдзенай выканаўцай. Крытыка адзначала, што яна стварыла вобраз хутчэй не Распусніцы, а Чараўніцы, Спакушальніцы. У яе па-кашэчы ліслівых выгінах цела, у інтымнай даверлівасці схіленай галавы, у чароўнай ласкавасці – ва ўсёй яе пластыцы адчувалася пераможная сіла, якая дае жанчынам уладу над сэрцамі мужчын. Танец Распусніцы ўслаўляе зусім не распусту, а ўсемагутнасць Жанчыны і Жаноцкасці, моц і прывабнасць зямнога кахання.
У «Спячай красуні» П. Чайкоўскага Таццяна Шаметавец выконвала ролю феі Карабос. Яе Карабос – маладая, прыгожая, заможная і ўплывовая, здатная адным учынкам – смерцю Аўроры – зрабіць няшчаснымі шмат людзей. Раней, магчыма, фея была такой жа пяшчотнай, чулай, аднак штосьці трагічнае і непапраўнае здарылася ў яе жыцці і зрабіла Карабос увасабленнем моцнага і татальнага разбуральнага пачатку. Дзякуючы таленту Таццяны Шаметавец маляўніча-дзіцячая харэаграфічная казка пераўтварылася ў магутны філасофскі спектакль для дарослых.
«Балеро» на музыку М. Равеля – балет-змаганне, балет-пратэст, духоўнае процістаянне жорсткасці і насіллю, спектакль, прысвечаны іспанскім антыфашыстам. Разам са сваім партнёрам У. Івановым артыстка раскрыла з вычарпальнай паўнатой тэму нарастаючай пагрозы і супраціўлення ёй.
На сцэне Таццяне Шаметавец была ўласціва абсалютная натуральнасць пластычнага выказвання. Кожная партыя, над якой яна бралася працаваць і ў якой потым выходзіла на сцэну, пачынала ззяць нейкімі асаблівымі, зусім незвычайнымі фарбамі. І ў кожным яе вобразе нечакана адкрывалася глыбіня, пра якую глядач раней і не здагадваўся.
Напрыклад, сіньёра Капулеці, вытанчаная высакамерная арыстакратка, у балеце «Рамэа і Джульета» С. Пракоф'ева. Душа яе назаўсёды спавіта саслоўнымі забабонамі, самаўпэўненай фанабэрыстасцю. Гледзячы на гераіню Таццяны Шаметавец, думаеш, што ў маладосці яна магла б стаць Джульетай, аднак змрочны свет раструшчыў яе душу, падпарадкаваў сабе... Сіньёра Капулеці – «ракавая» жанчына, што звязвае ўсіх персанажаў трагедыі ў тугі вузельчык нянавісці і кахання, рассячы які можа толькі смерць.
Тацяна Шаметавец лічыць, што акцёрскае майстэрства – гэта ўменне адчуць і перадаць дух спектакля, канцэртнага нумара. Балет – «маўклівае» мастацтва, дзе сказаць штосьці можна толькі сваім целам, таму трэба ўважліва ставіцца да кожнага руху, укладаючы ў яго сэнс і душу.
Сярод партый балерыны ў нацыянальным рэпертуары: Нявеста («Крылы памяці» У. Кандрусевіча), Ганна Багранародная («Страсці» А. Мдывані), Дзяўчына («Кругаверць» А. Залётнева).
Партыі Таццяны Шаметавец у класічных і сучасных балетах: Мэрсэдэс і сола («Дон Кіхот» і «Пахіта» Л. Мінкуса), Мірта («Жызэль» А. Адана), Тэрэза («Прывал кавалерыі» І. Армсгеймера), іспанскі танец, сола («Лебядзінае возера», «Серэнада» П. Чайкоўскага), Люсіль Гран («Па-дэ-катр» Ц. Пуні), Куртызанка («Спартак» А. Хачатурана).
Акрамя таго, балерына выконвала танцы ў операх: «Князь Ігар» А. Барадзіна (палавецкія танцы), «Аіда» і «Травіята» Д. Вердзі (егіпецкі і іспанскі танцы), якія вызначаліся яркай індывідуальнасцю і вытанчанасцю. Таццяна Шаметавец – заслужаная артыстка Беларусі (1990 г.), лаўрэат прэміі імя Л. Александроўскай (1996 г.).
У яе было шмат яркіх спектакляў. Яны – як выбухі! Аднак актрыса ніколі не была задаволена сваёй працай, ніколі ёй не прыходзілі думкі аб тым, што можна спыніцца...
Сёння Таццяна Шаметавец – балетмайстар-рэпетытар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Сваё майстэрства яна перадае маладым артыстам. Артыстка ўпэўнена, што з кожным вучнем неабходна знайсці ўзаемаразуменне, бо педагагічная дзейнасць – гэта і вялікая адказнасць, і працяг у вучнях уласнага жыцця.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.