Яўген Міхайлавіч Цішчанка, вучоны ў галіне медыцыны, нарадзіўся ў Гродне ў сям’і служачых. З 1977 па 1983 г. вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце, скончыў яго с адзнакай. Пасля атрымання дыплома застаўся ва ўніверсітэце на кафедры сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя. З 1984 па 1999 г. выкладаў курс гісторыі медыцыны, у тым ліку гісторыю медыцыны Беларусі. Падрыхтаваў метадычныя рэкамендацыі па гісторыі медыцыны, тыповыя вучэбныя праграмы, выкарыстоўваў праблемны прынцып выкладання матэрыялу. У 1992 г. Я.М. Цішчанка абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Здравоохранение Белоруссии в период Великой Отечественной войны». У 1995 г. атрымаў званне дацэнта. У 2002 г. абараніў доктарскую дысертацыю «История здравоохранения Белоруссии в XX веке», у гэтым жа годзе выбраны на пасаду загадчыка кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя. У 2005 г. атрымаў званне прафесара і прызначаны дэканам факультэта медыцынскіх сясцёр с вышэйшай адукацыяй, у 2008 г. – медыка-дыягнастычнага.
Яўген Міхайлавіч – аўтар больш за 500 навуковых і каля 70 вучэбна-метадычных прац, сярод якіх – 6 манаграфій, 5 вучэбных дапаможнікаў, 14 тыповых вучэбных праграм і інш. Навуковыя даследаванні прысвечаны гісторыі медыцыны, грамадскаму здароўю і ахове здароўя, медыцынскай адукацыі («Героическая деятельность медицинских работников в период немецко-фашистской оккупации Белоруссии: методические рекомендации по истории медицины» (1986), «Санитарные последствия немецко-фашистской оккупации Гродненщины: материал в помощь лектору» (1988), «История здравоохранения Беларуси в XX веке» (2001) і інш.). Пад яго кіраўніцтвам абаранілі дысертацыі 1 доктар і 2 кандыдаты навук.
Акрамя навуковай і выкладчыцкай дзейнасці Я.М. Цішчанка займаўся грамадскай працай. З’яўляўся членам рабочых груп Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па распрацоўцы і выкананні тэрытарыяльных праграм дзяржаўнай гарантыі медыцынскай дапамогі (2003), па аптымізацыі структуры і кіраванні аховай здароўя (2006), членам экспертнай камісіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (2002), членам Рэспубліканскага савета па сястрынскай службе Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (2008), пазаштатным спецыялістам па грамадскім здароўі і ахове здароўя ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама (2005), членам праўлення Беларускага грамадскага аб'яднання арганізатараў аховы здароўя (2000). Яўген Міхайлавіч быў членам Прэзідыума Міжнароднай канфедэрацыі гісторыкаў медыцыны Садружнасці Незалежных Дзяржаў (2003), віцэ-старшынёй Беларускага навуковага таварыства гісторыі медыцыны і фармацыі (з 1995), нацыянальным членам Міжнароднага таварыства гісторыі медыцыны (з 1995), замежны член Польскага таварыства гісторыі медыцыны і фармацыі (з 1997). З 1999 па 2004 г. выконваў абавязкі старшыні прафкама Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Быў членам Савета Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшынёй Савета медыка-дыягнастычнага факультэта і інш.
Яўген Міхайлавіч з’яўляўся арганізатарам і рэдактарам газеты інстытута «Эскулап», членам рэдакцыйнай калегіі навуковых часопісаў «Вопросы организации и информатизации здравоохранения» (2002), «Журнал Гродненского государственного медицинского университета» (2009), «Медицинские знания» (2010), «Problemy higieny i epidemiologii» (Польшча, 2009), «Hygeia Public Health» (Польшча, 2010), «Arhiwum historii I filozofii medycyny» (Польшча, 2010).
За выдатныя навуковыя і грамадскія заслугі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (1998), Рэспубліканскага камітэта Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (1999, 2000), Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў (2003), Грамадскага аб’яднання сярэдніх медыцынскіх работнікаў Гродзенскай вобласці (2006), Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аховы здароўя (2008), знакам «100 лет профсоюзному движению» Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2009) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.