Міхоэлс (сапраўднае Воўсі) Саламон Міхайлавіч нарадзіўся 16 сакавіка 1890 г. у Дынабургу Віцебскай губерні (цяпер Даўгаўпілс, Латвія) у сям'і дробнага лесапрамыслоўца. Бацькі хлопчыка ведалі вялікую колькасць яўрэйскіх легенд і казак, народных песень, прыказак і прымавак. У дзевяць год Саламон напісаў п'есу «Грахі маладосці» і сыграў у ёй блуднага сына. Аднак бацькі не лічылі прафесію акцёра дастойным заняткам.
У 1905–1908 гг. С. Міхоэлс вучыўся ў рэальным вучылішчы ў Рызе. Юнак часта наведваў тэатр Рускай драмы (цяпер Рыжскі рускі тэатр імя Міхаіла Чэхава), народныя гулянні ў Верманскім парку. Тут ён упершыню ўбачыў ігру выдатных актрыс Эстэр-Рахель Камінскай і Веры Камісаржэўскай. Пасля заканчэння рэальнага вучылішча ў 1911 г. паступіў у Кіеўскі камерцыйны інстытут (цяпер Кіеўскі нацыянальны эканамічны ўніверсітэт імя Вадзіма Гетмана), але за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў выключаны. У 1915 г. Міхоэлс становіцца студэнтам юрыдычнага факультэта Петраградскага ўніверсітэта (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт).
У 1919 г. Саламон Міхоэлс пакідае ўніверстэт і становіцца вучнем яўрэйскай тэатральнай студыі («Дзяржаўная яўрэйская школа сцэнічнага мастацтва») А. Граноўскага ў Петраградзе, а ў 1921 г. – акцёрам Маскоўскага дзяржаўнага яўрэйскага камернага тэатра (з 1925 г. – Дзяржаўны яўрэйскі тэатр (ДЯТ), існаваў да 1949 г.), створаным на аснове студыі. У 1929 г. Саламон Міхайлавіч займае пасаду мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра і выкладае ў Маскоўскім дзяржаўным яўрэйскім тэатральным вучылішчы (існавала ў 1930–1949 гг.).
Прырода не дала Саламону Міхоэлсу ні прыгажосці, ні статнай фігуры, замест гэтага яна ўзнагародзіла яго вялікім талентам, глыбокім і тонкім розумам і чулым сэрцам.
Саламон Міхайлавіч Міхоэлс – акцёр шырокага творчага дыяпазону. Створаныя ім сцэнічныя вобразы вызначаліся філасофскай глыбінёй, тэмпераментнасцю, вастрынёй і манументальнасцю формы, пластычнай выразнасцю. Выступаючы ў пачатку творчага шляху ў ролях бытавых і камедыйных персанажаў, С. Міхоэлс перадаваў іх пачуццё ўласнай годнасці, імкненне духоўна ўзняцца над убогімі ўмовамі навакольнага жыцця. Гледачам запомніліся яго ролі ў спектаклях «Чараўніца» па А. Гольдфадэну (1923), «Ноч на старым рынку» І. Переца (1925), «Ніт гедайгет» П. Маркіша (1931), «Разбойнік Бойтре» М. Кульбака (1936).
У 1920–1930 гг. Саламон Міхоэлс здымаўся ў кінафільмах «Яўрэйскае шчасце» (1925), «Вяртанне Нэйтана Бэкера» (1932), «Лунны камень» («Памір», 1935), «Цырк» (1936), «Сям'я Апенгейм» (1938). Акрамя таго Міхоэлс быў кансультантам фільма «Шукальнікі шчасця» (1936), які ўвайшоў у «Залаты фонд» савецкага кіно.
Асабліва поўна раскрыўся талент Міхоэлса-акцёра ў трагедыйных вобразах. Сярод лепшых яго роляў: Веніямін («Падарожжа Веніяміна III» М. Мойхер-Сфорыма), Зайвл Авадзіс («Сям'я Авадзіс» П. Маркіша), Менахем-Мендэль, Тэўе, Шымеле Сарокер («Агенты», «Тэўе-малочнік», «200 тысяч» паводле Шолам-Алейхема) і інш.
Лепшая роля Саламона Міхоэлса, дзякуючы якой ён атрымаў сусветную вядомасць і прызнанне акцёраў і гледачоў, – Лір у трагедыі У. Шэкспіра «Кароль Лір» (1935). Акцёр стварыў велічны і пакутніцкі вобраз, дасягнуўшы найвышэйшай дакладнасці.
