Танкіст, генерал-маёр Віктар Рыгоравіч Шашкоў нарадзіўся ў в. Анісімава Каверынскага раёна Ніжагародскай вобласці (Расія) у сялянскай сям’і. У 1937 г. скончыў сем класаў Пратазанаўскай сярэдняй школы. З дзяцінства быў прывучаны да працы: быў калгаснікам, рахункаводам. Пасля заканчэння палітпрасветшколы працаваў загадчыкам хаты-чытальні, выконваў абавязкі інспектара палітпрасветработы раёна.
22 ліпеня 1941 г. Віктар Шашкоў быў залічаны ў рады Чырвонай Арміі і накіраваны ў 2-е Горкаўскае танкавае вучылішча (цяпер не існуе). У маі 1943 г. лейтэнант В.Р. Шашкоў закончыў вучылішча. З чэрвеня 1943 г. удзельнічаў у баях на Заходнім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх, 2-м і 3-м Беларускіх франтах.
У лістападзе – снежні 1943 г. у наступальных баях Віктар Шашкоў выдатна кіраваў сваім узводам, сам быў узорам мужнасці. 14 снежня ўзвод 198-га танкавага палка (6-я гвардзейская кавалерыйская дывізія, 3-і гвардзейскі кавалерыйскі корпус, 1-ы Прыбалтыйскі фронт) пад камандаваннем лейтэнанта В.Р. Шашкова каля в. Якушонкі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці падчас контратакі знішчыў 5 танкаў (2 з іх належаць менавіта экіпажу В.Р. Шашкова), 4 аўтамашыны з боепрыпасамі, дзясяткі салдат праціўніка. У наступным баі каля в. Малашанкі ўзвод адбіў контратакі ворага, знішчыў некалькі танкаў і ўтрымаў захоплены рубеж да падыходу падмогі, чым садзейнічаў завяршэнню аперацыі па акружэнні і знішчэнні групоўкі варожых войск у раёне г. п. Езярышча – в. Бычыха. Танкісты В.Р. Шашкова ўступілі ў адзінаборства з варожымі танкамі і мужна вытрымалі націск ворага. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 чэрвеня 1944 г. Віктару Рыгоравічу Шашкову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Перамогу над ворагам В.Р. Шашкоў сустрэў на Эльбе (Германія), а 24 чэрвеня 1945 г. прымаў удзел у гістарычным Парадзе Перамогі на Чырвонай Плошчы ў Маскве.
Пасля вайны адважны афіцэр-танкіст працягваў службу ва Узброеных Сілах СССР. У 1948 г. скончыў Ленінградскую вышэйшую бранятанкавую школу, а ў 1955 г. – з залатым медалём Ваенную акадэмію бранятанкавых войск. Служыў на камандных і камандна-штабных пасадах. У лютым 1978 г. пастановай Савета Міністраў СССР палкоўніку Шашкову было прысвоена вайсковае званне “генерал-маёр”.
В.Р. Шашкоў узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” III ступені, 25 медалямі СССР і замежных дзяржаў.
Пасля выхаду ў адстаўку (1982) генерал-маёр В.Р. Шашкоў займаўся грамадскай працай, узначальваў Савет ветэранаў 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса. Апошія гады жыцця Віктар Рыгоравіч правёў у Маскве, дзе і быў пахаваны ў 1991 г. на Кузьмінскіх могілках. Віктару Рыгоравічу Шашкову ўстаноўлены помнік на тэрыторыі Ніжагародскага абласнога каледжа культуры ў г. Бор (Расія).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.