Іна Паўлаўна Герасімава нарадзілася ў г. Расказава Тамбоўскай вобласці (Расія). Дзяцінства прайшло ў Бабруйску. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў педагагічнае вучылішча ў Магілёве, у 1967 г. закончыла факультэт мастацтвазнаўства Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Пасля атрымання дыплома працавала выкладчыкам у Бабруйскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 15 (цяпер Бабруйскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж імя А.Я. Ларына).
У 1992–1993 гг. Іна Паўлаўна праходзіла стажыроўку ў Ерусалімскім універсітэце, працавала каардынатарам адукацыйных праграм у Ізраільскім культурна-асветніцкім цэнтры ў Мінску (1994–1997). З 1997 па 2004 г. працавала на кафедры ўсеагульнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.
У пачатку 1990-х гг. І.П. Герасімава сур'ёзна пачала займацца даследаваннем пытанняў гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі, яўрэйскай адукацыі і навукі, дзейнасці яўрэяў у складзе кіраўніцтва БНР (1918–1923), сіянісцкага руху на Беларусі ў XIX – пачатку XX ст., падрыхтавала 135 навуковых прац. І.П. Герасімава – аўтар-складальнік і рэдактар шасці навуковых зборнікаў «Евреи Беларуси: история и культура» (1997–2001), матэрыялаў 1-й міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння вучонага Сямёна Дубнова (2001), аўтар бібліяграфічнага паказальніка «История Холокоста на территории Беларуси» (2001, у суаўтарстве з С.М. Папернай). У 1996 г. Іна Паўлаўна абараніла дысертацыю на званне кандыдата гістарычных навук па тэме «Еврейское образование в Белоруссии в XIX – начале XX вв. и отношение к нему российского самодержавия». І.П. Герасімава з'яўляецца ініцыятарам стварэння і першым кіраўніком (2002–2012) Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі (Мінск) – сапраўднага асветніцкага, выдавецкага і даследчыцкага цэнтра, з якім супрацоўнічаюць многія музеі краіны і замежжа. Ёю сабрана вялікая колькасць каштоўных экспанатаў, якія распавядаюць пра яўрэйскую гісторыю, традыцыі і культуру.
Надзвычай актыўны, усебакова развіты і жыццярадасны чалавек, І.П. Герасімава ў 1988 г. узначаліла Бабруйскі клуб аматараў бегу «Крыніца» ААТ «Белшына», дзе акрамя бегу займалася тэнісам, шашкамі, шахматамі, валейболам, наведвала басейн, трынажорную залу, хадзіла на лыжах, удзельнічала ў складзе турыстычных водных, пешых і веласіпедных паходаў, адольвала марафонскія дыстанцыі.
Знаходзячыся за тысячу кіламетраў ад Беларусі, сёння вучоны-гісторык працягвае збіраць матэрыял аб жыцці і быце беларускіх яўрэяў для наступных навуковых прац.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.