Дата рождения:
14.03.1946 Капыль, г., Мінская вобласць
Краткая справка:
вучоны-гісторык, педагог, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік адукацыі Беларусі, лаўрэат прэміі Расійскай АН і НАН Беларусі (2018), прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2020)
Имена на других языках:
Коваленя Александр Александрович (русский);
5537 символов
Справка
Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі), заслужаны дзеяч навукі Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар, – адзін з буйнейшых спецыялістаў у галіне гістарычнай навукі, імя якога шырока вядома не толькі ў Беларусі, але і навуковых колах іншых краін.
Нарадзіўся ён у Капылі Мінскай вобласці. Інтарэс да вывучэння гісторыі абудзіўся яшчэ ў дзяцінстве дзякуючы бацьку – настаўніку, дырэктару школы і былому партызану, а таксама выкладчыкам – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Пасля заканчэння дзевяці класаў А. А. Каваленя вучыўся ў Мінскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 23. Потым працаваў на будоўлі, служыў у арміі. У 1970 г. ён паступіў на гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, які скончыў у 1975 г. У далейшым вучыўся ў аспірантуры на кафедры гісторыі КПСС, працаваў выкладчыкам. Паспяховую вучобу А. А. Каваленя сумяшчаў з актыўнай грамадскай дзейнасцю, неаднаразова выбіраўся старшынёй прафсаюзнага бюро факультэта, узначальваў студэнцкі прафсаюзны камітэт інстытута (1974–1979). Асноўным кірункам яго навуковых пошукаў стала гісторыя Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Распрацоўваў пытанні калабарацыянізму, партызанскага руху і падпольнай барацьбы. У 1983 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Идейно-политическая работа подпольных партийных организаций КП(б)Б в партизанских зонах». З’яўляўся членам Рэспубліканскага каардынацыйнага савета па распрацоўцы праблем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1983–1991).
З 1996 г. А. А. Каваленя загадваў кафедрай айчыннай і сусветнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. У гэты перыяд удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі гістарычнай адукацыі студэнтаў негістарычных спецыяльнасцей і падрыхтоўцы праграмы курса «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі». На пасадзе загадчыка кафедры А. А. Каваленя разгарнуў шырокую навукова-даследчую і арганізацыйную працу. Былі ўстаноўлены цесныя сувязі з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, гістарычных кафедраў іншых вучэбных устаноў, выконваўся шэраг даследаванняў, выдаваліся зборнікі навуковых прац. У 2000 г. вучоны абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941–1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць».
У 2004–2010 гг. А. А. Каваленя займаў пасаду дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам установа ператварылася ў дзяржаўны цэнтр арганізацыі сістэмных гістарычных даследаванняў, навукоўцы інстытута паспяхова выканалі Дзяржаўную комплексную праграму навуковых даследаванняў на 2006–2010 гг. «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры». У гэты ж час тут была адкрыта ўнікальная Археалагічная навукова-музейная экспазіцыя, якая раскрывае багатую гісторыка-культурную спадчыну Беларусі. У 2009 г. вучоны прызначаны акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі і ўведзены ў склад яе Прэзідыума. 16 лістапада 2014 г. быў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі.
Зараз А. А. Каваленя працягвае актыўна займацца навукова-даследчай работай. Ён аўтар больш за 400 навуковых і навукова-метадычных прац – манаграфій, падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, навуковых артыкулаў і інш. Сярод іх – «Беларусь у гады Другой сусветнай вайны (1939–1945)» (1996), «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941–1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць» (1999), «Беларусь у выпрабаваннях вайны (1939–1945 гг.)» (2001), «Беларусь, 1939–1945 гг.: война и политика» (2001) і інш. У суаўтарстве напісаны наступныя кнігі: «Религия и церковь: краткий научно-популярный очерк» (1998), «Кафедра айчыннай і сусветнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка: да 70-годдзя заснавання» (2002), «Беларусь в годы Великой Отечественной войны, 1941–1945» (2005), «Великая Отечественная война советского народа: (в контексте Второй мировой войны)» (2007), «С верой в Победу: Беларусь в Великой Отечественной войне: 100 вопросов и ответов» (2010, 2014) і інш. Вучоны арганізуе і прымае актыўны ўдзел у шматлікіх навуковых канферэнцыях, кангрэсах, сімпозіумах. Ён навуковы рэдактар і рэцэнзент вялікай колькасці навуковых прац і падручнікаў, адзін з удзельнікаў распрацоўкі праграм курсаў «Гісторыя Беларусі», «Гісторыя маладзёжнага руху» і іншых, а таксама Дзяржаўнай праграмы фундаментальных даследаванняў нацыянальнай гісторыі Беларусі. Шмат гадоў узначальвае савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, з’яўляецца навуковым рэдактарам і членам рэдакцыйных калегій шэрагу навуковых часопісаў. Пад яго кіраўніцтвам была сфарміравана навуковая школа маладых даследчыкаў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, прафесар чытаў спецкурсы па гісторыі, выступаў з навуковымі паведамленнямі ў вышэйшых навучальных установах, шмат увагі ўдзяляў арганізацыі маладзёжных навуковых канферэнцый, як эксперт удзельнічаў у круглых сталах і інш.
Дасягненні А. А. Кавалені ў навукова-даследчай і вучэбнай працы адзначаны многімі ўзнагародамі, сярод якіх – ганаровы знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (2002), медаль Францыска Скарыны (2006), Ганаровая грамата Прэзідыума НАН Беларусі (2009) і інш. У 2002 і 2003 гг. з’яўляўся стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За ўклад ва ўмацаванне адзінства славянскіх народаў у 2006 г. вучоны быў абраны сапраўдным членам Міжнароднай славянскай акадэміі адукацыі імя Я. А. Каменскага.