Уладзімір Паўлавіч Пархоменка нарадзіўся ў в. Каменка Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў механіка-матэматычны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута (1963). Працаваў настаўнікам, затым у Дзяржкамітэце па прафтэхадукацыі, апараце Савета Міністраў БССР. У 1985 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Подготовка учащихся средних профтехучилищ к рационализаторской и изобретательской деятельности на производстве», у 1995 г. – доктарскую дысертацыю на тэму «Воспитание творческой личности как цель образовательных систем». У 1997 г. атрымаў вучонае званне прафесара. З 1988 г. быў намеснікам міністра адукацыі Беларусі, з 1990 г. – дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута адукацыі, з 2002 г. – дырэктарам Нацыянальнага інстытута адукацыі. З 2005 г. з’яўляўся галоўным рэдактарам РУП «Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».
Пархоменка У. П. прымаў удзел у распрацоўцы такіх важных дакументаў, як Закон «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), Канцэпцыя адукацыі і выхавання ў Беларусі (1993). Значным дасягненнем педагога з’яўляецца заснаванне часопіса «Адукацыя і выхаванне», галоўным рэдактарам якога ён быў на працягу больш за 20 гадоў. Першы нумар выдадзены ў студзені 1992 г. Часопіс па сённяшні дзень з’яўляецца важнай крыніцай навукова-метадычнай інфармацыі для педагагічнай навукі і адукацыйнай дзейнасці. У 2000–2001 гг. вучоны рэдагаваў часопіс «Организация и управление», у 2003–2005 гг. «Веснік адукацыі». Пархоменка У.П. унёс уклад у падрыхтоўку навукова-педагагічных кадраў, уваходзіў у склад саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, прэзідыума Беларускага педагагічнага таварыства, Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1996 г. быў намеснікам старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі.
Уладзімір Паўлавіч – аўтар больш за 150 публікацый, 2 манаграфій, 3 вучэбных дапаможнікаў па праблемах выхавання творчай асобы, развіцця навукова-тэхнічнай творчасці. Сярод іх – «Основы рационализаторской и изобретательской работы» (1984), «Формирование творческой личности» (1993, у суаўтарстве), «Творческая личность как цель воспитания» (1994) і інш.
За асабісты ўклад у развіццё здольнасцей моладзі У.П. Пархоменка ў 1993 г. удастоены першай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Ён таксама выдатнік адукацыі Беларусі і выдатнік друку Беларусі (2000). У 2012 г. быў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.