Дзеяч Рэчы Паспалітай Флемінг Ян Ежы Дэтлаў належыць да шляхецкага роду Флемінгаў, якія паходзілі з Фламандыі, а ў ХVІІІ ст. аселі ў Рэчы Паспалітай. Бацькам яго з’яўляецца прускі фельдмаршал Генрых Гайна. З 1724 г. Ян Флемінг знаходзіўся на ваеннай службе ў Рэчы Паспалітай, камандаваў каралеўскім палком. У 1733 г. падтрымаў выбранне Аўгуста ІІІ Саксонскага (1733–1764) на трон Рэчы Паспалітай, за што быў прызначаны старастам шарашоўскім (мястэчка Шарашова ў той час было цэнтрам нягродавага староства). Быў жанаты на Антаніне з роду Чартарыйскіх.
Дзякуючы роднасным адносінам з Чартарыйскімі, а таксама асабістым якасцям, Ян Ежы быў фінансава ўплывовай асобай у дзяржаве: займаў пасаду падскарбія літоўскага (1746–1764 гг.), меў чын генерала артылерыі Вялікага Княства Літоўскага (1738–1746 гг.), выконваў розныя дыпламатычныя даручэнні каралеўскага двара ў Расіі і Саксоніі. У 1752–1759 гг. Ян Флемінг з’яўляўся брэсцкім старастам. Уладкаваў сваю галоўную рэзідэнцыю з палацам у мястэчку Балоткаў і перайменаваў мястэчка ў Цярэспаль (цяпер на тэрыторыі Польшчы) у гонар жонкі. У 1760-я граф Флемінг страціў уплыў на палітыку, бо не знайшоў падтрымкі ў новага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764–1795). Адмоўна ставіўся ён і да Барскай канфедэрацыі – ваенна-палітычнага аб'яднання некаторых магнатаў і часткі шляхты для барацьбы супраць караля і царскай Расіі ў 1768–1772 гг. З 1766 г. займаў пасаду ваяводы паморскага.
Дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай Флемінг Ян Ежы Дэтлаў пакінуў пэўны след у гісторыі сваім адданым служэннем Айчыне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.