Ціхан Аляксеевіч Кандрашоў зрабіў адметны ўклад у творчае развіццё Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Нарадзіўся ён у г. Днепрапятроўску (Украіна). У 1948 г. скончыў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве. Працаваў акцёрам і рэжысёрам у тэатрах Расіі. У 1958 г. Ц. Кандрашову было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі. У аснове яго акцёрскай і рэжысёрскай працы ляжалі галоўныя прынцыпы сістэмы К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі. Асабліва ярка гэта выявілася ў спектаклях, пастаўленых у Беларусі, куды Ц. Кандрашоў быў запрошаны ў 1969 г. Да 1973 г. ён працаваў галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра.
Спрэчным, але цікавым атрымаўся яго спектакль «Апошняя ахвяра» па п’есе А. Астроўскага, пастаўлены ў 1969 г. Тэатр меў значныя традыцыі ў асваенні спадчыны гэтага драматурга. У пастаноўцы Ц. Кандрашова выявілася імкненне рэжысёра па-новаму прачытаць адзін з лепшых яго твораў. Аўтар паказаў, што жыццё, учынкі і справы ўсіх герояў цалкам падпарадкаваны ўладзе грошай. Рэжысёр прыняў гэту пазіцыю, але інтэрпрэтаваў яе па-свойму. З аднаго боку, ён імкнуўся ўзмацніць тэму ўлады грошай над чалавекам, паказваючы тое асяроддзе, у якім жыве галоўная гераіня Юлія Тугіна. Для гэтага выкарыстоўваліся сродкі сатыры, гіпербала. З другога боку, Ц. Кандрашоў палічыў магчымым не падкрэсліваць купецкую псіхалогію жанчыны, а засяродзіць сваю ўвагу на іншым – на сутыкненні ў ёй процілеглых маральных прынцыпаў: годнасці і прадажнасці, гонару і здрадніцтва, чалавечнасці і жорсткасці. Каб ярчэй, кантрасней адцяніць гэта сутыкненне дабра і зла, рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі Л. Давідовіч адышлі ад традыцыйнага вытлумачэння вобраза купецкай удавы, імкнуліся сцвердзіць высокую ідэю дыскрэдытацыі зла ў шырокім, грамадскім плане і перамогі дабрачыннасці.
Значнай работай купалаўцаў з'явілася пастаноўка Ц. Кандрашовым у 1970 г. сатырычнай камедыі М. Матукоўскага «Амністыя». Драматург зрабіў удалую спробу закляйміць сучасны тып прыстасаванца «з рабочых», які адкрыта здзекаваўся з сумленных працаўнікоў, карыстаючыся іх дабратой і гуманнасцю законаў. Гледачы з вялікай увагай сачылі за падзеямі, бо паказваліся тыя адмоўныя з'явы, якія не аднойчы рашуча асуджаліся грамадскасцю, але працягвалі існаваць у жыцці. Спектакль атрымаўся лёгкі, вясёлы, часам нават гарэзлівы, амаль вадэвільны, але гэта было своеасаблівым прыёмам, разлічаным на кантраснае выяўленне сур'ёзнага зместу.
У першай палавіне 1970-х гг. у рэпертуары тэатра з’явіўся спектакль «Залатая карэта» па п’есе Л. Лявонава. Далучэнне рэжысёра да складанай лявонаўскай драматургіі, спасціжэнне тых жыццёвых выпрабаванняў, праз якія праходзілі героі «Залатой карэты», рабілі пастаноўку карыснай як для тэатра, так і для гледача. У 1972 г. Ц. Кандрашоў паставіў спектакль «У ноч зацьмення месяца» па п’есе башкірскага пісьменніка М. Карыма, у якім гучала светлая вера ў чалавека, услаўлялася яго веліч, здольнасць пераадолець любыя цяжкасці і выпрабаванні. Гэта тэма стала лейтматывам вобразаў галоўных персанажаў, якія супрацьстаялі змрочнай сіле сваёй мужнасцю, нязломнай сілай духа. Выканаўцы перадалі ўзнёслую паэтычнасць, свежасць і непасрэднасць першага пачуцця, раскрылі моцную волю закаханых людзей. Непахісныя ў сваёй рашучасці, іх героі адправіліся ў небяспечны шлях выгнання, не жадаючы скарыцца ўладзе жорсткіх традыцый і законаў.
Спектаклі Ц. Кандрашова, пастаўленыя на беларускай сцэне, вызначаліся высокім прафесіяналізмам, пераканаўчым псіхалагічным асэнсаваннем і раскрыццём ідэйнай задумкі твораў, шматграннымі сцэнічнымі характарамі, імкненнем да зладжанасці акцёрскага ансамбля.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.