Віктар Пятровіч Бажэнаў нарадзіўся 21 студзеня 1941 г. ва Узбекістане (станцыя Зіядзін Самаркандскай вобласці). У юнацкія гады перад ім паўстаў нялёгкі выбар. Віктар добра гуляў у хакей, нават выступаў за каманду г. Арэнбурга (Расія), але таксама паспяхова ўдзельнічаў у конкурсах мастацкай самадзейнасці. Усё ж любоў да спеваў перамагла: у 1963 г. Віктар Бажэнаў скончыў Арэнбургскае музычнае вучылішча (цяпер Арэнбургскі дзяржаўны інстытут мастацтваў імя Леапольда і Мсціслава Растраповічаў) па класу вакала.
На працягу двух гадоў ён працаваў артыстам хору, салістам Арэнбургскага тэатра музычнай камедыі (цяпер Арэнбургскі дзяржаўны абласны тэатр музычнай камедыі). Прыгожы, яркі лірыка-драматычны тэнар маладога спевака падабаўся гледачам. Віктар з поспехам выконваў партыі ў аперэтах «Вяселле ў Малінаўцы» Б. Аляксандрава (Андрэйка), «Сарочынскі кірмаш» А. Рабава (Грыцько), «Ноч у Венецыі» І. Штрауса (Энрыка).
У 1970 г. В. Бажэнаў скончыў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (цяпер Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва – ДІТМ) у Маскве (кіраўнік курса прафесар І. Туманаў). Падчас вучобы Віктар шмат часу аддаваў канцэртнай дзейнасці, пачаў здымацца ў кіно. Таленавітага хлопца запрашалі ў Маскоўскі драматычны тэатр імя А.С. Пушкіна, аднак ён выбраў Мінск: з 1970 г. стаў салістам Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР (цяпер Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр). Шматграннасць акцёрскага даравання, жанравая характарнасць, тэмперамент, свабода сцэнічных паводзін, сакавіты гумар і цудоўны голас дазвалялі Віктару Бажэнаву ствараць запамінальныя шматпланавыя вобразы.
Талент артыста адразу заззяў у цікавых ролях: Рауль («Фіялка Манмартра» І. Кальмана), Андрэй Туманскі («Халопка» М. Стрэльнікава), Пабла («Пацалунак Чаніты» Ю. Мілюціна), Арыф («Каўказская пляменніца» Р. Гаджыева), Іанэль («Цыганскае каханне» Ф. Легара).
Дзякуючы майстэрскаму валоданню вершаваным тэкстам, імклівай тэмпераментнай пластыкай, плашчом і шпагай значны поспех выпаў на долю Віктара Бажэнава ў ролі Люсінда («Дасціпная закаханая» (іншы варыянт «Хітрамудрая закаханая») Лопэ дэ Вегі).
Віктар Бажэнаў сыграў шмат роляў класічнага рэпертуару: Тасіла, Раджамі, Антал Браш («Марыца», «Баядэра», «Д'ябальскі наезнік» І. Кальмана), Расільён, Арман («Вясёлая ўдава», «Фраскіта» Ф. Легара), Айзенштайн, Аманай («Лятучая мыш», «Цыганскі барон» І. Штрауса).
У 1979 г. у тэатры была пастаўлена першая беларуская аперэта для дзяцей «Сцяпан – вялікі пан» Ю. Семянякі. Спектакль вабіў выразнасцю і адначасова прастатой музыкі, якая нагадвала лепшыя песні кампазітара. Асноўная ідэя твора – братэрства людзей і жывёл. Крытыка адзначыла выразнае, майстарскае выкананне галоўнай партыі Сцяпана В. Бажэнавым, які арганічна спалучаў цудоўнае спяванне з выразнай акцёрскай ігрой. Дзіцячая аўдыторыя ўспрымала спектакль з захапленнем.
За некалькі дзён да пачатку 1980 г. адбылася прэм'ера «Несцеркі» кампазітара Р. Суруса. На працягу дзесяцігоддзя спектакль знаходзіўся ў нацыянальным рэпертуары тэатра. Цудоўным выканаўцам партыі Несцеркі доўгі час быў К. Лосеў, потым яна перайшла да Віктара Бажэнава, які стварыў пераканаўчы вобраз народнага героя, абаяльнага чалавека, змагара за справядлівасць.
У 1991 г. на музычна-камедыйнай сцэне нарадзіўся новы нацыянальны твор – спектакль «Калі заспявае певень» А. Чыркуна. Гэта была работа, стылізаваная «пад даўніну», з падкрэслена народным камедыйна-бытавым сюжэтам, пра які сведчыў і падзагаловак – «народная музычная камедыя». Драматургічная аснова была насычана народнымі прыказкамі і прымаўкамі, напоўнена забаўнымі, анекдатычнымі сітуацыямі. Віктар Бажэнаў удала ўвасобіў свайго персанажа Таўкачыка.
Сярод роляў Віктара Бажэнава ў творах сучасных аўтараў: Фрэдзі («Мая цудоўная лэдзі» Ф. Лоу), Гары Трэвар, Баптыста («Цалуй мяне, Кэт!» К. Портэра), Мяндоса («Даратэя» Ц. Хрэннікава), Мікола («Бабскі бунт» Я. Пцічкіна), Гаспадар шынка і Цэзар Галь («Вольны вецер» І. Дунаеўскага) і шэраг іншых.
Творчасць Віктара Пятровіча Бажэнава была адзначана дзяржавай: у 2002 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».
22 студзеня 2006 г. у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры адбылася пастаноўка камічнай оперы Ц. Хрэннікава «Даратэя», прысвечаная 65-гадоваму юбілею В.П. Бажэнава.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.