Дата рождения: 18.01.1871 Дубакрай, в., Гарадоцкі павет, Віцебская губерня (цяпер Расія)
Дата смерти: 02.10.1951
Краткая справка: рэлігійны дзеяч, гісторык і багаслоў, удзельнік руска-японскай вайны 1904–1905 гг., Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў
Имена на других языках: Шавельский Георгий Иванович (русский);
Аб багатым вопыце пастырскага служэнння ў расійскай арміі да рэвалюцыі шмат гаворыць жыццё нашага земляка, Георгія Іванавіча Шавельскага – вучонага-багаслова, духоўнага пісьменніка, удзельніка Руска-японскай вайны, протапрасвітара (старшыня ваеннага духавенства Рускай арміі ў 1911–1917 гг.), члена Найсвяцейшага Правячага Сінода (1915–1917).
Георгій Шавельскі нарадзіўся ў сяле Дубакрай Гарадоцкага павета Віцебскай губерні ў сям’і псаломшчыка Івана Іванавіча Шавельскага. Незвычайныя здольнасці дазволілі сялянскаму хлопчыку выдатна скончыць Віцебскае духоўнае вучылішча (1881–1885) і семінарыю (1885–1891). У жніўні 1891 г. Георгій Шавельскі быў прызначаны псаломшчыкам Узнясенскай царквы сяла Хвошна Городоцкага павета, у пачатку 1892 г. пераведзены ў сяло Усмынь Веліжскага павета, дзе адначасова выкладаў Закон Божы у народным вучылішчы. У 1894 г. ажаніўся з Іраідай Мяфодзьеўнай Забелінай. У сакавіку 1895 г. стаў святаром Мікольскай царквы вёскі Бедрыца Лепельскага павета, але неўзабаве быў пераведзены ў вёску Азаркава Гарадоцкага павета. Гэта быў адзіны прыход Полацкай епархіі, дзе быў распаўсюджаны штундызм. Малады свяшчэннік надрукаваў некалькі артыкулаў у «Полоцких епархиальных ведомостях» і нават здолеў вярнуць у праваслаўную веру некалькі сектантаў. У Азаркаве айцец Георгій перажыў вялікае асабістае гора – смерць жонкі. Перад ім паўстала пытанне аб далейшым жыцці. Пакінуўшы двухгадовую дачку Марыю на папячэнне сваякоў, у 1898 г. Георгій Шавельскі па рэкамендацыі епіскапа Полацкага і Віцебскага Аляксандра (Закіса) пераехаў у Санкт-Пецярбург. Ён бліскуча вытрымаў уступны экзамен у Духоўную акадэмію і адразу выдзяліўся як яе лепшы студэнт. У якасці дыпломнай работы Георгій Шавельскі напісаў дысертацыю на тэму: «Полоцкий архиепископ Василий Лужинский и его участие в воссоединении униатов с православною церковью» і стаў кандыдатам багаслоўя, экстэрнам здаў экзамен за поўны курс гісторыка-філасофскага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, самастойна вывучыў пяць замежных моў. У гэты ж час айцец Георгій стаў прапаведнікам на Аляксандраўскім машынабудаўнічым заводзе, з’яўляўся благачынным у маёнтку Вялікага князя Дзмітрыя Канстанцінавіча ў Стрэльне. У 1902 г. быў прызначаны настаяцелем царквы Аляксандра Неўскага (Сувораўскай Канчанскай) пры Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба.
У гады Руска-японскай вайны Георгій Шавельскі был свяшчэннікам 33 Усходне-Сібірскага стралковага палка, благачынным 9 Усходне-Сібірскай стралковай дывізіі, галоўным палявым святаром 1 Маньчжурскай арміі. Ён часта выязджаў на баявыя пазіцыі, удзельнічаў у баях з японцамі (пры Кінчжоу, Вафангоу, Дашычао, Ляояне і інш.), дзе праяўляў воінскую вытрымку і мужнасць. За свае выдатныя арганізацыйныя здольнасці і выключную доблесць Георгій Шавельскі быў узведзены ў сан протаіерэя і ўзнагароджаны ордэнам святой Ганны III і II ступеняў, ордэнам святога Уладзіміра IV ступені з мячамі і залатым нагрудным крыжом на Георгіеўскай стужцы.