С. Міхоэлс валодаў не толькі акцёрскім талентам, ён быў і выдатным тэатральным рэжысёрам. Сярод яго лепшых пастановак: «Чатыры дні» паводле М. Даніэля (1931), «Суламіф» (сцэнарый С. Міхоэлса, вершы С. Галкіна, 1937), «Тэўе-малочнік» (1938) і «Блукаючыя зоркі» (1941) паводле Шолам-Алейхема, «Муканна» Х. Алімджана (Узбекскі театр драмы імя Хамзы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр драмы Узбекістана), 1943), «Лясы шумяць» А. Брата і Г. Лінькова (1946).
Вяршыняй рэжысёрскай творчасці С. Міхоэлса стаў спектакль «Фрэйлехс» З. Шнэера (1945). У спектаклі сцвярджалася ідэя трыумфа жыцця, яго ўсемагутнасці і непераможнасці. Пастаноўка вызначалася вастрынёй ідэі, імправізацыйнай віртуознасцю. Саламон Міхоэлс па-свойму асэнсаваў драматургічную канву твора, цікава рэалізаваў яе ў рэжысёрскім плане. Яркая таленавітасць спектакля, яго афарыстычнасць і паэтычнасць пераканаўча сведчылі аб глыбіні адносін Міхоэлса-рэжысёра да жыцця і мастацтва. Стваральнікі спектакля С. Міхоэлс, В. Зускін і А. Тышлер атрымалі Сталінскую (Дзяржаўную) прэмію СССР 1946 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны Саламон Міхоэлс з'яўляўся старшынёй яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (ЯАК). ЯАК садзейнічаў умацаванню саюза паміж СССР і ЗША ў вайне супраць гітлераўскай Германіі. У 1943 г. Міхоэлс наведаў ЗША, Канаду, Вялікабрытанію і Мексіку, выступаў перад простымі людзьмі, сустракаўся з Т. Драйзерам, А. Эйнштэйнам, П. Робсанам, Ч. Чапліным і здолеў прыцягнуць увагу ўсёй сусветнай грамадскасці да барацьбы савецкага народа супраць фашызму.
Саламон Міхайлавіч быў усебакова адукаваным чалавекам: яго асабістая бібліятэка налічвала 10 000 кніг, ён ведаў сваю нацыянальную літаратуру, музыку, фальклор, цікавіўся астраноміяй, астрафізікай, матэматыкай і ўвесь час вучыўся новаму. У сваіх артыкулах і лекцыях С. Міхоэлс прапагандаваў тэатр глыбокай філасофскай і грамадскай думкі. Сёння майстры тэатральнага мастацтва вывучаюць рэжысёрскую і акцёрскую творчасць Саламона Міхоэлса, асэнсоўваюць усю глыбіню яго імкнення да сацыяльнага і філасофскага абагульнення.
Саламон Міхоэлс – гонар, слава і годнасць савецкага тэатральнага мастацтва, акцёр з сусветным імем, выдатны рэжысёр, грамадскі дзеяч, неверагодна абаяльны і добры, нераўнадушны да чужога гора чалавек. У 1939 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Народны артыст СССР», уручана высокая ўзнагарода – ордэн Леніна, у 1941 г. атрымаў званне прафесара. Усё жыццё ён жыў, падпарадкоўваючыся народнай прыказцы: «Не той Саламон, якому шанцуе, а той Саламон, які працуе!».
13 студзеня 1948 г. Саламон Міхоэлс трагічна загінуў у Мінску, дзе знаходзіўся як прадстаўнік Камітэта па Сталінскіх прэміях СССР для прагляду спектакляў «Канстанцін Заслонаў» ў Беларускім дзяржаўным тэатры імя Я. Купалы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы) і оперы «Алеся» ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).
Знакамітага земляка памятаюць у родным горадзе: у 1990 г. у Даўгаўпілсе з'явілася вуліца С. Міхоэлса, барэльеф з яго выявай і мемарыяльная дошка на трох мовах на доме № 4 (тут жыла сям'я Воўсі) гэтай вуліцы. У 2003 г. у Даўгаўпілскім тэатры адбылася прэм'ера спектакля «Міхоэлс».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.