Рэлігійная музыка – гэта той скарб, які доўгія дзесяцігоддзі быў схаваны ад нас. Хараство царкоўнаславянскіх песнапенняў хвалюе сэрцы слухачоў усяго свету, паказвае самае патаеннае, што ёсць у чалавека – яго душу, пакуты і надзею. Праваслаўная царква аб’яднала ў веры, надзеі і любові шматлікія пакаленні выдатных кампазітараў, дырыжораў і спевакоў, якія пакінулі нам каштоўную спадчыну. Найбольш значны ўклад у нацыянальны рэпертуар рэлігійнай музыкі зрабіў выдатны майстар Мікола (Мікалай Уладзіміравіч) Бутома – адораны вучань вядомага кампазітара А. Я. Туранкова, аднаго з заснавальнікаў масавай песні, хору і раманса ў беларускай музыцы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.
Мікалай Бутома нарадзіўся 9 мая 1905 г. у Гомелі, дзе і пражыў амаль усё сваё жыццё. Істотную ролю ў яго выхаванні адыграў бацька, які працаваў святаром у гомельскай Праабражэнскай царкве. Хлопчык атрымаў грунтоўную адукацыю у гімназіі, дзе падчас вучобы пачаў рабіць і першыя крокі ў царкоўнай музыцы. У Праабражэнскай царкве Мікола спяваў, чытаў на клірасе, потым самастойна кіраваў хорам, тут жа прагучалі яго першыя музычныя творы. Маладога таленавітага кампазітара падтрымлівала руская княгіня Ірына Іванаўна Паскевіч, якая большую частку жыцця правяла ў Гомелі і славілася дабрачыннымі справамі. Акрамя музычнага таленту М. Бутома меў выдатныя веды ў матэматыцы, складаў вершы, валодаў прыгожым почыркам і свае рукапісныя зборнікі нават аздабляў уласнымі малюнкамі.
Пазней Мікола паступіў у чыгуначны тэхнікум, але правучыўся нядоўга – яго выключылі, калі даведаліся пра бацьку-святара. Потым паспрабаваў атрымаць вышэйшую адукацыю ў гандлёвым інстытуце, аднак перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Каб пракарміць сваю сям’ю М. Бутоме прыйшлося ўладкавацца рабочым прыбіраць снег, потым пайсці працаваць бухгалтарам на чыгунку. І хаця таленавіты музыкант стаў бухгалтарам, аднак музыка засталася з ім на ўсё жыццё.
Свае першыя значныя музычныя творы М. Бутома напісаў у 1925 г. У вольны ад асноўнай працы час ён да 1965 г. выконваў абавязкі дырыжора (рэгента) царкоўнага хору ў Гомельскім саборы Святога Пятра і Паўла і ў храме Свяціцеля Мікалая. Кампазітар быў цалкам захоплены музыкай: шмат пісаў і працаваў са сваім настаўнікам А. Я. Туранковым, ствараў богаслужбовую музыку для свайго хору, а таксама па просьбе рэгентаў іншых храмаў. Больш за 300 яго твораў для царкоўнай службы спяваюць зараз у храмах Гомеля і Гомельшчыны, Барнаула, Бранска, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Чарнігава, Мінска, Паўлаўска, Луцка, а таксама аматарскія і некаторыя прафесійныя калектывы. Можна сцвярджаць, што Мікалай Уладзіміравіч склаў свой абіход царкоўнага спявання: некалькі літургій і ўсяночных, песняспевы для ўсіх вялікіх святаў, да архіерэйскай службы і вянчання, ірмасы, трапары, і кандакі, больш за 20 харавых канцэртаў. Яго творы малітоўныя, меладычныя, класічна гарманізаваныя, даступныя для выканання невялікімі калектывамі.
Матэрыял падрыхтаваны Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.