Дакладнае месца нараджэння Яна Няпрэцкага не высветлена, аднак лічыцца, што нарадзіўся ён у шляхецкай сям’і на землях Вялікага Княства Літоўскага (далей ВКЛ). Ва ўзросце пятнаццаці гадоў уступіў у ордэн езуітаў. Вядома, што да гэтага часу авалодаў майстэрствам рыторыкі, пасля займаўся філасофіяй, вывучаў тэалогію ў Варшаве. У 1744 г. атрымаў капланскае пасвячэнне.
На працягу свайго служэння ў ордэне Я. Няпрэцкі шмат вандраваў па землях Рэчы Паспалітай, выступаў з прамовамі, выкладаў граматыку і паэтыку ў езуіцкіх калегіумах Навагрудка, Гродна, Пултуска, Плоцка, Ломжы. Цікавіўся навукай, аднак не меў магчымасці для грунтоўных заняткаў па прычыне частых пераездаў. Адзінай вялікай працай езуіта стала падрыхтаваная і выдадзеная ім у 1749 г. у Нюрнбергу (зараз Германія) карта ВКЛ. Пры яе стварэнні Я. Няпрэцкі выкарыстоўваў першую дакладную геаграфічную карту, выгравіраваную мастаком Т. Макоўскім каля 1603 г. Абноўленая карта ўтрымлівала шмат удакладненняў. На ёй былі абазначаны актуальныя межы ВКЛ, яго адміністрацыйны падзел, быў змешчаны спіс ваяводстваў з падзелам на паветы, прыватныя княствы, прыведзены пералік дыяцэзій і прыходаў розных канфесій. У адпаведных месцах карты Я. Няпрэцкі пазначыў найважнейшыя гістарычныя падзеі з датамі. Карта доўгі час з’яўлялася адной з самых запатрабаваных і ў далейшым некалькі разоў перадрукоўвалася.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.