Дата рождения: 13.09.1961
Краткая справка: рэжысёр тэатра, галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат тэатральнай прэміі імя Л. Мазалеўскай (1994) і многіх міжнародных фестываляў тэатраў лялек, уладальнік прыза Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі "Крыштальны анёлак" (2007)
Имена на других языках: Жюгжда Олег Олегович (русский);
Алег Алегавіч Жугжда нарадзіўся ў Вільнюсе. У 1983 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў), у 1990 г. – Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі імя М.К. Чаркасава (цяпер Санкт-Пецярбургская дзяржаўная акадэмія тэатральнага мастацтва).
Да 1987 г. Алег Жугжда працаваў артыстам, потым пачалася яго рэжысёрская дзейнасць. За гэты час ён паспеў стварыць вялікую колькасць цікавых спектакляў у тэатрах лялек Мінска, Магілёва, Брэста, Гродна. У 2002 г. рэжысёр быў запрошаны на пасаду мастацкага кіраўніка Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. У 2004 г. ён вярнуўся ў Гродзенскі абласны тэатр лялек і зараз працуе ў ім.
Сярод пастановак А. Жугжды ў Магілёўскім абласным тэатры лялек – «Маленькі прынц» паводле А. Сэнт-Экзюперы (1986, рэжысёрскі дэбют), «Рыгорка – Ясная зорка» А. Вярцінскага (1990), «Зязюлька» У. Граўцова (1993); у Брэсцкім абласным тэатры лялек – «Тры казкі папугая» (аўтар А. Жугжда, 1991), «Плыт мерцвякоў» Х. Мюлера (1992); у Беларускім тэатры «Лялька» – «Загубленая душа, альбо Пакаранне грэшніка» У. Граўцова паводле Я. Баршчэўскага (1993); у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек – «Прыгоды алавянага салдаціка, пастушкі і камінара» (1996) і «Русалачка» (1998; аўтар А. Жугжда) паводле Х.К. Андэрсэна, народная казка «Марозка» (2008); у Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» – «Дзікія лебедзі» (аўтар А. Жугжда; 1994) паводле Х.К. Андэрсэна, «Казкі з куфэрка» (аўтар А. Жугжда, 1996).
У Гродзенскім абласным тэатры лялек Алег Жугжда паставіў спектаклі «Кузуркіяна» (музыка П. Кандрусевіча, лібрэта С. Клімковіч, 1993), «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра (2001), «Паэма без слоў» Я. Купалы (2002) і інш.
У Магілёўскім абласным драматычным тэатры рэжысёр паставіў спектаклі «Турандот» К. Гоцы (2001), «Сёстры Псіхеі» С. Кавалёва (2002), «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра (2011) і інш.
Алег Жугжда займае ў тэатральным жыцці асаблівае, вызначанае ўласным талентам месца: поспех, павага, захапленне, цікавасць да пастановак спадарожнічаюць яму паўсюль і пастаянна. Жугжда – чалавек-тэатр з незвычайнай харызмай, рамантычны і ўзнёслы летуценнік, драматычны інтэрпрэтатар. Разважаючы пра свае адносіны да мастацтва, рэжысёр адзначае: «Я – частка тэатра, тэатр – частка мяне». Пры стварэнні вобразаў спектакля ён надзвычай выразна ўяўляе ўсю яго «карцінку»: рух, эмоцыі, музыку, колер. У творчым почырку рэжысёра пераважае эмпірычны пачатак: гледачы павінны плакаць і смяяцца, інакш спектакль не атрымаецца.
Сярод створаных Алегам Жугждам спектакляў сапраўдным шэдэўрам стала казка «Чароўнае люстэрка», пастаўленая аўтарам на сцэне Гродзенскага абласнога тэатра лялек у 2000 г. Акцёры выконвалі свае ролі яскрава і разам з тым тактоўна і далікатна. Чароўную, казачную атмасферу надалі спектаклю касцюмы і дэкарацыі галоўнага мастака тэатра Л. Мікінай.
Крыху раней спектакль Гродзенскага тэатра лялек «Трагедыя пра Макбета» У. Шэкспіра з поспехам прайшоў на тэатральным фестывалі ў Торуні (Польшча). На VIII Міжнародным фестывалі тэатральнага мастацтва ў Празе ў 2004 г. Алег Жугжда атрымаў дыплом «За лепшую рэжысуру» гэтага спектакля.