Пасля заканчэння вайны айцец Георгій працягваў служэнне ў Сувораўскай царкве. Па выніках Руска-японскай вайны напісаў кнігу «Служение священника на войне», якая атрымала шматлікія станоўчыя водгукі прадстаўнікоў Царквы і навуковай інтэлігенцыі. Адначасова з пастырскім служэннем Георгій Шавельскі займаўся выкладчыцкай дзейнасцю: у 1906-1910 гг. быў законавучыцелем у Смольным інстытуце, з 1910 г. з’яўляўся прафесарам багаслоўя Гісторыка-філалагічнага інстытута.
У маі 1910 г. за кнігу «Последнее воссоединение с православною церковью униатов Белорусской епархии (1833–1839 гг.)» Г.І. Шавельскі быў удастоены вучонай ступені магістра багаслоўя, стаў членам духоўнага праўлення ваеннага протапрасвітара. Пасля выдатнай абароны дысертацыі пісаў артыкулы для часопіса «Сельский Вестник». Шэраг гэтых артыкулаў выдаў асобнай брашурай пад назвай «Евангелие и жизнь». Шмат часу і сіл патрабавала праца ў Скобелеўскім Камітэце дапамогі знявечаным і параненым воінам: трэба было збіраць і размяркоўваць грашовую дапамогу.
Заслугі айца Георгія перад царквой атрымалі высокую ацэнку - у 1911 г. ён быў прызначаны на пасаду протапрасвітара (галоўнага свяшчэнніка) ваеннага і марскога духавенства Расійскай Імперыі. (Протапрасвітар – вышэйшае прасвітарскае званне для асобы белага духавенства ў Рускай Праваслаўнай Царкве). Пад яго кіраўніцтвам знаходзілася да пяці тысяч ваенных і марскіх святароў, якімі айцец прасвітар кіраваў надзвычай умела, справядліва і строга. Сваёй мэтанакіраванасцю, даступнасцю, памяркоўнасцю і спагадлівасцю ён заслужыў шчыры давер, павагу і любоў сярод духавенства, ваенных чыноў і членаў царскай сям’і. Да пачатку Першай сусветнай вайны айцец Георгій паспеў рэарганізаваць ваеннае і марское духавенства, прыцягнуў да супрацоўніцтва шэраг выбітных святароў. У 1914 г. па ініцыятыве Георгія Шавельскага адбыўся першы З’езд ваеннага і марскога духавенства.
Пачалася Першая сусветная вайна. Айцец Георгій атрымаў прызначэнне ў Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, адкуль кіраваў арміяй ваенных свяшчэннікаў. Пры гэтым ён неаднаразова выязджаў на фронт, бываў на перадавых пазіцыях, выступаў перад салдатамі. За гады вайны айцец прасвітар праехаў праз усю Усходнюю Прусію, пабываў у Галіцыі, неаднаразова наведаў крэпасці Коўна, Гродна, Асавец, Брэст-Літоўск, Іван-горад, Рэвель і інш. За мужнасць і адвагу ён быў узнагароджаны Георгіеўскімі медалямі ІІ, ІІІ і IV ступеняў, ордэнам святога Уладзіміра ІІ і ІІІ ступеняў, святой Ганны І ступені, ордэнам Аляксандра Неўскага. У ліпені 1917 г. протапрэсвітар Георгій Шавельскі быў абраны на свой пост пажыццёва.
