Святаполк Ізяславіч (у хрышчэнні Міхаіл), сын Ізяслава Яраславіча
Дата рождения:
08.11.1050
Дата смерти:
16.04.1113
Краткая справка:
князь полацкі, тураўскі, вялікі князь кіеўскі
Варианты имени:
Міхаіл
Имена на других языках:
Михаил (русский); Святополк II Изяславич (русский); Святополк II Изяславович (русский); Святополк Изяславич (русский);
2284 символа
Справка
Прадстаўнік дынастыі Рурыкавічаў, Святаполк Ізяславіч (у хрышчэнні Міхаіл) быў унукам вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага і сынам вялікага князя кіеўскага Ізяслава. Нарадзіўся 8 лістапада 1050 года, згодна некаторых крыніц у Тураве. Маці яго – сястра караля польскага Казіміра I каралеўна Гертруда (у замужжы – вялікая княгіня Алісава). Княжыў у Смаленску, Полацку, Тураве, Ноўгарадзе, Вышгарадзе, у 1073–1077 разам з бацькам быў у выгнанні ў Польшчы. У 1093 годзе пасля смерці Усевалада Яраславіча як старэйшы сын старэйшага з Яраславічаў заняў вялікакняжацкі пасад у Кіеве і заставаўся на ім да канца жыцця.
Па словах М. М. Карамзіна, “княжение Святополка, от начала до конца, представляет цепь ратных действий. Россия была станом воинским, и звук оружия не давал успокоиться ее жителям”2. Асноўным праціўнікам, зразумела, былі полаўцы і менавіта супраць іх былі зроблены шматлікія паходы. Найбольш паспяховыя з іх былі ажыццёўлены ў 1103, 1107 і 1111 гадах. Не адмаўляўся Святаполк і ад міжусобнай барацьбы, пасылаў сваё войска супраць князёў валынскага і менскага.
Імя Святаполка звязана з княжацкім з’ездам у Любечы ў 1097 годзе, які ён сабраў разам з Уладзімірам Манамахам, каб замацаваць за кожным з князёў яго ўладанні і ўсталяваць паміж імі мір і згоду. На з'ездзе было юрыдычна аформлена раздрабленне старажытнарускай дзяржавы Рурыкавічаў. Пад уладу Святаполка як князя тураўскага пастанова з’езда аддавала тэрыторыі “об оне стороне Припети”, у тым ліку Тураў, Пінск, Бярэсце, Пагарынне. Як вялікі князь кіеўскі ён атрымаў Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю. Рашэнні і добрыя намеры, выказаныя на з’ездзе, аднак, не перашкодзілі Святаполку ў тым жа годзе стаць саўдзельнікам крывавай расправы над князем Трэбоўля Васількам. Падзея гэта настолькі ўразіла сучаснікаў, што была адлюстравана ў асобнай аповесці летапіснага зводу “Аповесць мінулых гадоў”.
Памёр Святаполк Ізяславіч 16 красавіка 1113 года ў Вышгарадзе і быў пахаваны ў заснаваным ім храме святога Міхаіла ў Кіеве.
1 Хмыровъ М. Д. Алфавитно-справочный перечень государей русскихъ и замъчательнъйшихъ особъ ихъ крови. – С. Петербургъ., 1870. – С. 72.
2 Карамзин Н. М. История государства Российского : [в 12 т.]. Т. 1–2. Древняя Русь. Киевская Русь. – Москва, 1993. – С. 241.