Жыццё Паліводы Ігара Ігаравіча пранеслася імкліва, як камета. Ён жыў “на разрыў”, не шкадуючы сіл, быццам ведаў, што адмерана яму зусім няшмат. Вялікі, шчодры талент І. Паліводы праявіўся ў яго цудоўнай музыцы, вершах, літаратурных эсэ, малюнках і дзённіках.
Нарадзіўся будучы кампазітар у г. Стэрлітамак (Башкортастан), а праз некалькі месяцаў яго бацькі пераехалі ў Мінск. У хлопца вельмі рана выявілася схільнасць да музыкі, і ў 1957 г. ён паступіў у музычную школу пры Беларускай кансерваторыі. Потым без цяжкасцей паступіў на фартэпіяннае аддзяленне Беларускай кансерваторыі ў клас Р. Шаршэўскага. У 1972 г., калі быў студэнтам чацвёртага курса, стаў дыпламантам ІV Усесаюзнага конкурсу піяністаў, што праходзіў у Мінску. У кансерваторыі выявілася яшчэ адна рыса таленту І. Паліводы – дар імправізатара, здольнасць ствараць музычныя пародыі.
Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класах фартэпіяна (1974 г., клас Р. Шаршэўскага) і кампазіцыі (1988 г., клас Д. Смольскага).
У 1976–1984 гг. І. Палівода працаваў у ансамблі “Песняры” ў якасці піяніста і аранжыроўшчыка, паўторна вярнуўся ў калектыў у чэрвені 1988 г. У жніўні 1989 г. увайшоў у склад Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі.
Працаваў у жанрах сімфанічнай, камернай і папулярнай музыкі, выступаў як піяніст джаз-групы І. Сафонава. Працуючы таксама ў галіне вакальна-інструментальнай музыкі, стварыў арыгінальны песенны стыль. Найбольш значны твор “Раймонда” (уверцюра-фантазія для літаўры сола і вялікага камернага аркестра на тэмы песень Р. Паўлса, сумесна з Л. Гуціным, 1985). Сярод твораў: кантата “Слова” на вершы савецкіх паэтаў (1987), Музыка для струнных і фартэпіяна (1984), Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам (1986), Прэлюдыя і фуга для струннага аркестра (1995); камерна-інструментальныя: 12 прэлюдый і Варыяцыі для фартэпіяна (1983), Саната для фартэпіяна; Таката для віяланчэлі і фартэпіяна; Музыка для чатырох валторнаў; Фантазія для ансамбля цымбал (1985), Скерца для актэта драўляных духавых (1995); поп-опера “Максім” на вершы М. Багдановіча (1991), опера-песня “Беларушчына” на вершы Я. Купалы (1992), цыклы песень “Матчын спеў” на вершы А. Куляшова (1993), “Нёман” на народныя словы (1995), “Веселые нищие” на вершы Р. Бёрнса (1981); песні на вершы Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, Л. Пранчака, М. Танка і іншых; апрацоўка цыкла народных песень “Прала б я кудзелачку” для Н. Мікуліч і групы “Сузор’е” (1985), песень “Маладзечна”, “Кахаймася”, “Маналог сабакі” (словы П. Макаля), “Сівы голуб” (словы Л. Пранчака).
У пачатку 1990-х гг. у якасці клавішніка і аранжыроўшчыка І. Палівода шмат часу аддаваў працы ў джазавай групе “Пяты вугал” пад кіраўніцтвам І. Сафонава, у складзе якой ён удзельнічаў ва Усесаюзных джазавых фестывалях, якія праводзіліся ў Віцебску, стварыў для групы мноства джазавых аранжыровак і песень.
Музыкант прадчуваў уласную смерць, нават прадказаў яе на старонках сваіх дзённікаў. Ён працаваў днём і ноччу, без адпачынку. Часу на сябе заўжды не ставала. Ігар Палівода памёр 28 лютага 1996 г. у Мінску ад сардэчнага прыступу. Яму ішоў толькі сорак шосты год.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.