Фёдар Іванавіч Ігнатовіч нарадзіўся ў в. Сяльцо Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага вучылішча (1957) быў накіраваны на працу памочнікам урача-эпідэміёлага Зэльвенскай раённай санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. Праз тры месяцы прызваны ў армію, дзе служыў фельчарам спецыяльнага артылерыйскага дывізіёна. Пасля дэмабілізацыі працаваў памочнікам санітарнага ўрача на будаўніцтве Салігорскага калійнага камбіната. У 1961 г. Ф.І. Ігнатовіч паступіў у Ленінградскі санітарна-гігіенічны медыцынскі інстытут. Вучобу сумяшчаў з работай у аддзеле эвакуацыі інфекцыйных хворых Ленінградскай гарадской дэзынфекцыйнай станцыі. Пасля заканчэння інстытута (1967), працаваў урачом-вірусолагам Гродзенскай абласной санітарна-эпідэміялагічнай станцыі, да 1996 г. загадваў лабараторыяй Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, выкладаў гісторыю медыцыны ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце (1976–1979, 2003–2008 гг.), гігіену – у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім вучылішчы (1982–1985 гг.). З 2008 г. працуе ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы.
Як урач-эпідэміёлаг Ф.І. Ігнатовіч удзельнічаў у лабараторна-эпідэміялагічных даследаваннях прычын інфекцыйных захворванняў (вірусныя гепатыты, грып, адзёр, поліяміэліт, энцэфаліт і інш.), вывучаў эфектыўнасць прафілактычных мерапрыемстваў, неаднаразова займаўся ліквідацыяй успышак інфекцыйных захворванняў на тэрыторыі Гродзеншчыны. Распрацаваныя вучоным метады дыягностыкі і прафілактыкі атрымалі прымяненне не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Яго навуковыя даследаванні ў асноўным прысвечаны пытанням эпідэміялогіі, вірусалогіі і гігіены, іх вынікі неаднаразова былі агучаны на рэспубліканскіх медыцынскіх з'ездах і канферэнцыях.
У 1979 г. Ф. І. Ігнатовіч па загадзе Міністэрства абароны быў накіраваны ў замежную камандзіроўку. На працягу трох гадоў працаваў у аддзеле звышнебяспечных інфекцый санітарна-эпідэміялагічнага атрада Групы савецкіх войск у Германіі (укараніў шэраг сучасных методык, кіраваў падрыхтоўкай спецыялістаў).
У 1982 г. вярнуўся ў Гродна, дзе працягваў працу ў абласной санітарна-эпідэміялагічнай станцыі, абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Па яго ініцыятыве было праведзена некалькі рэгіянальных міжведамасных навукова-практычных канферэнцый па пытаннях гігіены і эпідэміялогіі. Фёдар Іванавіч Ігнатовіч з'яўляецца складальнікам двух бібліяграфічных паказальнікаў, у якія ўвайшлі навуковыя працы санітарных урачоў Гродзенскай вобласці (1977, 1982). Для павышэння кваліфікацыі эпідэміёлагаў, паразітолагаў і мікрабіёлагаў ён арганізаваў пастаянныя курсы пры Гродзенскім абласным аддзяленні навуковага таварыства эпідэміёлагаў і мікрабіёлагаў.
З 1973 г. Ф.І. Ігнатовіч даследуе гісторыю медыцыны і фармацыі Беларусі XVIII–XX стст., надрукаваў больш за 130 артыкулаў, прысвечаных шэрагу навукоўцаў і медыкаў Беларусі. Ён – аўтар і суаўтар кніг «Уладзіслаў Борзабагаты» (1993), «Экалагічныя экскурсіі па Румлеўскім лесапарку» (2006), «Гродзенская медыцынская акадэмія: бібліяграфічны паказальнік» (2007), метадычных распрацовак для выкладчыкаў і студэнтаў «Гродзенская медыцынская акадэмія, яе роля ў зараджэнні гігенічнай і экалагічнай навукі на Беларусі» (1999), суаўтар двух зборнікаў тэставых заданняў для студэнтаў па агульнай гігіене (2003, 2004).
Шмат часу вучоны аддае грамадскай рабоце: з’яўляецца стваральнікам першай у Беларусі аптэкі-музея у Гродне (на базе былой іезуіцкай аптэкі XVII ст.), сакратаром праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення навуковага таварыства эпідэміёлагаў і мікрабіёлагаў (1975–1979, 1982–1996), членам праўлення Гродзенскай абласной краязнаўчай асацыяцыі (з 1991 г.), намеснікам старшыні Гродзенскага навуковага таварыства гісторыкаў медыцыны (з 1986 г.), членам рэдакцыйна-выдавецкага савета Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (2005–2008). Узнагароджаны медалём «Ветэран працы» (1985), шматлікімі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Мінскай абласной бібліятэкай імя А.С. Пушкіна на аснове матэрыялаў Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага і Салігорскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.