Андрэй Фёдаравіч Андросік нарадзіўся ў г. Самара (Расія). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (курс Д. Арлова, 1965), Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі (курс Г. Таўстаногава, 1972). У 1971–1999 гг. працаваў выкладчыкам, кіраўніком курса ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У 1971–1995 гг. займаў пасаду рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе ажыццявіў пастаноўку такіх спектакляў, як “Беласнежка і сем гномаў” Л. Усцінава і А. Табакова (1971), “Безыменная зорка” М. Себасцьяна (1973), “Стары Новы год” М. Рошчына (1974), “Шрамы” Я. Шабана (1977), “Ваня, як ты тут?” паводле В. Шукшына (1978, у 1979 г. – пастаноўка спектакля ў Маскоўскім абласным драматычным тэатры).
У Купалаўскім тэатры рэжысёр паставіў таксама спектаклі “Мы, што ніжэй падпісаліся” А. Гельмана (1979), “Апошняе спатканне” А. Галіна (1981), “Даходнае месца” А. Астроўскага (1985), “Блакітная ружа” (“Шкляны звярынец”) Т. Уільямса (1991), “Паехалі!..” М. Захаранкі паводле М Крапіўніцкага (1995) і інш.
Андрэй Андросік сумесна з галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра В. Раеўскім працаваў над пастаноўкай спектакляў “Характары” паводле В. Шукшына (1975, у 1977 г. яны паставілі гэты спектакль у Ленінградскім тэатры камедыі), “Эшалон” М. Рошчына (1976) і “Апошні журавель” А. Дударава і А. Жука (1986). На Першым беларускім тэатральным фестывалі, які прайшоў у Віцебску ў 1986 г., спектакль “Апошні журавель” быў прызнаны адным з лепшых. Аўтарам і рэжысёрам была прысуджана першая прэмія.
У 1995 г. А. Андросік, ужо добра вядомы як пастаноўшчык адметных спектакляў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, стаў на чале Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. У якасці новага кіраўніка ён адразу дакладна вызначыў асноўны творчы напрамак і пачаў мэтанакіравана па ім рухацца.
Ключавым момантам у канцэпцыі А. Андросіка было стварэнне культурнага асяродка сям'і. Першапачаткова пазіцыя новага кіраўніка праявілася ў пошуках прамых кантактаў са спецыфічным гледачом дзіцячага тэатра. Аб'ём сувязей з дзецьмі якасна пашырыўся. У сезоне 1996/1997 удалося рэалізаваць неардынарную задуму – увесці ў практыку сямейныя паходы ў тэатр. На афішы з'явілася рубрыка: “Дзень сям'і ў тэатры”. Новаўвядзенне мела своеасаблівы сцэнарый. У ім былі замацаваны пэўныя моманты мерапрыемства і разам з тым давалася шырокая прастора для імправізацыі – як з боку акцёраў, так і з боку маленькіх і дарослых гледачоў. Дасціпна разыгрываліся дзіцячыя конкурсы і віктарыны. Бацькі маглі параіцца з доктарам наконт здароўя свайго дзіцяці, на “Плошчы Прыгажосці” звярнуцца да паслуг парыкмахера. Аснову ж “Дня сям'і” складаў той ці іншы спектакль, атмасфера у час якога была своеасаблівай. Прамым кантактам садзейнічаў і конкурс “Любім тэатр з дзяцінства”.
Дастаткова арыгінальнай з'явілася музычная інтэрпрэтацыя казкі “Кошчын дом” С. Маршака (1996). Рэжысёр А. Маркевіч у садружнасці з паэтам Р. Барадуліным і кампазітарам Р. Уласюком прапанавалі твор праспяваць. Каб гэта прапанова не здавалася занадта кананічнай, характар выканання пазначаўся як “гуляем у оперу”. Падтрымка і дапамога А. Андросіка ў якасці мастацкага кіраўніка пастаноўкі прынесла плён – усім вядомыя героі казкі шмат у чым выглядалі па-сучаснаму кідка і пераканаўча.
Карэнным чынам агульнапрынятую традыцыю дзіцячых прадстаўленняў парушыў перапоўнены дабрынёй і высакароднасцю спектакль А. Андросіка “Маленькі лорд Фаўнтлерой” М. Воранава паводле аповесці амерыканскай пісьменніцы Ф. Бёрнет (1998). У пэўнай ступені яго можна аднесці да эксперыментальных. Ён быў пазначаны пошукамі, асвечаны рызыкай. У ім размова ідзе пра сапраўдныя адносіны паміж людзьмі, праз якія сцвярджаюцца найвышэйшыя маральныя каштоўнасці. Характэрнай асаблівасцю твора з'яўляецца тое, што носьбітам і абаронцам іх выступае хлопчык. Лордам героя робіць перш-наперш высакароднасць яго душы. Знаходкай спектакля можна лічыць запрашэнне на ролю Седрыка Эрала – лорда Фаўнтлероя – вучняў сярэдняй школы. Наіўнасць і непасрэднасць, з якімі яны жылі на сцэне, дапамагалі стварыць жывую і непаўторную атмасферу тэатральнага аповеду. У 1999 г. спектакль атрымаў прэмію імя Л. Мазалеўскай.
Вартым прызнання стаў спектакль “Палачанка” А. Дударава ў пастаноўцы А. Андросіка (2000). Сцэнічная мова спектакля ўдала спалучала агульнатэатральныя прыёмы ўмоўнасці і асаблівасці, спецыфічныя для дзіцячага тэатра, у першую чаргу яго павышаную кідкасць, відовішчнасць. У рэжысуры А. Андросіка яна атрымлівала рознае асэнсаванне. Магла замыкацца сама на сабе, а магла і выяўляць глыбокі агульначалавечы змест, у востра драматычнай форме сцвярджаць самацэннасць кожнага, звычайнага і простага чалавека. У 2001 г. спектакль “Палачанка” быў адзначаны прэміяй імя Е. Міровіча.
Андрэй Андросік паставіў спектакль “Камедыя” У. Рудава паводле твораў К. Марашэўскага і Ф. Аляхновіча ў Альтэрнатыўным тэатры (1991) і ў Мінскім абласным драматычным тэатры (г. Маладзечна, 1993).
Рэжысура А. Андросіка вызначаецца яркай тэатральнай відовішчнасцю, тонкім раскрыццём псіхалогіі сцэнічных характараў, здольнасцю стварыць адметную атмасферу дзеяння.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.