Славу і прызнанне таленавіты беларускі спявак Пётр Васільевіч Конюх (Конюх Пётра) набыў за межамі роднай краіны. Яму апладзіравалі слухачы лепшых залаў Еўропы і Амерыкі. На беларускай сцэне сусветна вядомаму артысту выступіць так і не давялося.
Нарадзіўся ён у мястэчку Турэц Навагрудскага павета (зараз аграгарадок Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю набыў на радзіме. Незвычайны талент П. Конюха праявіўся яшчэ ў юнацкія гады. Ён спяваў на сцэне разам з самадзейнымі артыстамі, іграў у аркестры струнных інструментаў (на кларнеце, мандаліне і гітары), удзельнічаў у беларускіх спектаклях. Разам з арганізаваным у вёсцы хорам пабываў у розных мясцінах Беларусі (Навагрудку, Стоўбцах і інш.). У 1932 г. быў прызваны ў польскую армію, а пасля заканчэння службы, у 1934 г., зноў вярнуўся ў родную вёску. Займаўся гаспадарчымі справамі, у 1938 г. скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы. Да 1939 г. быў экспертам па закупцы ільну на камбінаце ў Баранавічах. Потым паехаў працаваць у Стоўбцы, праз некаторы час накіраваны на курсы ў Ржэў. У гады вайны трапіў у армейскі корпус польскага генерала У. Андэрса, які ў хуткім часе эвакуіравалі ў Іран і Ірак. Разам з гэтымі вайсковымі злучэннямі капрал П. Конюх у складзе 9-га палка цяжкай артылерыі 2-га Польскага корпуса ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Егіпце, Палесціне, Італіі. За ўдзел у вядомай бітве пры Монтэ-Касіна, дзе загінулі сотні палякаў і беларусаў, узнагароджаны Памятным крыжам. Потым атрымаў Зорку Афрыкі, Зорку Італіі, Зорку Францыі. Быў паранены, знаходзіўся паўгода ў шпіталі ў Рыме. У 1945 г. атрымаў ваенную стыпендыю на вучобу ў Рымскай акадэміі мастацтваў. Таксама шмат часу праводзіў у бібліятэках, вывучаючы музычную літаратуру. Адначасова авалодаў італьянскай мовай. Атрымаў два дыпломы – спевака (1951) і музычнага крытыка (1956), а таксама ганаровае званне «Маэстра акадэміі» (1956). Яшчэ ў час вучобы пачаў прымаць удзел у конкурсах і канцэртах, а потым дэбютаваў на опернай сцэне. Выступаў у міланскай оперы «La Scala» і буйнейшых гарадах Еўропы, па-майстэрску выконваў вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж. Вердзі, «Фаўст» Ш. Гуно, «Мефістофель» А. Бойта, «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага і інш. Спяваў сольна і ў якасці саліста хору, акрамя класічных італьянскіх і французскіх арый у свой рэпертуар заўсёды ўключаў народныя песні, у асноўным славянскіх народаў. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка захаплялі слухачоў. У сярэдзіне 1950-х гг. ён пераехаў у Нью-Ёрк. Важнай падзеяй стала выступленне ў 1956 г. у адной з залаў Карнегі-хол (Carnegie Recital Hall). У праграму ўвайшлі не толькі творы міжнароднага рэпертуару на розных мовах, але і нумары беларускай музыкі, народныя песні («Палыночак», «Што й за месяц», «Малойчык» і інш.). На беларускай мове прагучалі і некаторыя сусветна вядомыя творы – «Элегія» Ж. Масне, «Ноч» П. Чайкоўскага. Канцэрт прайшоў з такім поспехам, што П. Конюха пачалі называць «беларускім Шаляпіным». У 1957 г. ён стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу вакалістаў у Рыме. Акрамя канцэртнай дзейнасці, даваў урокі спеваў (па класе вакалу, у жанрах класічнай і народнай музыкі), меў студыі ў Гамбургу і Нью-Ёрку, займаўся грамадскімі справамі. У 1958 г. кіраўнік вядомага Хору данскіх казакоў С. Жараў, уражаны майстэрствам спевака, запрасіў П. Конюха ў свой калектыў. З хорам С. Жарава працаваў да 1985 г., выступаў у Канадзе, Японіі, Аўстраліі, Англіі, Германіі, Францыі і іншых краінах свету. Спяваў і беларускія песні, некаторыя з якіх былі запісаны на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». Апошнія гады жыцця знаходзіўся ў Канадзе, куды пераехаў у 1987 г. Спяваў у царкоўным хоры, удзельнічаў у мясцовых музычных фестывалях. Выступаў П. Конюх практычна да 1993 г.
У 1975 г. у складзе турыстычнай групы ён наведаў Беларусь. Гэта была першая за доўгія гады і адзіная сустрэча са сваімі роднымі. Аднак сувязь з бацькаўшчынай падтрымліваў увесь час. З-за складаных жыццёвых абставін у Беларусі засталася сям’я спевака (жонка з двума дзецьмі). Ён сябраваў з Р. Шырмай, Я. Брылём, А. Бажко.
У 2000 г. у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі да 90-годдзя з дня нараджэння спевака праходзіла выстаўка «Беларускі Шаляпін». На ўрачыстым адкрыцці з успамінамі пра бацьку выступілі яго дзеці. Яны перадалі ў дар музею асабістыя рэчы П. Конюха. Сярод іх лісты родным з розных куткоў свету, дакументы, якія яны атрымалі з Канады пасля яго смерці. У музеі захоўваецца праграма яго канцэрта, які ён даў 24 ліпеня 1965 г. у беларускім цэнтры адпачынку «Бэлер-Менск». Запісы песень поўнага рэпертуару П. Конюха былі выпадкова пашкоджаны. Засталіся толькі пласцінкі з песнямі Хору данскіх казакоў, на якіх гучыць і голас П. Конюха. Таксама ў музеі захоўваецца гукавое пісьмо, якое адрасавана родным спевака і заканчваецца песнямі ў яго выкананні. Запісы выступленняў знаходзяцца ў фондах медыякампаній і ва ўласных калекцыях. У 2008 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» беларускім рэжысёрам А. Алаем па заказе Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь быў зняты дакументальны фільм пра П. Конюха. 24 лістапада 2018 г. у аграгарадку Турэц прайшло свята песні, прысвечанае артысту.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.