Грамадзянская вайна раздзяліла не толькі рускае грамадства, але і Рускую Праваслаўную Царкву. Антыцаркоўная палітыка новай улады прывяла да таго, што вялікая колькасць святароў далучыліся да “белага” руху. Увосень 1918 г., шукаючы паратунку ад тэрору, у стаўку генерала А.І. Дзянікіна прыбыў Г.І. Шавельскі і адразу атрымаў пасаду протапрасвітара ваеннага і марскога духавенства Дабравольніцкай арміі. Тут ён стаў ініцыятарам стварэння Вышэйшага Царкоўнага ўпраўлення на поўдні Расіі, якое стала асновай для Замежнага Царкоўнага ўпраўлення.
У канцы красавіка 1920 г. Георгій Іванавіч Шавельскі назаўсёды пакінуў Радзіму. Некаторы час ён жыў у Канстанцінопалі, потым пераехаў у Балгарыю. З 1920 г. жыў у Сафіі і служыў у рускай Свята-Мікольскай царкве на бульвары Цара Вызваліцеля.
У гады эміграцыі пра айца протапрасвітара склалася меркаванне, як пра масона і рэнегата, якое было абумоўлена тымі ідэямі, якія ён пранёс праз усё сваё жыццё і смела абараняў. Адносіны протапрасвітара да католікаў і пратэстантаў значна адрознівалася ад прынятага Праваслаўнай Царквой: праваслаўныя пастыры адмаўлялі ў прычасці цяжкапараненым неправаслаўным воінам. Георгій Шавельскі думаў інакш і перад бітвай дапускаў да прычасця ўсіх жадаючых. Адмоўна ўспрымалі рускія архіерэі і шырокія погляды протапрасвітара Шавельскага на экуменізм (рух супраць размежавання паміж рэлігійнымі канфесіямі, за іх збліжэнне і супрацоўніцтва), яго станоўчыя адносіны да ўвядзення грыгарыянскага календара.
Кропку ў рознагалоссях паставіла трагічнае раздзяленнне рускай царкоўнай эміграцыі ў 1926 г. Айцец Георгій спыніў зносіны з РПЦЗ (Рускай Праваслаўнай Царквой За Мяжой) і перайшоў пад юрысдыкцыю Балгарскай Праваслаўнай Царквы, стаў святаром храма ў гонар святых асветнікаў балгарскага народа – Кірылы, Мяфодзія і пяці іх вучняў. Тут архіпастыр служыў да свайго скону, выкладаў Ветхі запавет і Пастырскае багаслоўе ў Сафійскім універсітэце, падрыхтаваў доктарскую дысертацыю, працаваў над тлумачэннем Свяшчэннага Пісання і ўспамінамі, пісаў артыкулы для балгарскіх часопісаў, вёў заняткі ў рускай гімназіі ў Сафіі (у 1932–1934 гг. быў яе дырэктарам).
Як вучоны-багаслоў Г.І. Шавельскі шмат працаваў над вучэннем аб праваслаўным пастырстве. Сваё разуменне гэтага служэння ён растлумачыў у працы «Православное пастырство» (1930), перакладзенай на балгарскую, венгерскую і румынскую мовы. Шмат часу айцец Георгій прысвяціў рабоце над сваімі ўспамінамі, якія былі надрукаваны толькі ў 1954 г. (у Расіі – у 1996). Самай выдатнай працай протапрасвітара з’яўляецца кніга «Русская Церковь пред революцией» (напісана ў 1935–1939 гг., выдадзена – у 2005).
Да апошніх дзён свайго жыцця Георгій Шавельскі працягваў пастырскае служэнне. Выдатныя арганізатарскія здольнасці, педагагічны талент, незалежнасць меркаванняў, вернасць сваім перакананням спалучаліся ў ім са сціпласцю ў асабовым жыцці і звычках. Айцец протапрасвітар памёр 2 кастрычніка 1951 г. На яго пахаванне сабраўся вялікі натоўп людзей, якія прыйшлі развітацца з любімым пастырам і настаўнікам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.