Рахіль Эфраімаўна Мазо, педыятр і дзіцячы кардыёлаг, заснавальніца беларускай навуковай школы дзіцячай кардыярэўматалогіі, нарадзілася ў Барысаве. Скончыла педагагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Затым пераехала ў Мінск і з 1931 па 1941 г. працавала навуковым супрацоўнікам Інстытута аховы мацярынства і дзяцінства. Работу сумяшчала з вучобай на лячэбным факультэце Мінскага медыцынскага інстытута (1935–1940).
У час Вялікай Айчыннай вайны эвакуіравалася ў Саратаў, дзе працавала ўчастковым педыятрам. З 1942 па 1943 г. была начальнікам аддзялення эвакуацыйнага шпіталя ва Уфе, а з 1943 па 1944 г. – урачом вайсковай часці. Пасля вызвалення Мінска вярнулася ў сталіцу і працавала ў Мінскай гарадской першай клінічнай бальніцы ардынатарам, затым загадчыцай дзіцячага аддзялення.
З 1946 па 1949 г. вучылася ў аспірантуры пры Акадэміі навук БССР. Далейшы працоўны і навуковы шлях Р.Э. Мазо звязаны з Беларускім дзяржаўным інстытутам удасканалення ўрачоў: спачатку працавала на кафедры педыятрыі асістэнтам, а з 1956 г. – дацэнтам. У 1965 г. ёй прысвоена ступень доктара медыцынскіх навук за навуковы даклад па манаграфіі «Инструментальные методы исследования сердца в педиатрии». У 1966 г. атрымала званне прафесара. З 1969 па 1980 г. была загадчыцай кафедры педыятрыі.
Мазо Р.Э. з’яўляецца аўтарам больш за 60 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, прысвечаных дзіцячай кардыялогіі, інструментальным даследаванням і іншым кірункам педыятрыі. Сярод іх – «Электрокардиограммы здоровых детей» (1961), «Пособие по педиатрии для врачей» (1969, у суаўтарстве), «Пневмония у детей раннего возраста» (1977), «Справочник педиатра-кардиоревматолога» (1982, у суаўтарстве), «Артериальная гипертензия у детей» (1985, у суаўтарстве) і інш.
Педыятр займалася грамадскай дзейнасцю, яна прымала удзел у працы праўлення Усесаюзнага Таварыства рэўматолагаў, Беларускага навуковага таварыства дзіцячых урачоў, з’яўлялася старшынёй метадычнай камісіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў.
За вялікі ўклад у развіццё беларускай педыятрычнай навукі і практыкі Р.Э. Мазо ў 1984 г. прысвоена Дзяржаўная прэмія БССР. Узнагароджана медалём «За доблесную працу», баявымі медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.