Адзін з самых загадкавых артыстаў айчыннай эстрады Эдзі (Адольф-Эдуард) Ігнацьевіч Рознер быў сапраўдным віртуозам, зоркай польскага і беларускага джаза.
Ён нарадзіўся ў Берліне. У 1916–1927 гг. вучыўся ў кансерваторыі Ю. Штэрна і іншых навучальных установах па класе скрыпкі. Скончыў Вышэйшую музычную школу ў Берліне (1929). Навучыўся па-майстэрску іграць на трубе. У красавіку 1929 г. пачаў супрацоўніцтва з ансамблем Weintraub Syncopators. Да 1933 г. гастраліраваў з гэтым калектывам, здымаўся ў музычных фільмах. Працаваў у Бельгіі і Галандыі, выступаў у ансамблі Ф. Кандрыкса. З 1933 г. з’яўляўся кіраўніком створанага ім джазавага аркестра ў Берліне. З 1936 г. жыў у Польшчы, працаваў у аркестры Ю. Бяльзацкага, узначальваў аркестры ў Варшаве, Кракаве, Лодзі. У 1937–1938 гг. гастраліраваў па гарадах Польшчы, Францыі. У час знаходжання ў Францыі песні аркестра Э. Рознера запісала на грампласцінкі амерыканская фірма Columbia Records. У 1939 г. эмігрыраваў у СССР (Беласток, Львоў, Мінск). З 1940 г. ён кіраўнік Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР (у 1947 г. расфарміраваны). У гэтым жа годзе адбыліся першыя трыумфальныя гастролі па Савецкім Саюзе. Сенсацыяй сезона сталі канцэрты аркестра Э. Рознера ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску. Вялікі поспех выступленні мелі дзякуючы артыстызму Э. Рознера, яго абаяльнасці, незвычайнай музыкальнасці, багацейшаму дыяпазону інтанацый, лёгкасці, з якой ён устанаўліваў кантакт са слухачамі ўжо з першых хвілін. Яго называлі «Белы Луі Армстранг».
У 1941–1944 гг. выступаў з канцэртамі ў тыле і на фронце. Эдзі Рознер стаў першым джазавым салістам-інструменталістам, якому было прысвоена ганаровае званне заслужанага артыста БССР (1944). За 1944 г. аркестр даў 175 канцэртаў, за 1945 г. – 229. З 2 лістапада 1945 г. пачаліся гастролі па Беларусі (Віцебск, Гомель, Бабруйск, Магілёў). З аркестрам запісаў песню «Сент-Луис блюз», прызнаную адным з лепшых узораў еўрапейскага джаза свайго часу. У 1946 г. рэпрэсіраваны, знаходзіўся ў турме, а таксама лагерах у Хабараўску, Камсамольску-на-Амуры, Магадане. У 1954 г. пасля перагляду справы Э. Рознер быў вызвалены. Кіраваў эстраднымі аркестрамі Масквы, з 1969 г. – аркестрам Гомельскай абласной філармоніі. З ім ігралі лепшыя джазавыя музыканты краіны, супрацоўнічалі вядомыя рэжысёры, танцоры і канферансье, а таксама многія папулярныя эстрадныя выканаўцы (Н. Дорда, Т. Краўцова, К. Лазарэнка, Г. Чахелі, І. Бржэўская, Э. Гаравец і інш.). З 1972 г. жыў у Заходнім Берліне. Ён аўтар многіх папулярных песень, танцавальных мелодый («Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча», «Хлопец-хлапчук», «Бывай, каханне» і інш.). Джаз-аркестрам пад кіраўніцтвам Э. Рознера выконваліся песні на вершы Ю. Цэйтліна: «Мандолина, гитара и бас», «Ковбойская песня», «На полянке», «Ты не хмурься!», «Зачем смеяться?», «Мерилю», «Останься», «Мне не забыть!», «Джону было восемь лет...», «Может быть», «Воспоминание» і інш. Шматлікія творы ў выкананні аркестраў пад яго кіраўніцтвам запісаны на грампласцінкі. У 2001 г. прайшоў першы канцэрт у Маскве, у якім прагучалі ўзноўленыя партытуры Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР. У 2004 г. адбыўся Міжнародны фестываль памяці Э. Рознера ў Ізраілі. У 2010 г. джазавы фестываль яго імя заснаваны і ўпершыню праведзены ў Берліне.
У 1978–1984 гг. з’явіліся першыя англамоўныя публікацыі пра Э. Рознера: мемуары Р. Камінскай і кніга Ф. Стара пра савецкі джаз. Хроніку ансамбля Weintraub Syncopators, у якой прадстаўлены асноўныя вехі біяграфіі Э. Рознера, склаў Х. Бергмайер. У кнігу Д. Драгілёва «Шмаляем джаз, холера ясна!» увайшлі ўспаміны спявачкі Н. Бродскай, сведчанні калег, сяброў і блізкіх трубача. Аўтар збіраў матэрыялы пра Э. Рознера на працягу 25 гадоў. У 1993 г. выйшла кніга Ю. Цэйтліна «Взлеты и падения великого трубача Эдди Рознера», які працаваў разам з ім, быў суаўтарам яго песень і эстрадных шоу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.