Марозкіна Таццяна Сяргееўна, вучоны ў галіне эксперыментальнай анкалогіі, доктар біялагічных навук (1978), прафесар (1983), нарадзілася ў г. Шчолкава Маскоўскай вобласці (Расія) у сям'і служачага. Пасля заканчэння сярэдняй школы г. Мінска, паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут. Потым вучылася ў аспірантуры на кафедры біяхіміі і ў 1967 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Некоторые био- и гистохимические характеристики тканевого и клеточного обмена на этапах канцерогенеза», у 1978 г. доктарскую на тэму «Расстройство энергетического гомеостаза организма как отражение системного действия злокачественной опухоли». З 1987 па 2015 г. была прафесарам кафедры біяхіміі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Навуковай дзейнасцю Т. С. Марозкіна пачала займацца яшчэ ў студэнцкія гады. Першыя даследаванні вызначылі вядучы кірунак дзейнасці – вывучэнне біяхімічных працэсаў пры злаякасных новаўтварэннях, распрацоўка мер па прафілактыцы і лячэнню пухлін. Па выніках вывучэння актыўнасці мембраназвязаных ферментаў пры дзеянні цяжкіх металаў і адрэналіну, уздзеянні антыаксідантаў на злаякасную пухліну вучоны стварыла і ўкараніла ў медыцынскую практыку антыаксідантны комплекс вітамінаў «АК», што шырока выкарыстоўваецца пры лячэнні злаякасных новаўтварэнняў і іншых захворванняў, які з 1997 г. выпускае завод «Белмедпрэпараты». За цыкл работ «Разработка и результаты внедрения в клиническую практику новых высокоэффективных способов дистанционной лучевой терапии онкологических больных» Т. С. Марозкіна ў складзе творчага калектыву НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава ў 1998 г. была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны Т. С. Марозкінай спосаб радыеаховы непухлінных тканак пры апраменьванні хворых на рак страўнікава-кішачнага тракту запатэнтаваны ў Беларусі, Еўропе, Канадзе і ЗША. Пасля аварыі на ЧАЭС пад кіраўніцтвам вучонага актыўна вывучаліся ўздзеянне знешняга і ўнутранага апраменьвання на паказальнікі антыаксідантнай аховы і працэсы перакіснага акіслення ліпідаў, асаблівасці антырадыкальнай аховы ў цяжарных, якія пражываюць у зонах радыеактыўнага забруджвання. Атрыманыя даныя дазволілі распрацаваць новы комплекс вітамінаў для павышэння радыерэзістэнтнасці апрамененага арганізме. Гэты спосаб аховы запатэнтаваны ў Беларусі, а новы антыаксідантны комплекс пад назвай «Резистон» пачаў выпускацца ў 2005 г. Вучоны з'яўляецца аўтарам прэпарату «Дентовитус», які шырока выкарыстоўваецца ў тэрапеўтычнай стаматалогіі.
Таццяне Сяргееўне належаць больш за 200 навуковых прац, 4 манаграфіі. Яна суаўтар 2 падручнікаў па хіміі, 9 пасведчанняў на вынаходніцтвы. Сярод больш значных работ вылучаюцца «Энергетический обмен и питание при злокачественных новообразованиях» (1989), «Питание для здоровья и во вред» (1991, разам з І. І. Шкрабнёвай), « Питание в профилактике и лечении рака» (1998, разам з К. К. Далідовічам), «Профилактика злокачественных заболеваний органов пищеварения» (2014, разам з В. А. Максімавым, К. К. Далідовічам) і інш. Яна таксам была членам прэзідыума Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, савета стаматалагічнага факультэта, спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый, намеснікам рэдактара, членам рэдакцыйнай калегіі газеты «Советский медик», членам камісіі па экспертызе выкарыстання жывёл у навучальным працэсе і навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Рэспубліканскага таварыства аховы жывёл «Ратаванне».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.