Дата рождения: 1791 Карытніца, былая в., Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти: 08.11.1847
Краткая справка: адзін з вынаходнікаў падводнага карабля
Имена на других языках: Чарновский Казимир Гаврилович (русский); Черновский Казимир Гаврилович (русский);
Імя Казіміра Гаўрылавіча Чарноўскага, таленавітага вынаходніка з Беларусі, доўгія гады заставалася невядомым для даследчыкаў гісторыі караблебудавання: працы яго былі надзейна схаваны ў сакрэтных архіўных фондах. Аднак менавіта наш суайчыннік яшчэ ў першай палове ХІХ ст. прапанаваў праекты падводных судоў розных тыпаў і выказаў шмат арыгінальных ідэй, якія ў далейшым выкарыстаны пры стварэнні расійскага падводнага флоту.
Нарадзіўся К. Г. Чарноўскі ў маёнтку Карытніца Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці) у сям’і небагатага землеўладальніка. Бацька быў адукаваным чалавекам, марыў пра адраджэнне былой Рэчы Паспалітай. Пачатковую адукацыю дзеці, якіх у сям’і было двое, атрымалі дома. Яны свабодна валодалі польскай і французскай мовамі, ведалі сучасную літаратуру, разбіраліся ў пытаннях філасофіі. Казімір шмат чытаў, добра маляваў, засвоіў чарчэнне, цікавіўся архітэктурай і разнастайнымі тэхнічнымі навінкамі, пра якія даведваўся са шматлікіх часопісаў з хатняй бібліятэкі. Сям’я часта выязджала за мяжу, бывала ў Вільні, Варшаве і іншых буйных гарадах. Падчас руска-французскай вайны 1812 г. Чарноўскія прынялі бок Напалеона з надзеяй на далучэнне да Польшчы, аднак хутка расчараваліся. Дваранства, якое бацька Казіміра атрымаў толькі ў 1817 г., з некалькімі маёнткамі і больш чым 300 дзесяцінамі зямлі пасля яго смерці перайшло да сыноў.
У 1821 г. К. Г. Чарноўскі ўступіў у тайную шляхецкую арганізацыю «Нацыянальнае патрыятычнае таварыства», якая ставіла мэтай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У 1824 г. прадаў сваю частку бацькоўскай спадчыны і пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе працягваў адстойваць свае палітычныя погляды і адначасова стаў вольным слухачом Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі. Грошы ад продажу маёмасці пайшлі галоўным чынам на арганізацыю падпольнай работы ў сталіцы. У красавіку 1829 г. сувязь з тайным таварыствам адкрылася, ён быў арыштаваны і пасаджаны ў камеру-адзіночку Петрапаўлаўскай крэпасці, у далейшым утрымліваўся ў Шлісельбургскай крэпасці.
Знаходзячыся ў зняволенні, К. Г. Чарноўскі вярнуўся да свайго ранейшага захаплення – вынаходства падводнай лодкі, якое пачаў распрацоўваць яшчэ ў 1825 г. Ён прачытаў шмат спецыяльнай літаратуры па тэорыі пабудовы суднаў, кніг па іхтыялогіі і жыцці розных марскіх жывёл. Знаёмства з крыніцамі К. Г. Чарноўскі спалучаў з матэматычнымі разлікамі і выкананнем дзясяткаў эскізаў, розных схем, чарцяжоў, накідаў будучай падводнай лодкі. Знаходзячыся за кратамі і не маючы магчымасці працягваць працу, вязень вымушаны быў звярнуцца за падтрымкай да імператара Мікалая І. У сваім прашэнні вынаходнік прапанаваў за 40 дзён пабудаваць падводную лодку, а за 60 падводную лодку, на якой можна будзе паставіць гарматы. Зацікавіўшыся, цар запатрабаваў прадаставіць падрабязнае апісанне праекта. Без спецыяльнай тэхнічнай літаратуры, даведнікаў і вымяральных інструментаў К. Г. Чарноўскі, абапіраючыся на сваю памяць, за некалькі тыдняў падрыхтаваў грунтоўную работу «Описание подводных судов». Сярод адметнасцей праекта – прапанова зрабіць корпус лодкі з жалеза ці медзі, высоўная рубка з ілюмінатарам, а таксама сістэма апускання пад ваду і ўсплывання лодкі. Рухаючай сілай павінны былі стаць 14 пар вёслаў, а ў надводным становішчы – ветразь. Па загадзе імператара з дакументамі пазнаёміўся ваенны інжынер і матэматык П. П. Базен, які вельмі станоўча адазваўся аб праекце К. Г. Чарноўскага і прызнаў, што гэта праца, нягледзячы на шматлікія недапрацоўкі, можа стаць карыснай для далейшых даследаванняў падводнага суднаходства. Аднак у наступныя гады пра даследчыка і яго вынаходства забыліся – ідэя была афіцыйна адхілена, работа змешчана ў архівах ваеннага ведамства. Праз пяць гадоў зняволення ў маі 1834 г. К. Г. Чарноўскі накіраваны на вечнае пасяленне ў Архангельскую губерню.
На працягу наступных некалькіх гадоў ён працаваў у губернскім праўленні спачатку канцылярыстам, потым служачым губернскай будаўнічай камісіі. Кандыдатура К. Г. Чарноўскага прапаноўвалася на пасаду памочніка губернскага архітэктара. Аднак гэта прашэнне было адхілена, затое быў прысвоены чын калежскага рэгістратара. У ссылцы К. Г. Чарноўскі не адмовіўся ад сваіх палітычных перакананняў і працягваў антыўрадавую дзейнасць: займаўся падрыхтоўкай паўстання ў Архангельску (вербаваў прыхільнікаў з ліку зняволеных удзельнікаў паўстання 1830–1831 гг. і паморскіх сялян, збіраў зброю). У лютым 1839 г. яго зноў арыштавалі і пасадзілі ў турму. Пасля заканчэння следства быў высланы ў г. Сарапул Вяцкай губерні пад строгі нагляд паліцыі. Там правёў апошнія гады свайго жыцця. Ні ў Архангельскай, ні ў Сарапульскай ссылках ён больш не займаўся сваім праектам.
Пасля рассакрэчвання архіваў у савецкі час К. Г. Чарноўскі ўвайшоў у гісторыю караблебудавання як аўтар праекта падводнай лодкі, у якім акрамя ўтапічнага рухавіка ў выглядзе вёслаў былі знойдзены прынцыпова важныя канструкцыйна-тэхнічныя рашэнні – выцягнутая форма лодкі, металічны корпус, водны баласт, тэлескапічны перыскоп і інш. Выказаныя ім ідэі далі штуршок развіццю тэорыі падводнага плавання, паклалі пачатак новаму напрамку ў караблебудаванні. Ідэю вынаходніка адным з першых паспяхова выкарыстаў расійскі генерал-ад’ютант К. А. Шыльдэр, які ў 1834 г. сканструяваў і пабудаваў першую ў Расіі металічную падводную лодку. Макет карабля па праекце К. Г. Чарноўскага экспануецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.