У 2000 г. тэатр выступіў на фестывалі ў Ужгарадзе (Украіна) cа спектаклем «Неверагодны ілюзіон» Жугжды, на якім атрымаў дыплом фестывалю і спецыяльны прыз. Дарэчы, рэжысёр быў адзначаны прызам «За міжнароднае творчае супрацоўніцтва» – яго спектаклі на фэсце з поспехам прадставілі тры краіны: Беларусь, Украіна і Балгарыя.
У 2000 г. Алег Жугжда ажыццявіў пастаноўку спектакля «Трышчан ды Іжота» па п’есе С. Кавалёва на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Сусветна вядомая легенда пра Трыстана ды Ізольду, першыя згадкі пра якую датуюцца XI–XIII cтст., узнікла ў Шатландыі на аснове кельцкага эпасу і стала асновай для мноства апрацовак у еўрапейскіх літаратурах. Першая беларуская версія «Аповесці пра Трышчана» была зроблена невядомым аўтарам яшчэ ў XVI cт. і мела сваю пэўную зместавую адметнасць: падзеі завяршаліся прыездам Ізольды да хворага Трыстана. Спроба стварэння сучаснай версіі твора належыць беларускаму драматургу С. Кавалёву, які ў п’есе «Трышчан, альбо Блазны на пахаванні» даволі смела спалучыў элементы светаўспрыняцця сучаснага чалавека з поглядамі чалавека эпохі барока.
Алег Жугжда ў гэтым спектаклі выступіў і ў ролі мастака. Дзякуючы яго мастацкаму афармленню кожнае слова спектакля набывае не прамы, а асацыятыўны сэнс, утвараецца новае асяроддзе, у якім рамантычны пафас змяняецца стыхіяй гульні, канфлікт – саперніцтвам тэатральных масак. Праз гульню спектакль дае магчымасць адчуць, што каштоўнасць нашага жыцця заключаецца ў працэсе чалавечых зносін.
У Гродзенскім абласным драматычным тэатры Алег Жугжда ажыццявіў пастаноўку п’есы С. Кавалёва «Навука кахання» (2001). Твор заснаваны на рэальных гістарычных фактах і распавядае пра апошні перыяд жыцця Францішкі Уршулі Радзівіл – першай беларускай жанчыны-драматурга. Пастаноўка аднаўляе няўлоўна-чароўную атмасферу аматарскага тэатра XVIII cт. з яго схільнасцю да рамантычнай прыўзнятасці і пастаральнага прымітывізму.
У 2004 г. падчас Міжнароднага дня тэатра ў Гродне прайшла прэм’ера оперы-буф «Чырвоны Каптурык» паводле аднайменнай казкі Ш. Перо (кампазітар П. Кандрусевіч) – сумесны праект Гродзенскага абласнога тэатра лялек і Гродзенскай капэлы. Опера ўзнімае і раскрывае спрадвечныя катэгорыі: дабро – зло, гумар – сум... Аўтар лібрэта, рэжысёр-пастаноўшчык спектакля, харэограф і адзін з выканаўцаў ролі Маркіза дэ Ваўка – Алег Жугжда.
16 сакавіка 2007 г. у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Вольга» па п’есе фінскага аўтара Л. Руахонен у пастаноўцы А. Жугжды. Твор закранае тэму кахання адзінокай немаладой жанчыны да маладога чалавека. Гэта каханне выратоўвае іх у халодным, бездухоўным і хаатычным свеце: некалькі дзён жыцця сталі галоўнай падзеяй у іх лёсе, падарылі пакуты немагчымага кахання і радасць чалавечага шчасця перад непазбежным расставаннем.
У верасні 2011 г. Гродзенскі абласны тэатр лялек прымаў удзел у XIII Міжнародным фестывалі тэатраў лялек «Разанскія агледзіны» (г. Разань, Расія), які больш за 20 гадоў збірае лялечнікаў з краін блізкага і далёкага замежжа. Спектакль Алега Жугжды «Пікавая дама», створаны па матывах аповесці А. Пушкіна і оперы П. Чайкоўскага, атрымаў прызнанне як прафесіяналаў, так і глядацкай аўдыторыі і прайшоў пры «перааншлагу»: публіка размясцілася на прыступках, ля сцэны, у праходах, многія засталіся ў фае.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 2011 г. Алег Алегавіч Жугжда ўзнагароджаны медалём Ф. Скарыны. У сакавіку 2007 г. ён атрымаў прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальны анёлак». У 1994 г. рэжысёр стаў уладальнікам прэміі імя Л. Мазалеўскай.
Сёння Алег Жугжда працягвае сваю творчую працу ў Гродзенскім абласным тэатры лялек.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.