У гісторыі беларускага мастацтва Людміла Дзмітрыеўна Налівайка займае надзвычай пачэснае месца: яна належыць да той кагорты мастацтвазнаўцаў, якія ў сваім творчым жыцці плённа спалучаюць дзейнасць мастака і навукоўца-даследчыка.
Нарадзілася яна ў Гродне, у сям 'і выкладчыка, актыўнага дзеяча беларускай асветы Дзмітрыя Іванавіча Налівайкі. Па бацьку яна – пляменніца вядомага пісьменніка Гродзеншчыны А. Карпюка. Маленства Л. Налівайка звязана з Беласточчынай. Там, у час Другой сусветнай вайны, жыла сям'я Налівайкаў. Потым, у канцы 1940-х гг., яна вярнулася ў Гродна, дзе прайшлі школьныя гады Людмілы.
У 1958–1963 гг. Л. Налівайка вучылася на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. Краіна тады перажывала дэмакратычную «адлігу», і творчая моладзь усёй душой пацягнулася да адчыненых фондаў, легалізаванай літаратуры, дзе былі ўзоры віцебскага мастацтва 1920-х гг. – часу, калі горад з’яўляўся адной са сталіц рэвалюцыйнага мастацтва авангарду.
У 1963 г. Л. Налівайка вярнулася ў родны горад і актыўна ўключылася ў яго творчае жыццё. Спрабавала прыўнесці свае навацыі ў архітэктурныя праекты, у тэатральныя дэкарацыі. Яна звярнулася да наватарскай тады тэхнікі лінарыту. Графічныя працы «Трубяць трубы гарадзенскія», «Каложская царква», «Вясковае вяселле», «Пабудова новага моста» і шмат іншых змяшчаюць у газетах і часопісах. Мастак адгукнулася на прапанову абласной газеты «Гродзенская праўда» перыядычна маляваць тушшу для яе старонак розныя мастацкія застаўкі, накіды, замалёўкі. Сёння агляд старонак гэтай газеты 1960-х гг. здзіўляе адметнасцю і непаўторнасцю тагачаснага друку з малюнкамі Л. Налівайка. Ёй належыць адна з першых мазаічных кампазіцый для залы рэгістрацыі шлюбу гродзенскага ЗАГСа. Яшчэ адна смелая навацыя ў творчасці Л. Налівайка – пейзажны жывапіс канца 1960 – пачатку 1970-х гг. Мастак аднолькава свабодна карыстаецца алейнымі, тэмпернымі, акварэльнымі фарбамі, пастэллю і гуашшу.
У 1976 г. Л. Налівайка пераехала ў Мінск, паступіла ў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і пачала працаваць малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела выяўленчага мастацтва гэтай установы. Узялася за напісанне кандыдацкай дысертацыі “Мастацкае жыццё Беларусі 1917–1932 гг. (плакат, часопісная і газетная графіка)”. Даследавала архівы, музейныя сховішчы, ездзіла па Беларусі і за яе межы, каб аднавіць панараму вялікага ўздыму, які перажыло беларускае мастацтва ў 1920-я гг. Як і ў выяўленчым мастацтве, у навуцы Л. Налівайка паказала сябе адкрывальнікам. У друку з’явіліся дзесяткі грунтоўных артыкулаў. Дзякуючы яе мастацтвазнаўчым доказам, якія абгрунтоўваліся дакументальнымі матэрыяламі, па-навуковаму рэабілітаваны многія творцы, якіх раней мала хто прыгадваў або зусім не ведалі. Сярод іх – А. Тычына, П. Гуткоўскі, Я. Кашкель, С. Каўроўскі, Г. Змудзінскі, А. Ахола-Вало, У. Стрэмінскі і інш. Людміла Налівайка адна з аўтараў кніг “Кола дзён” (1987, 1988), “Гісторыя беларускага мастацтва” (т. 4, 1990; т. 6, 1994), “Інстытут беларускай культуры” (1993) і інш.
У 1997 г. Л. Налівайка паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю і ў 1998 г. перайшла працаваць у якасці вядучага навуковага супрацоўніка аддзела сучаснага беларускага мастацтва ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Гэты перыяд яе творчага жыцця вызначаецца новымі захапленнямі і навацыямі. Цяпер яна ўдала спалучае тэорыю і практыку мастацтва: усё часцей займаецца жывапісам і графікай, роспісам па шоўку, арганізоўвае персанальныя выстаўкі, рыхтуе да друку новыя матэрыялы з назапашаных навуковых знаходак, даследуе калекцыі, якія знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея. Людміла Налівайка пачала таксама пісаць драматычныя і паэтычныя творы. Героі яе п’ес – і рэальныя гістарычныя асобы (І. Рэпін, Ю. Пэн), і абагульненыя вобразы-тыпажы. Некаторыя з яе твораў апублікаваны.
Мастацкія творы Л. Налівайка знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у віцебскіх музеях, у Фінляндыі, Швецыі, Эстоніі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.