Беларускі педагог, гісторык, дзяржаўны дзеяч Леанід Ніканоравіч Ціханаў нарадзіўся ў в. Малы Алонец Алонецкага раёна Карэльскай АССР (цяпер Рэспубліка Карэлія, Расія). У 1960 г. скончыў матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута (цяпер Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы). 3 1964 г. быў на камсамольскай і партыйнай рабоце. У 1971 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Основные направления деятельности пионерской организации Белоруссии в послевоенные годы (1945 – 1968 гг.)», а ў 1987 г. доктарскую дысертацыю на тэму «Руководство КПСС коммунистическим воспитанием учащейся молодежи (1961 – 1980 гг.): (на материалах партийных организаций Белоруссии)». Стаў доктарам гістарычных навук (1988), прафесарам (1989). 3 1978 г. Л. Н. Ціханаў займаў пасаду прарэктара па навуковай рабоце Мінскага інстытытута замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). З 1989 г. быў прарэктарам па навуковай рабоце, першым прарэктарам, а з 1993 па 2003 г. рэктарам Беларускага педагагічнага ўніверсітэта (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). У 1999 г. з'яўляўся прэзідэнтам Беларускай акадэміі адукацыі. У 2001 г. стаў замежным членам Расійскай акадэміі адукацыі.
Леанід Ніканоравіч Ціханаў даследаваў развіццё і станаўленне беларускай педагагічнай навукі, займаўся праблемамі ўдасканалення сістэмы вышэйшай адукацыі, абагульняў вопыт работы па маральным выхаванні моладзі. Пры непасрэдным удзеле вучонага распрацаваны Канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і Праграма яе рэалізацыі (2000 г.). Разам з іншымі вучонымі займаўся пошукам эфектыўных шляхоў станаўлення сістэмы шматузроўневай педагагічнай адукацыі. Навукова-даследчая і вучэбна-метадычная дзейнасць Л. Н. Ціханава адлюстравана ў шматлікіх працах (звыш 150), у тым ліку 9 манаграфіях. Сярод іх – «Школьный комсомольский вожак» (1969), «Пионерский отряд в борьбе за знания» (разам з І. Г. Ціханавай, 1976), «Коммунистическое воспитание учащейся молодежи: опыт партийных организаций КП Белоруссии» (1986), «Канцэпцыя вышэйшай педагагічнай адукацыі па шматузроўневай сістэме ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага» (разам з А. А. Грымацем, 1992), «Сістэма шматузроўневай падрыхтоўкі педагагічных кадраў» (1993), «Информационные средства передачи человеческого опыта на различных этапах развития педагогической мысли» (у суаўтарстве, 1994), «Тэарэтычныя і практычныя асновы шматузроўневай сістэмы падрыхтоўкі педагагічных кадраў ва ўмовах універсітэта» (разам з А. А. Грымацем, 1998), «Основы педагогических измерений. Вопросы разработки и использования педагогических тестов : учебно-методическое пособие» (у суаўтарстве, 2009) і інш. Пад кіраўніцтвам Л. Н. Ціханава абаронены 4 доктарскія, 8 кандыдацкіх, а таксама 10 магістарскіх дысертацый. Таксама неаднаразова ён прымаў удзел у міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах у Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Паўночнай Карэі, Германіі, Італіі і іншых краінах.
Леанід Ніканоравіч Ціханаў займаўся і грамадскай дзейнасцю. Ён з'яўляўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па Нацыянальнай бяспецы і міжнародных справах (1996–2000), віцэ-прэзідэнтам Беларускага аддзялення Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы, членам прэзідыума Беларускага педагагічнага таварыства. За дасягненні ў развіцці педагагічнай навукі і навукова-метадычнай работы Л. Н. Ціханаву прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» (1997).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.