Андрэй Андрэевіч Душачкін-Клімаў. Сын народнай артысткі СССР А. І. Клімавай і тэатральнага педагога, акцёра А. В. Карсакоўскага (Душачкіна) нарадзіўся ў Мінску. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1981 г., курс В. Раеўскага). Кар'ера будучага артыста пачыналася з трапяткога захаплення музыкай. У той час амаль у кожнай школе існаваў свой ансамбль. Андрэй іграў на электрагітары, якую сканструяваў самастойна.
Прайшоў час, школьная сцэна змянілася тэатральнымі падмосткамі. Тлумачэнне гэтаму можа быць дваістае: з аднаго боку любоў да музыкі як да адной са сфер сапраўднага мастацтва, з другога – наяўнасць вядомых таленавітых бацькоў-акцёраў.
Андрэй Душачкін-Клімаў з 1981 г. працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Ён тонкі і шматгранны акцёр, выканаўца лірычных, драматычных і трагікамічных роляў. Яго мастацтву ўласцівы шчырасць, арганічнасць, імправізацыйнасць, гратэскавая завостранасць у злучэнні з глыбінёй разумення сцэнічнага характару.
Рэпертуарны ліст артыста значны і разнастайны. Сярод яго роляў Прафесар, Вядучы («Свабодны брак» Д. Фо і Ф. Рамэ), Марцэл («Трагічная аповесць пра Гамлета, прынца Дацкага» паводле п'есы «Гамлет» У. Шэкспіра), Віктар Віктаравіч («Неадкладна патрабуецца... “самазабойца”» паводле п'есы «Самазабойца» М. Эрдмана), Сцыпіён («Калігула» А. Камю), Юрыст («Перад захадам сонца» Г. Гаўптмана), Мікалай («Дзівакі» М. Горкага), Канчэта Меле («Суцяшальнік удоў» Дж. Марота, Б. Рандоні), Окерман («Сунічная паляна» І. Бергмана) і інш.
Акцёру падабаецца ствараць непадобныя адзін на аднаго характары і ў кіно: Чырвонаармеец Заяц («Ветразі майго дзяцінства»), Урач («Каменская»), Доктар Васькін («Атэль выканання жаданняў»), Бізнесмен («Агенцтва Іван ды Мар'я»), Тата («Маленькія ўцекачы»), Урач Паршын («Дняпроўскі рубеж») і інш.
А. Душачкін-Клімаў марыць сыграць у кіно псіхалагічную ролю, каб творча расці, ісці наперад у сваёй прафесіі. Ён зняўся у дзвюх псіхалагічных кінанавэлах маладога рэжысёра М. Субоціна – «Бакал віна» і «Аб тых, хто прапаў без вестак», якія былі адзначаны шэрагам узнагарод. Артыст таксама здымаецца ў розных праектах Беларускага тэлебачання, працуе на радыё.
Андрэй Душачкін-Клімаў з'яўляецца аўтарам трох кніг: «По ту сторону зеркала» (1996; прысвечана маці, актрысе А.І. Клімавай), «Отражение» (2000) і «Письма Луны» (2003; у іх змешчаны эсэ, пародыі, авангард, абстракцыі). У 2009 г. у часопісе «Нёман» было апублікавана апавяданне «Фронтовик». Друкаваліся таксама вершы аўтара.
Андрэй Душачкін-Клімаў – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Расіі. Ён уладальнік Ганаровага дыплома ЮНЕСКА за творчую і грамадскую дзейнасць (2008 г.).
23 красавіка 2010 г. быў падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб узнагароджанні артыста медалём Францыска Скарыны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.